Мой дом (1946)/Лясам Беларусі
← У лесе | Мой дом Лясам Беларусі Аўтар: Якуб Колас |
Пасля навальніцы → |
ЛЯСАМ БЕЛАРУСІ
Прысвечан П. К. Панамарэнка
З маленства люблю я лясы,
Іх сцішаны голас і шум патаёмны,
І пушчы глухія, а ў іх бураломы,
Дзе віхры гудзелі пад гулкія громы
Ды слалі дажджоў абрусы.
Вучыў мяне лес пазнаваць
Прыгожства, суладнасць і чары прыроды,
Дзе птаства спраўляе штогод хараводы,
Дзе тояць крыніцы празрыстыя воды
Для рэчак, каб край умываць.
Ой, лес, беларускі наш лес!
Я песень за век свой злажыў табе многа,
У свет праз цябе мне ляжала дарога,
Ты песціў юнацкасць, і цешыць старога
Сягоння твой полаг-навес.
Ад сэрца табе я скажу —
Прымі-ж ты падзяку за ўсе твае дары:
За ціхія думкі, за ясныя мары,
Што ты навяваў мне ў імшыстым гушчары,
Зганяючы з сэрца імжу.
І людзі вам скажуць, лясы:
У мірныя часы і ў часы ліхія
Кармілі, тулілі нас гмахі лясныя,
І хаты мы бралі з лясоў дзервяныя,
І мёд нам даюць верасы.
Акіну-ж я вокам свой край -
Прайшлі над ім буры, крывавыя грозы,
Дубы на дол палі, як ніцыя лозы,
Пайшлі пад сякеры і граб і бярозы.
Што знікла ў агні — не пытай.
На раны пабіта зямля,
Дзе смерць, бы касец той, прайшлася з касою,
Умыла дарогі смяртэльнай расою,
На долы шырокай лягла паласою,
Патрэсла лясы да камля.
Эх, родныя пушчы, бары!
Як вы парадзелі і звузілі колы!
І колькі ў вас плешын, асмаленых, голых,
Дзе вецер, вандроўнік жартлівы, вясёлы,
Высвіствае спеў свой стары.
Падходзіць вам час адпачыць,
Акрыцца адзежынай свежаю, новай,
І меней чуць, бачыць сякер, піл сталёвых,
Што поўнілі звонам гушчары, дубровы,
Бо ў іх ваша гора гучыць.
Я-ж мару цяпер аб адным:
Зямля — невычэрпнага скарбу крыніца,
На цэглу дасць гліны і для чарапіцы!
Мы з іх пабудуем дамы-камяніцы
На змену будынкам старым.
А вас, нашы пушчы, бары,
Ахоўваць мы будзем за ўсе вашы дары,
Засадзім лясамі пяскі і выжары,
Дзе плехі рабілі сякеры, пажары
Суровай ваеннай пары.
Няхай адпачынуць лясы,
Разгорнуць шырока зялёныя крылы
Ды зноў назбіраюць той мудрае сілы,
Што здавен ашчадна тулілі край мілы,
Багаты і поўны красы.
1945 г.