Начэпнасьць

(Пасля перасылкі з Начэпнасць)
Начэпнасьць
Проза
Аўтар: Ян Баршчэўскі
1917 год
Пераклад: Янка Станкевіч
У кнігу ўваходзіць казка з «Шляхціца Завальні, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускіе легенды.


Кніжка першая.


Начэпнасьць.


З Я. Баршчэўскаго перакл. і выдаў Янка Станкевіч.



Друкарня «Гоман». Вільня, 1917 году.




Помню, жыў у нашай вёсцы мужык Антон. Меў ён добрую гаспадарку, беднасьці не знаў, але ня меў дзяцей, дык прыняў дзіця німа ведама якіх быцькоў. Малога ахрысьцілі і назвалі Васілём. Антон гадаваў яго, як свайго роднаго. Дзяцючок падросшы ганяў у поле. Ен быў вялікі лянуцька і дуронік; заўсёды скардзюцца на яго: або каровы пусьціць у збожжэ, або іншаго каменям вытне. Ідуць на скаргі да Антона, але Антон любіў яго, і калі яму казалі, ён якбы ня чуў, патураў яму у ва ўсім, а той рос на лес глеідзючы.

Было гэта пасьля Петра. Пайшло раз нальле[1] на прыгон, і Васіля с хаты паслалі на работу. Ен, як звычайна, с кожным чапаўся, ні аб кім добраго слова не сказаў. Было вельмі горача; войт загадаў пакласьці косы і закусіць, хто чым меў, бо быў ужо полудзень і час супачыўку. Дык сеўшы на муражку зюкалі[2] і сілкаваліся, ажно глядзяць: адзін работнік, што адышоўся крышку ад нас, стоючы ля гаю, махае рукой і клічэ да сябе, крычучы: «Хутчэй, хутчэй! хадзеця сюды, пакажу вам дзіва!»

Бяжым ўсе туды, работнік, паказаваючы рукой на блізкіе бары, «глядзеця, што дзеіцца!» сказаў, і мы бачылі перад сабой нозразумелыя дзівосы. Лясьнік ідзе борам, галава вышэй хвояў, а перад ім выбегаюць на поле вялізные стады вавёрак, зайцоў, дзікіх коз і іншаго зьвер’я; у паветры адлятаюць стады цецярукоў, курапатак і другіх птушак. Лясьнік выходзіць з лесу, меншае, робіцца маленкім і як га с поля і пожняў узняліся матыле і іншые авадні і бытцым чорная хмара засьцілаюць нашые ваколіцы.

Васіль начэпны чэлавек; схапіў камень на полі, падбегае да яго с каменем, крычучы: «згінь, прападзі!» Лясьнік крыкнуў страшэнным голасам, што ажно лісьцё пасыпалося з дрэў, падняўся з травы, быццам чорная вялізная птушка і, шумячы крыльлямі, схаваўся за лесам. Нам стала ворашна[3], глядзём усе на Васіля, дзівуючыся з яго адвагі, а ён, хвалючыся з свае гэтае работы, сьмеяўся, аж зайходзіўся. Быў міжы нас адзін дазнаны[4] чэлавек, ён сказаў: чуў я ад старшых людзей, што за гэткую начэпнасьць бываюць беды; згараць тут лясы і гаі, будзе ўпадак на жывёлу, але і табе, Васілю, гэта безкаранна ня пройдзе.

— Што мне за дзела, адказаў Васіль, я рады, што чарту добра каменем трапіў — хай не выганяе з нашых лясоў птушак і зьверат.

Разышлася аб гэтым гуканіна па ўсёй ваколіцы. Іншые, падобные да Васіля, хвалілі яго адвагу, а ён усюды хваліўся сваімі паступкамі; але дазнаные людзі, што ляпей гэта разумелі, с пагардай слухалі хвальбы, і Антон, чэлавек ціхі, засмуціўся, як аб гэтым пачуў.

