Нарысы гісторыі беларускай літаратуры (1928)/Эпоха распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі/Драматычныя творы Дуніна-Марцінкевіча

Асноўныя соц.-экон. і культурна-гістарычныя перадумовы беларускай літаратуры эпохі распаду і ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі Драматычныя творы Дуніна-Марцінкевіча
Манаграфія
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
1928 год
Францішак Багушэвіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДРАМАТЫЧНЫЯ ТВОРЫ ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

Літаратурная дзейнасьць Дуніна-Марцінкевіча, якая пачалася ў 40 г. і скончылася ў 70 гадох мінулага сталецьця, належыць да дзьвюх соцыяльных эпох: вершаваныя апавяданьні яго зьявіліся ў эпоху прыгоннай гаспадаркі, драматычныя творы, апроч "Сялянкі", напісаны ўжо ў пару ліквідацыі паншчыны. Розначасовасьць у соцыолёгічных адносінах знаходзіць сабе паралель і ў літаратурнай двоістасьці творчасьці Марцінкевіча; калі яго апавяданьні зьяўляюцца тыповымі сантымэнтальнымі творамі, то творы драматычныя носяць на сабе больш выразную пячатку рэалістычнай манеры.

Такімі драматычнымі творамі зьяўляюцца ў Дуніна-Марцінкевіча: "Пінская шляхта" і "Залёты".

„Пінская шляхта" ўяўляе сабой аднаактавую невялічкую комедыю; напісана яна ў 1866 г., а ў друку зьявілася толькі ў 1918 г. (пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка). Комэдыя распрацоўвае вельмі пашыраны мотыў аб тым, як дзеці любяцца ў той час, калі бацькі сварацца паміж сабою. У самой экспозыцыі твору ўказваецца завязка інтрыгі і адначасна ўжо намячаецца і шчасьлівая разьвязка яе. Гэроіня Марыся тут так скардзіцца на свой лёс: "Ой бедныя-ж нашы галованькі. Што-ж гэта за дур напаў на бацькоў. П'яныя завязаліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоньня прыедзе ў ваколіцу найясьнейшая карона[1] на прасоку. У ім цэлае наша спасеньне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў, ды каб яны дазволілі нам жаніцца".

Аўтар, такім чынам, адразу ўводзіць нас іn medіas res, у самую сутнасьць дзеяньня. Сапраўды падзеі так і адбываюцца, як указвае Марыся: прыяжджае прыстаў Кручкоў, судзіць шляхцічаў, яны мірацца паміж сабою і даюць згоду на жаніцьбу дзяцей.

Сюжет п'есы не вызначаецца орыгінальнасьцю, ён вельмі зьбіты, але ня гледзячы на гэта комедыя мае свае вартасьці: яна досыць сцэнічна, мае ў сабе шмат гумару. Асабліва забаўнай зьяўляецца тут фігура старога дзявошніка Кутаргі, які, дажываючы ўжо шосты дзесятак, робіць залëты да семнаццацілетняй Марысі, мае замер жаніцца на ёй, і наконт будучыні пацяшае сябе рознымі прыпеўкамі, як, напр.,

Хто на старасьць парыскуе,
Той хоць, часам, бяду чуе.
А пры маладзенькай жонцы,
Пры руплівай гаспадарцы
Быць філезофам - то значыць:
Ня бач, што ня трэба бачыць...

На фоне романічнай інтрыгі добра паказана жыцьцё ваколічнай шляхты, яе ганарлівасьць, заўзятасьць, цемната і г. д. Апроч таго, ёсьць тут часткаю і грамадзкія мотывы. Аўтар добра выкпівае хабарніцтва маскоўскіх чыноўнікаў. Учынкі прыстава, які бярэ з усіх, і з вінных і з нявінных, уваскрашаюць перад намі стары рэжым з яго прыгнечаньнем асобы, бюрократычным свавольствам і нястрыманым драпежніцтвам урадоўцаў. У абмалёўцы суду, калі назначаецца кара ня толькі вінным, але нават і "всей прочай шляхце, каторая ня відзела дракі, за то, што ня відзела", адчуваецца выразны ўхіл у бок шаржу, але пад знадворнай абалонкай шаржу захованы тут і некаторы элемэнт грамадзкай сатыры. На правялікі жаль, шляхетнасьць і самы характар твору перашкодзілі Дуніну-Марцінкевічу паглыбіць гэты сатырычны элемэнт. У яго няма сапраўднага абурэньня супроць зла, сатыра вытрымана ва "усьмешлівым" (улыбацельным) духу XVІІІ сталецьця. Яна прадстаўляе сабой добрадушныя кпіны аўтара над шляхтай і судом. Адмоўныя бакі грамадзкага ладу тут бяруцца толькі як прадмет лёгкага жарту, яны служаць толькі повадам пазабавіць і пасьмяшыць гледача, а ня выклікаць у яго настрой барацьбы са злом.

