Мой дом (1946)/У сухмень

(Пасля перасылкі з Мой дом/У сухмень)
Пасля зімы Мой дом
У сухмень
Аўтар: Якуб Колас
Усход сонца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У СУХМЕНЬ

Злегла воўнаю густою
Цемра ночы над зямлёю.
Цішыня. Цяплынь.
Скрозь прагалы хмар кашлатых
Зораць зоры, як дзяўчаты,
З цьмяных далячынь.
Лес стаіўся нерухома,
Нібы ловіць голас грому
З тых далёкіх хмар.
Дзесь гуляюць бліскавіцы,
Цемру гушкаюць зарніцы,
Родзяць слодыч мар.
І зямля заціхла нема,
У турбоце яе дрэма.
Эх, каб дожджык ёй!
Нібы ў тон яе журботам
Пад застрэшкай, каля плоту,
Пчол гамоніць рой
Ды так ціха, ды так глуха!
У тым гудзе чуваць скруха
Ці то жаль зямлі.
Дзесь цвіркун бесперастанку
Цягне сумню спяванку
У густым галлі,
Ды ўстрывожана пташына

Па-над рэчкай у нізіне
Свісне, бы ў кларнет.
Праплыве гук баязліва
Па-над лугам, па-над нівай
У знямелы свет, -
Ды зноў ціха-ціха стане.
Ночка ў чорным сарафане
Робіць свой абход,
Расчыніўшы акяніцы
Ясным зорам і зарніцам,
Люстру ціхіх вод...
Хмары ходзяць і знікаюць,
А зарніцы ўсё бліскаюць,
Аж трасецца цьма.
А зямля глядзіць гаротна
На бясплодныя палотны -
Не — дажджу няма!

15/IX-1938 г.