Другі паступак яшчэ быў страшнейшы: як спомню, дык ажно валасы на галаве тапурацца. Адзін раз так сама на прыгоне грабілі сена, дзень быў сьветлы і супаконы; з усходу сонца паказаліся аблокі і далёка, якбы пад зямлёй, загрымела. Як га бачым віхор ідзе, падымаючыся мінае нашую сенажаць. Раптам Васіль кідае граблі, бяжыць на поле, спатыкае віхра і, выцягаваючы да яго руку, крычыць: «Як маешся браце!» — і с пылу хтось падае яму чорную як вугаль, руку. Віхор, круцячыся, пайшоў далей па полі. Страх нас усіх агарнуў; вярнуўся Васіль, але ніхто да яго слова прагукаць ня сьмеў. Пазналі ўсе, што ён пасябраваў з благім духам.

С таго часу ніхто з ім гукаць не хацеў, усе баяліся, нават яго таварышы і тые уцікалі ад яго.

Даведаліся аб гэтым і пан з аканомам. Яны ня верылі гэтаму, і як раз у дварэ пан папытаўся самога Васіля, ці гэта праўда, што кажуць, Васіль адказаў: «Гэным дурным людзём заўсёды штось прысьніцца, абы малоць языком», і пан даў спакой.

Антон, добры чэлавек, стараўся яго паправіць, змушаў хадзіць да царквы і маліцца; ён сьмеяўся з усяго, усім грэбаваў і ішоў у карчму замест на набажэнства.

Напасьледак ён пастанавіў ажаніцца. Антон думаў, што добрая жонка і змена ў жыцьці паправіць яго. Пасылаў сватоў ня тыкеля[5] ў сваю, але і ў чужую воласьць; але ўсюды адказывалі, бо погаласка аб благіх яго звычаях далёка разышлася.

Васіль грэбаваў усімі і сьмеяўся з усяго, кажучы, што ён ужо даўно выбраў сабе жонку. Перш не хацеў аб гэтым гукаць, а цяпер кажэ ўсім, што любіць Алюту, дачку Арыны, і што абецаў з ёй жаніцца.

Пачуўшы аб гэтым, Антон быў вельмі знемарашчэны і радзіў яму даць супакой з Алютай, бо аб Арыні кажуць, што яна благая кабета і чараўніца, а яблык ад яблыны недалёка коціцца, дык мо’ і дачка будзе такой, але нічога не памагало і Васіль яшчэ часьцей стаў хадзіць да Арынавых.

Суседзі, гледзючы на гэту прывязьлівасьць да Алюты, адны сьмяючыся казалі: «Роўны роўнаго пазнаў, будзе дабраная пара». Другіе хвалілі, што Алюта будзе добрая жонка, што не ўдалася ў матку. Былі і такіе, каторые казалі, што любоў яго непраўдзівая, што яму дадзено нечаго выпіць і ён, хоць сябруе с чартом, напаў на лепшую і яго ачаравалі.

Антон доўга адраджаў яму жаніцца з Алютай, урэшці пастрашыў, што ня прыме ў хату і не паможэ сесьці на гаспадарку.

— Не прашу я нічыей помачы, адказаў Васіль, я дастану грошы. Гэткі апякун, як ты, мо’ сам прыдзе калі да мяне прасіць падмогі.

Антон пайшоў да кума Марціна. Гэта бый чэлавэк разумны і гаманкі, рады кожнаму парадзіць і памагчы, дзеля гэтаго яго ўся воласьць любіла. Ен абецаў умовіць Васіля кінуць Алюту.

Як пачуў Васіль ад апякуна, што ня будзе мець ніякае падмогі, пастанавіў шукаці скарбаў, хоцьбы яны былі заклятые, або ў чартоўскіх руках. Ад вёскі, ў каторай ён жыў, у адступі дзьвёх вёрст, быў узгорак ля дарогі, на ім ляжаў вялізны Вужоу Камень. Старые людзі гэтак аб ім расказывалі.