Далей бытавога прымітыву не пайшоў Дунін-Марцінкевіч і ў сваім другім драматычным творы. Комэдыя "Залёты" не вызначаецца цэльнасьцю. Сюжэт яе абхапляе дзьве любоўныя інтрыгі. Арандатар Антон Сабковіч імкнецца пабрацца з дачкой судзьдзі Сакальніцкага, Адэляй, але маршалак Мачціўскі раскрывае агідную прошласьць Сабковіча, і матрымоніальныя пляны яго церпяць няўдачу. Паралельна разьвіваецца і другая любоўная інтрыга. Парабак Пятрук кахае дзяўчыну Марылю з сям'і Гапона Барычкі, сустракае спачатку з боку бацькоў яе перашкоды, але пасьля таго, як ён дапамог адшукаць ім украдзенага каня, справа канчаецца шчасьлівай разьвязкай.

Драматычнай барацьбы, ва ўласным сэнсе слова, у творы няма. Слаба намячаецца тут толькі некаторае проціпастаўленьне старэйшага і малодшага пакаленьня. Сям'я судзьдзі Сакальніцкага - гэта старасьвецкая сям'я, у якой пануе дамастроеўскі лад жыцьця, ў якой ня лічацца з запатрабаваньнямі сэрца. Адэлю хочуць сілком выдаць за Сабковіча, ня пытаючы яе згоды. Поўную адпаведнасьць гэтаму прадстаўляе сям'я Гапона Барычкі, дзе таксама пануюць інтрыгі, імкненьне да нажывы, пагоня за багацьцем. У п'есе некалькі выказваецца мізантропічны настрой аўтара: ён як-бы хоча сказаць, што адна соцыяльная кляса, шляхецкая, варта другой, сялянскай - і тут і там пануе пакланеньне залатому цяльцу.

Але, як паказвае пісьменьнік, сталы лад жыцьця, які грунтаваўся на дамастроеўскіх прынцыпах, пачынае ўжо ў той час разбурацца. У малодшага пакаленьня ўжо пачынала абуджацца асоба, жаданьне жыць пасвойму, а не па старасьветчыне. Адэля крыху романтычная дзяўчына, якая з засмучэньнем гаворыць аб хутка праляцеўшых, салодкіх, залатых снох маладога уяўленьня"; адначасна яна жадае да некаторай ступені сваю волю проціпаставіць і бацькоў; пляны апошніх - выдаць яе замуж за Сабковіча - выклікаюць у ёй абурэньне: "гэтакім парадкам без мяне і маëй згоды на гэта, - кажа яна, - распараджаюцца маёй будучынай... Не, так ня будзе..." - дадае яна, топнуўшы нагой. Гэтак сама і Марыля Барычка выяўляе сваё "я"; яна не згаджаецца з замерам сваіх бацькоў выдаць яе замуж за багатага, але нялюбага яе сэрцу, старога Апанаса і, сьпяваючы з сваім каханым Пятруком дуэт, паміж іншым, абменьваецца з ім аднолькавымі думкамі. У адказ на словы Пятрука: "пераможам бацькоў дур, дый зажывом цераз чур", і яна сьпявае:

Як бацькі захочуць мусіць,
Я ні стану вельмі трусіць,
Загалашу са ўсіх сіл -
Апанас то мне ні міл.

Асоба дзяцей, такім чынам, крыху абуджана, яна пачынае ўжо вызваляцца з-пад сямейнага ўціску, але гэта абуджэньне яшчэ ня досыць моцнае; мы ня бачым тут контрдзеі, неабходнай у кожным сапраўды драматычным творы. У п'есе Марцінкевіча не характары разьвязваюць справу, а чысты выпадак. Шчасьце Адэлі ўладжвае маршалак. Гэты тыповы рэзонëр у духу комэдый XVIII ст. зьяўляецца добрым геніем сям'і Сакальніцкіх. Шчасьце Марылі гэтак сама куецца ў залежнасьці ад выпадку. Такім чынам, разьвязка у п'еce не выцякае з характараў дзеючых асоб; яна пабудавана выключна на надворных падзеях. "Залёты" - тыповая комедыя інтрыгі, а не комедыя характараў.

