Наша Ніва (1906)/1912/11/Дзе праўда?

Дзе праўда?
Публіцыстыка
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1912 год
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 11, 15 (28) сакавіка 1912 г., б. 3
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзе праўда?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзе прауда?

У нумары 7 газэты „Окраины Россіі“ нейкі разумнік нападае на мяне, бытцым-то, пішучы „Гісторыю Беларусі“, я сказаў непраўду, што кніга, друкаваная у Кракові ў 1491 гаду, мае беларускіе асобнасьці.

Пісака з „Окр. Россіі“, як відаць, умее чытаць толькі загалоўкі кніг, але не прывык чытаць саміх кніг, а ешчэ менш думаць, удумывацца і, аткінуўшы політыканство, глянуць на справу цьвяроза і сумленна. Толькі, дзякаваць Богу, ня ўсе такіе людзі ў Вялікай Расеі, паміж мякінкі, дробненькай мякінкі, каторая засыпае вочы, лезе у нос і гэтым так і пазывае чхануць ды плюнуць —ёсць і ядраністае, здаровае зярно. І Расею мы, як і ўвесь сьвет, цэнім і паважаем не за курадымную мякіну, але за тое зярно, за тых лепшых людзей, якіх не мала было і ёсць.—Вось, у справе „Осьмогласніка“, друкаванаго у Кракові ў 1491 гаду, высказаліся ня толькі „шаўцы, хапіўшыеся пячы пірагі“, але і такі паважаны ўсімі вучоны, як І. Каратаев, чэлавек, каторы пасьвяціў ўсё сваё жыцьцё на бібліографічные досьледы над цэркоўна-славянскімі кнігамі. Перэда мной ляжыць кніга І. Каратаева: „Осмогласникъ 1491 года, напечатанный въ Краковѣ кирилловскими буквами, СПБ. 1876 г. „Паважаны расейскі бібліограф на стр. 9 гэтай кніжкі пішэ: „Выходная летапісь Осмогласніка 1491 года, дзе Феоль, падаючы вестку аб сваей асобе, аткінуўшы ў бок цэркоўна-славянскую мову, выражаецца на сучаснай яму кніжнай мове, якая ужывалася ў той час у пісьме у вучоных, або граматных людзей. Мова гэта злажылася на грунце народнай гаворкі украінскай і беларускай не была вольная ад форм цэркоўна-славянскіх: бысть, градѣ і др.“

Апіраючыся толькі на аднаго І. Каратаева, Беларусы, як бачым, маюць право „Осмогласнік“ 1491 г. залічыць да сваей літэратуры.

Пісака з „Окраинъ Россіи“ гэта, як кажуць прафэсар, дык нельга паверыць, каб ён ня ведаў аб працах І. Каратаева; ведаў ён, як было запраўды, але толькі хацеў укусіць беларусоў, хацеў лёгкім спосабам затуманіць людзям вочы, бытцым беларускай літаратурнай мовы ніколі не было.

Праўдзівая навука, як паказаў І. Каратаев, на гэту справу глядзіць іначэй: ясна паказываючы, што даўней беларусы пісалі і друкавалі ўселякіе кнігі ў роднай мове сваей, яна не агледаецца, ці гэта будзе да спадобы „націоналістам“ ды ўселякім чорнасоценцам, ці не!

Власт.