Раз, у летку, ў ціхую пагодлівую ноч ляцеў агнём шыбаючы вуж с поўначы на паўдня, як бы нясучы с сабой многа золата і срыбра грэшніку, каторы чарту душу запісаў. Бачылі гэта дарожнікі і нальле, ідучы с прыгону. Раптам адчынілося неба, сьветласьць вялікая разлілася, людзі молючыся валюцца на зямлю, а Вуж выцяты нябэснымі косамі[6] валіцца на ўзгорак і пераварачываецца ў камень. Скарбыж залота і срыбра, што нёс с сабой, тамжэ на месцы самі закапаліся ў зямлю і с таго часу з’яўляліся па розных месцох узгорка у розных пастацях. Адны бачылі плачку на камені, каторая выцірала сабе сьлёзы насаткай, палаючай агнём, другіе позна ідучы дарогай углядалі карлюкоў чорных і таўстых, як бочка; іншым з’яўляліся чорные казлы, каторые з зямлі скікалі на камень, а с каменя на зямлю, і шмат іншых дзівосаў.

Гукалі яшчэ, што калі хто асьмеліцца ля Вужова Каменя начаваці, той дастане гэные скарбы. Васіль быў адважны, не баяўся страхацьцёў, бо ўжо раз с чартом, што ехаў на віхры, прывітаўся як с сябром.

Па заходзе сонца, як зьмеркла, ідзе на узгорак і сядае на камяні; хмары зацягнулі неба, што раз цямней у полі, ўсюды глуха, ў лесі, што чарнеў перад ім, крычалі совы. Васіль бачыць: перад ім паўзуць сыкаючы вужакі с каменя і скачуць каля страшка с сабачымі галавамі на казіных нагах. Васіль сьмела пазірае на гэта, думаючы, што зара яму пакажуцца скарбы; раптам бачыць, што хтось звярнуў з дарогі і падыходзіць. Гэта быў Марцін.

— Што тут робіш, папытаўся з усьмешкай, пэўня скарбаў шукаеш?

— Але, скарбаў, але чаго ты сюды прыйшоў? перашкодзіў мне, вырваў з рук маіх шчасьце; варта, каб тэ галаву каменям рашчапіў.

— Не сярдуй, скажу тэ аб лепшых скарбах, — і сеўшы прымі на камені, — «слухай, кажэ, Васілю, ляпей ідзі дамоў, здароўе, праца, гэта найдаражэйшы для чэлавека скарб; блага, хто шукае чартовае помачы. Антон, апякун твой, бяздзетны, калі будзеш паслухмяны, ўсё, што мае, табе аддасьць.

Васіль засердаваны плюнуў і мурмочучы адышоўся.

С таго часу ён не прыходзіў дамоў. Антон, бачучы, што-раз вялікшую артачнасьць, даў спакой і супакойна ждаў, што з гэтаго выйдзе. Знаёмые прыносілі розные весткі аб Васілю. Адны казалі, што знайшоў хэўру нейкіх бадзяк, крадзе з імі, збірае грошы і прапівае ў карчме; другіе, што жывучы ў Арыны вучыцца чараваць, і нават бачылі, як з Алютай і Арынай хадзіў па лесі і дрыгве, каля вазёр, збіраючы зельлі на каторых ніколі раса не абсыхае[7], іншые казалі, што з за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі якісь мох, расказывала яго страшную сілу.

Раз у нядзелю вэчаром гэты з знаёмым, гэны с кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пазюкаці, парадзіцца аб тым і сім і вясёла час скаратаць. Ідзе туды і Марцін, думаючы, што можэ стрэняцца з Васілём.

Седзяць за сталом. Жыд Іосель рады госьцём, налівае гарэлкі. ставіць на стол і крэйдай запісывае на сьцяне, ўмаўляючыся, што як прыдзе восень і будзе новы хлеб, дык ён прыедзе да іх, пачастуе гарэлкай гаспадара і гаспадыню, а яны будуць знацца на ветласьці і не пашкадуюць рознаго збожжа.

Увайходзіць Марцін. Некаторые радые, што яго ўбачылі, садзяць за стол, частуюсь гарэлкай; пачалася гутарка аб Васілю і яго прынадзе. Некаторые хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і былаб добрая жонка, каб выйшла замуж за добраго чэлавека, але не за Васіля, каторы пасябраваў с чартом. Было некалькі п’яных, што і Васіля хвалілі; іншые-ж Васіля, Алюту і Арыну звалі нягоднымі людзьмі.