Вартасьць яе можна угледзець у некаторым соцыяльным зьмесьце. У той час, як у "Пінскай шляхце" сувязь з соцыяльна-політычнай дзейснасьцю эпохі слаба намячаецца толькі у некаторых карыкатурна-сатырычных намёках на бюрократычнае свавольства царскіх урадоўцаў, у "Залётах" гэта сувязь выступае больш выразна. Папершае, прадстаўлены ў п'есе індывідуалізм дзяцей, які пачаў абуджацца, уяўляе сабой характарную адзнаку эпохі ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі, калі пад уплывам мацнеўшага капіталізму адбываўся распад патрыархальных асноў жыцьця наогул і патрыархальнай сям'і паасобку. На Беларусі, з прычыны слабога разьвіцьця у нас прамысловасьці, гэты распад адбываўся больш павольна, чым у іншых краінах; адсюль і ў Дуніна-Марцінкевіча мы знаходзім ня досыць выразныя адзнакі яго: намечана толькі слабая опозыцыя дзяцей дэспотызму патрыархальнай сям'і, але няма яшчэ рашучай барацьбы з гэтым деспотызмам... Асабліва яскравы продукт эпохі прадстаўляе сабой цэнтральная у комедыі фігура Сабковіча. Гэта - выхадзец з соцыяльных нізоў; маршалак характарызуе яго, як чалавека невядомага роду; усяго дваццаць год таму назад ён пасьвіў яшчэ быдла ў сваякоў, але потым усякімі крыўдамі і няпраўдамі ён набывае сабе багацьце і пралязае ў паны, дабіваецца ўжо шлюбу з дачкой радавітага шляхціца, патрабуе, каб называлі яго ясным панам. Па складу сваёй псыхікі Сабковіч аморальны тып: ён ашуканец, ня грэбуе нават крадзеным. Галоўны сродак здабываньня ім багацьця - гэта эксплёатацыя працы. Ён эксплëатуе беднага рамесьніка Мордку, забраўшы ў яго задатак у 6 рублёў і пасьля гэтага паставіўшы яму цяжэйшыя ўмовы працы. Агіднай зьяўляецца сцэна яго разьлічэньня з служанкай Марысяй: Марыся просіць выдаць ёй 18 рублёў умоўленай платы за год, але Сабковіч пачаў вылічаць ёй розныя штрафы; налічыў усяго 18 р. 60 к.; выходзіла, такім чынам, што служанка у дадатак да сваёй дармовай службы павінна была яшчэ даплаціць 60 кап.; - але тут Сабковіч выяўляе сваю "панскую ласку": "Я, маючы на ўвазе тваю шчырую службу, дарую табе гэтыя шесьцьдзесят капеек", кажа ён.

Вобраз Сабковіча знайшоў сабе суровую ацэнку ў артыкуле Янкі Купалы, які зьмешчан у Нашай Ніве" (1915 г., № 5). Вобраз, намалёваны Дуніным-Марцінкевічам, не здавальняе крытыка: Сабковіч - чалавек з народу і абрысованы такімі чорнымі фарбамі; крытыку жадалася-6 лепш бачыць на сцэне дарабковічаў духа. Мы павінны згадзіцца, што ў вобразе Сабковіча дана некаторае згушчэньне фарбаў, але па сваіх асноўных рысах гэты вобраз - рэальны тып свайго часу. "Насоўвалася на Расію нешта новае, грознае: прамысловы лад, які набыў на першых часох выключную форму драпежніцтва". Тып кулака-драпежніка знаходзіць сабе адбітак і ў тагачаснай расійскай творчасьці Шчадрына, Глеба Усьпенскага, Некрасава ды інш., якія абмалёўваюць Чумазага, Калупаевых і Разуваевых. У беларускай літаратуры гэты тып у асноўных сваіх рысах досыць добра схоплены Дуніным-Марцінкевічам.

Драматычныя творы пісьменьніка, такім чынам, маюць пэўную соцыолёгічную каштоўнасьць: яны зьвязаны з політычна-соцыяльнай дзейснасьцю эпохі ліквідацыі прыгоннай гаспадаркі.



  1. Станавы прыстаў.