Мой дом (1946)/Топаль

(Пасля перасылкі з Мой дом/Топаль)
На руінах прошласці Мой дом
Топаль
Аўтар: Якуб Колас
Змест

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПЕРАЛЁТАХ

М. Д. М.

Наведаў я той дом, даўно знаёмы,
Дзе мы з табой бывалі ўжо не раз,
Дзе хвой шатры, як волатаў шаломы,
Нас вабілі з дарогі на папас.

Гадалі так, а выйшлася іначай,
І гора, ты, пакут зазнала шмат.
Аб доме тым ніхто з нас не заплача,
Ты-ж з горыччу аглянешся назад.

Пустуе наш пакой асірацелы,
І мой партрэт, не зняты са сцяны,
Глядзіць, нібы ў пахмеллі спармурнелы,
Разгублена пытае — дзе-ж яны?

І выраб мой дасужае мінуты,
Рагаты сук пад напісам «Чымган»,
Прыродаю так вычварна загнуты,
Гадае там пра родны Казахстан.

Валяюцца, як смецце, пацяробкі,
Забытыя драбніцы на стале:
Акуркі ў попельцы, пяро, каробкі
І чорцікі, скалечаныя ў шкле.

І ложак наш, у холадзе застылы,
На ўсю сцяну стаіць, як саркафаг,
І слой густы драбнюсенькага пылу
Спакойненька паслаўся ў галавах.

Курэў так-сяк агоньчык цьмяны быту,
Ды час прайшоў, агоньчык наш пагас.
Яшчэ этап вандроўніцтва пазбыты,
І кончыўся часовы наш папас.

Чакае нас у роднай Беларусі
Разбураны ды мілы наш куток.
Ачуньвай-жа, мой добры друг Маруся -
І родны край і дом наш недалёк.

27/XII — 1944 г.