Як гэтак гуканьне зацягіваецца, жыд Іосель, стоючы ля канца стала — «Паслухайце, кажэ, несправядліва кажэце аб Васілю — Васіль добры чэлавек, як прыдзе с таварышамі да мяне, то заўсёды заплаціць, і заўсёды мае грошы, Алюта, ай Алюта пазорная[8] дзяўчына, калі ўбярэцца, дык як паненка ўсё роўна, ды і ў Арыны я нічога благога не бачу, — ну што чаруе, яна чаруе на тое, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбные кожнаму чэлавеку; яна і памагае, лечыць травой людзей».

Як гэтак гукаюць, шыбка адчыняюцца дзьверы, увайходзіць Васіль з задзёртай галавой, шапка на бок, з ім некалькі таварышаў; ўбачыўшы Марціна, ён нахмурыўся.

— Здароў Васілю! — кажэ Іосель — я даўно цябе не бачыў, ужо трэйці дзень, я і мая Сора думалі, што з ім, і цяперачка тыкеля што з людзьмі гукаў аб табе.

— Я ведаю, што людзі абамне кажуць, вецер носіць, не гляджу я на гэта. Сеў на лаві і локцямі абапёршыся на стол, крычыць: «Дай нам гарэлкі, але добрае».

— А можэ Васілю даць салодкае гарэлкі, я прывёз з места, хоць яна дарагая.

— Дай дарагое — і кідае некалькі грыўняў на стол. Жыд як га падае шкалік і бутэльку гарэлкі.

За другім сталом седзючы, глядзелі на гэта і дзівіліся. — Максім, што першы прыйшоў у карчму і ўжо добра падпіў, засьмеяўся голасна і закрычаў: — Ого! браце, відаць ты багаты, калі п’еш панскую гарэлку, пэўне начаваў ля Вужова Каменя і знайшоў грошы, або можэ Арына, твая цешча, сваімі чарамі насыпала табе іх поўные кішэні. — Маладзец!

— Калі ня п’юць, то й не дзякуй, — адказаў Васіль, — бо пакажу зара, што другі раз ніколі не адважышся чаўпці німа ведама што.

— Мне пакажэш — ой, ой! глядзеця, ўжо навучыўся чараваць ад Арыны, пакажэ! глядзі, каб ня быў кульгавы, як твая цешча, — а ці ты ведаеш чаму яна троху кульгае на левую нагу?

— Маўчы, калі с табой ніхто ня хочэ гукаць.

— Ніхто ня хочэ гукаць, дык будуць слухаць, а я разкажу ўсім; — паслухайце, раскажу вам, чаму Арына кульгае, гета ёй зробіў Грышка, сам мне расказываў пад сакрэтам.

Раз у вечары па заходзе сонца ён з касой варочаўся дамоў і пачуў голас чараўніцы, каторая выклікала каровы, завучы кожную па масьці. Ў вечары чуваць было, як па вёсках каровы аказываліся рыкам; зарыкалі таксама і ў яго хляве. Ён спалохаўся, думае: адбярэ малако, бяжыць туды, адкуль чуваць быў голас, каб даведацца, хто ёсьць чараўніца; — цікуецца, і штож бачыць? — Арына седзючы разчухраная на плоце чаравала.

Будзе блага, — падумаў сабе, трэба як небудзь бараніцца. Дык бяжыць дамоў і кладзе на вароцех хлева сьвянцоную ваду і васковую сьвечку; ледзь адышоўся некалькі сігнёў[9], бачыць, прылятае сарока, раскідае зельле і дзяўбе сьвечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам; стрэляе — пасыпалося пер’я, сарока аднак уцекла.

Назаўтрае ён пачуў, што Арына ранена у левую нагу і ляжыць хворая. Зразумеў усенька і думаў сабе: мае памятку, але будзе спаганяць злосьць, і запраўды: заламала на яго залом у жыці, але ён залом спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама безмална ня згінула.

Васіль у злосьці хапіў бутэльку і пусьціў на Максіма, трапіў у самые грудзі, скочылі адзін да аднаго, і пачалася бітва.

Шчасьце, што з блізкого двара аканом ехаў конна і, чуючы дзікі крык аляндара, закіраваў да карчмы. Іосель прыбёг да аканома.

— Ай, паночку! ўбіўства ў карчме, што гэные п’яніцы шкоды мне наробілі!

Аканом саскочыў з каня, мешаецца ў людзі і крычыць, што заўтра за п’янства ўсіх пакарае — і кожны мусіць заплаціць за зробленую шкоду; гам зара ўціх.

Аканом гоніць іх с карчмы і кажэ ўсім ісьці дамоў. Усе разышліся, пастрашаючы адзін аднаго.

Іосель расказаў аканому ўсё, як было, апраўдаваючы аднак Васіля.

— Трэба аб гэтым пагукаць с панам: дурные выдумляюць самі ня ведаюць што, крыўдзюць толькі бедную ўдаву і дзяўчыну, каторая зусім нявінна. Зюкаюць аб нейкіх чарах Арыны, я гэтага не дазнаў, ведаю тыкеля, што яна зельлям людзём памагае. — Ось надовічы сам бачыў, як у дварэ паненцы Тэрэсі вылячыла кругі (лішай) на твару. Праўда, што, кладучы ў сьцюдзёную ваду нейкіе каменчыкі, шаптала, і сьцюдзёная вада пачала кіпець, бытцам на агні, загадала мыць таей вадой твар, і Тэрэса зразу ачуняла. Гэткіе чары ня тыкеля нікому ня шкодзюць, але яшчэ памагаюць.

— Пан аканом шчырую праўду кажэ, ніхай пан гэтак скажэ паном, а то жаль бярэ слухаць, як людзей крыўдзюць. Ай, была ў мяне добрая гарэлка салодкая; бутэльку разбілі п’яніцы і гарэлку выпілі. Сора, падай — там яшчэ ёсьць крыху салодкае гарэлкі — падай сюды пану аканому — і закуску прынясі. У мяне ё шчупак.

Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў аляндара, што яму за ўсё заплацюць, — сеў і паехаў.

Назаўтра Арына прыходзіць заплакаўшыся ў двор і разказывае паном, што злые на яе людзі ўсюды аб ёй гукаюць, быццам яна чаравала, каб шкодзіць другім, заломляваючы заломы і адбіраючы малако ў кароў. — Прысягае, што ніколі гэтаго ня робіла, навет старалася памагчы людзём у хваробах і розных здарэньнях, лечучы іх травой, каторай сілу яна адна ведае. Аб Васілю, катораго Антон выгадаваў, так сама кажуць, што быццам ён зышоўся с чартом, але гэта чыстая мана, праўда, што Васіль маладзён начэпны, бо не дазнаў гора у жыцьці, але з часам зменіцца і паразумнее, — ён сватаецца да мае дачкі, але й тую сірату людзі хочуць скрыўдзіць, блага аб ёй гукаючы.

— Я чуў аб Васілю, што ён бывае і не паслухмяны свайму апякуну, і быццам стрэўся с чартом, і здароўкаўся з ім, як з сваім братам. — Гэтаго нельга робіці, ляпей жыць з Богам, скажы Васілю нехай ходзіць да царквы і працуе, ну — ідзі дамоў і супакойся. Я дачцэ тваёй спраўлю вясельле ў дварэ; бо казала мне аб ёй аканоміха, дый ад іншых я чуў, што дзяўчына добрая і працавітая.

Тагож дня пан загадаў паклікаць Антона і Васілю прыказаў апрасіць[10] свайго апякуна, Антонуж, каб не перашкаджаў жаніцца с Алютай, але яшчэ стараўся памагаць, бо абое яны сіроты; і сам абецаў даці яму найлепшае зямлі і жывёлы на завод.

Алеж і пан пэўня чуў, што людзі гукаюць, быццам Арына чараўніца і жалюцца іншые, што каровы выклікае і другіе робіць шкоды, часам перакідаваецца ў сароку і лётае ўсюды, і гэта навет бачылі.

Брэшуць, Арына добрая кабета і Алюта ейная дачка працавітая дзяўчына, будзе добрай жонкай і добрай гаспадыняй — сам будзеш рад.

— Панская воля — сказаў Антон — зморшчыўся і дзяручы патыліцу пайшоў дамоў.

Цераз некалькі дзён далі на запавядзі — хутка і вясельле. Сабралася ў двор усенька воласьць, пэўня ня дзеля таго, што любілі маладога, але ведалі, што будзе многа гарэлкі. Ня было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна дзеіцца па вёсках, але прад шлюбам маладые палі ў ногі паном сваім просючы багаславенства; пасьля Антону і Арыне; так сама і па шлюбе. Алюта пекна была убраўшыся — паня падарыла ёй якіесь завушніцы, каторые пры агні, якбы іскры кідалі, чырвоная шнуроўка з залатымі галёнамі, чырвоные стужкі ўсюды. Як села за сталом і разплялі ёй чорную касу, з чорных вочаў па белым твары сьлёзы паліліся, ўсе на яе са спагадам глядзелі, пасьля запеялі жонкі вясельную песьню; ўсе плакалі, навет і тые што перш аб ёй блага гукалі. Гэтую песьню так я ўпадабаў, што і цяпер яе ўмею на памяць.

Вясельная песьня сіраце.

Ой знаці, знаці
Па весельліку,
   Што не татка жэніць.

Сталы засланы,
Госьці сазваны
   Парадачку нету.

Млады Васілька
Наймі салавейку,
   Пашлі па татульку.

Шэр салавейка
Скорая пташка,
   Ён скора зьлітаіць.

Ён прылетаіць,
К зямлі прылігаіць
   Татку пабуджаіць.

Устань татулька
Свайму дзіцяці
   Парадачак даці.

Рад бы я ўстаці,
Парадак даці,
   Ні магу павярнуцца.

Грабовы дошкі
Сьціснулі ножкі,
   Ні магу пакрануцца.

Сырая зімля
На грудцы лігла,
   Ні магу прадыхнуці.

Жоўты пясочкі
Палі на вочкі,
   Ні магу праглянуці.

Чорная смага
На губкі пала,
   Ні магу гаварыці.

Зялёны дзярночкі
Закрылі варотцы,
   Ні магу адсюль выйсці.

Жоўты пясочкі
Палі на вочкі,
   Ні магу праглянуці.

Чорная смага
На губкі пала,
   Ні магу гаварыці.

Зялёны дзярночкі
Закрылі варотцы,
   Ні магу адсюль выйсці.

Прызнаюся, што я ня мог здзяржацца ад сьлёз, бачучы перад сабой Алюту і слухаючы гэту песьню. Яна была шчырая сірата, бо апрача старое маці ня мела іншае радні. Іх сям’ю Бог прывёў здаляку, яны перш нейдзя далёка жылі за Дзьвіной, бацька Алюты, прыехаўшы да нас, хутка памёр.

Вясельнікі гулялі, пілі адзін да аднага, дуда грала; песьні і скокі ня перарываліся ўсю ноч.

Па вясельлі Васіль меў на пачатак гаспадаркі некалькі канёў, кароў і іншае жывёлы на завод, каторую яму падарылі пан і Антон. Меў ён новы будынак і некалькі дзесяцін зямлі; гэтаго было даволі на ўсе яго патрэбы.

Васілю вельмі нешчасьціла на сваёй гаспадарцы, хоць з пачатку, здавалася, ён палепшаў. Дзіўна! Яго цягам сустракала беда. Воўк барана ухопіць, разгледзюць стада і ўбачуць, што баран Васіля. Здаралася гэта некалькі разоў і заўсёды воўк, як нарокам, тыкеля Васілёва бярэ. Ходзюць гусі на полі, ўпадае ліс, выдушыць іх — Васілёвы гусі. Карова яго ніраз заблудзіць каля возяра, наткнецца на вакно[11] пакуль пасьпеюць прысьці і выцягнуць — утопіцца. Ўсе гэтые шкоды давялі яго да найвялікшае нястачы.

У хуткім часе загарэўся бор, збеглася ўсенька воласьць. Агонь, як хвалі на возяры, разышоўся па ўсім бары, шыбаючы ў гары абхопляваў густое гальлё елак і хвой, а дым быццам найгусьцейшы туман зацягнуў неба і зямлю, так што ледзь дыхаць можна было. Бегаючы па лесі і б’ючы веннікамі па полах, мы папалілі вопратку на сабе, але ўжо ня было ратунку. Блізка быў будынак Васіля, заляцеля іскра на ток і згарэла збожжа. Тады ўсе голасна загаманілі, што гэта лясьнік спаганяе сваю злосьць за тое, што Васіль калісь выцяў яго каменям, як ён звяроў і птушак пераводзіў з аднаго лесу ў другі; а стары чэлавек вешчаваў тады яму пажары і ўпадак жывёлы.

Васіль у нешчасьці яшчэ больш пачаў п’янчыцца. Жонка яго і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адцягнуць яго ад гарэлкі.

Пачаліся ізноў начэпные і бязбожные паступкі. Аднаго разу Антон, Марцін і іншые, што яму дабра хацелі, прыйшлі да яго у вечары і ўпаміналі, каб цярпліва зносіў гора, а можэ Бог дасьць калі небудзь перамену. Раптам надыйшла хмара і ўзнялася бура, ён сядзеў ля вакна задумаўшыся; віхор завыў за сьцяной, а ён, якбы няпрытомны, сказаў: мой брат выючы паляцеў гуляць па шырокіх палёх і густых лясох, хутка і я за ім пабягу. Чуючы гэта ўсе спалохаліся і жонка пачала плакаць, а калі яму Антон пачаў вымаўляць, ён бразнуў дзьвярыма і выйшоў з хаты.

Раз вячаром ідзе ў карчму і знайходзіць там старых сваіх сяброў, с каторымі калісь п’янчыўся, дык узноў пачынаіцца п’янства. Васіль, як ужо добра падпіў, кажэ ім: — Гаротнічаю, але зара буду багатым, прыйшло мне ўдум; пайду начаваці да Вужова Каменя, пакланюся чартом, а можэ мне не пашкадуюць грошай. Каліж з яго сьмеяліся, што не адважыцца там пераначаваці (было ўжо позна), ён схапіў шапку: «Ось жа пакажу, што не баюся страхацьцёў!» — пакінуў у карчме сяброў і пайшоў на ўзгорак да Вужова Каменя, і адтуль не вярнуўся дамоў.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы; німа Васіля. Шкадуюць яго знаёмые, жонка і цешча цягам плачуць; з ніскуль німа весткі ці жыве ён, ці памёр.

Розные былі гутаркі міжы людзьмі: адны гукалі, што ля Вялікіх Лук і Пскова праходзіў з разбойнікамі; другіе казалі, што быццам лясьнік водзіць яго па лясох. Нікаторые ходзючы ў грыбы чулі яго голас і сьмех лясьніка; розные былі гутаркі, Васіль згінуў на заўсёды.

Старая Арына гледзючы заўсёды на сьлезы свае Алюты занепала і хутка ўмёрла. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім дварэ ні ўдава, ні замужка[12].

Зноскі правіць

  1. Нальлем зваліся людзі, што на прыгоне робілі не паасобку, але ўсе разам якую небудзь работу, напрыклад жалі, касілі, вазілі гной і гэт. п.
  2. Гаварылі, спакойна гутарылі.
  3. Жутка, страшна.
  4. Дасьведчэны.
  5. Тыкеля — толькі.
  6. Праменямі.
  7. Трава росічка, расьце на купінах і ўжываецца проці чароў.
  8. Вельмі пекная.
  9. Сігень — крок, шаг.
  10. Перапрасіць, папрасіць выбачэньня.
  11. Вельмі гразкае месца на балоце.
  12. Замужняя жонка.
 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.


За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.