Наша Ніва (2-га лістапада 1906 г. — 2-га лістапада 1926 г.)

Наша Ніва (2-га лістапада 1906 г. — 2-га лістапада 1926 г.)
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Народная Справа, 1926. 23 лістап.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дапаўненьнем да прэсавага юбілею, які мы сьвяткавалі ў сувязі з 20-лецьцем выхаду першае легальнае беларускае часопісі «Нашае Долі», зьяўляецца сяньняшняя дваццатая гадавіна закладзінаў «Нашае Нівы», замяніўшае сваю папярэдніцу. Але ня самы факт выхаду «Нашае Нівы» зварачае на сябе нашу ўвагу, а тая работа, што была зроблена дзякуючы існаваньню газэты ў працягу дзевяцёх гадоў — безь перарыву. «Наша Ніва» дала сваё імя цэламу пэрыяду ў гісторыі нашае адраджэнскае літаратуры: яна была тым адзіным месцам, дзе нашы маладыя паэты мелі магчымасьць выступаць публічна з сваімі вершамі, дзе знаходзілі прыхільную крытыку і добрую раду дый маральнае падтрыманьне ў працы.

«Нашаніўскі» пэрыяд у беларускай літаратуры абыймае сабой і Коласа, і Купалу, і Цішку Гартнага, і Багдановіча, і Зьмітрака Бядулю, і Гарэцкага, і Гаруна, і цэлы доўгі сьцяг імёнаў, якімі сяньня мы можам справядліва пахваліцца. Тут была галоўная кузьня беларускае адраджэнскае ідэалёгіі ажно да выхаду зь Вільні расейцаў у 1915 годзе, калі значная лічба беларускіх працаўнікоў пакінула адвечную сталіцу нашага краю. І затым-та мы сяньня памінаем дзень выхаду першага нумару «Нашае Нівы».

Пасьля канфіскацыі трэцяга нумару «Нашае Долі» зрабілася ясным, што газэце царская ўлада жыць ня дасьць. Дый рады працаўнікоў газэты працерабіліся: першы пакінуў рэдакцыю Пранук Умястоўскі і цішком выехаў вучыцца ў Пецярбург. Сьледам за ім прымушана была выехаць за граніцу Цётка, якую цягнулі пад суд за арганізацыю работнікаў у Нова-Вілейску. За рэштай сяброў рэдакцыі (— пераважна нелегальных) пачалі пільна сачыць шпікі. І вось, Цэнтральны Камітэт Беларускае Сацыялістычнае Грамады пастанаўляе выпусьціць яшчэ толькі адзін — чацьверты — нумар Н. Д., у якім і абвясьціць аб спыненьні выдавецтва.

Праўда, выходзяць яшча № № 5 і 6 «Нашае Долі», але ўжо без учасьця арганізацыі: іх выдае на сваю руку адказны рэдактар-выдавец Тукеркес, спадзеючыся на магчымы заработак. Містыфікацыяй аб поўным разгроме Грамады яму ўдаецца прыцягнуць дзеля рэдагаваньня газэты ведамага сваей прыхільнасьцяй да беларускага руху пэпээсаўца Адама Гедвілу, які павёў газэту ў яшчэ больш рэзкім тоне, чым ранейшы, дык абодва нумары, якія выйшлі пад яго кіраўніцтвам, былі сканфіскаваны. №№ 5 і 6 з боку мовы былі выданы вельмі блага і апраўдвалі сябе толькі ярка рэвалюцыйным зьместам.

Першы нумар «Нашае Нівы» выйшаў паміж 4 і 5 нумарамі яе папярэдніцы. Выдавецтва ўзяў на сябе нейкі безработны лясьнічы, абураны на ўладу за звальненьне яго са службы як каталіка, — Зыгмунт Вольскі. Кіравала ім жаданьне закласьці нейкае даходнае прадпрыемства, якім — судзячы паводле вялізарнае папулярнасьці «Нашае Долі» — і магло б быць выдаваньне беларускае газэты. Але жаданьне беларускіх дзеячоў стварыць газэту больш сталую, разьлічаную на даўжэйшае існаваньне ў часе пачаўшаеся палітычнае рэакцыі ў Расеі, — з аднаго боку, ды баязьнь адказнага рэдактара караў за кожнае сьмелае слова, — з другога, зрабілі тое, што лічба друкаваных і прадаваных экземпляраў «Нашае Нівы», шмат паблеклае раўнуючы з папярэдніцай, зразу паменшала: яе разыходзілася ўсяго толькі каля 3000 — гражданкай і лацінікай разам. Ведама, на паніжэньне тыражу газэты не асталіся без уплыву і рэпрэсіі, якія паліцыя тасавала па вёсках да падпішчыкаў і кальпартэраў «Нашае Долі». Дык спадзяваных даходаў выдавец ня меў і хутка зрокся гэтага «нявыгаднага прадпрыемства».

У першым складзе рэдакцыі «Нашае Нівы» былі: Іван і Антон Луцкевічы, Людвік Кучэўскі і Зыгмунт Вольскі — як адказны за яе перад уладай. Пры выпуску першага ж нумару газэты выявілася ідэйнае разыходжаньне паміж першымі двума і апошнімі. У перадавіцы пачаткова было напісана, што «мы будзем служыць усяму беларускаму працоўнаму народу». Проці гэтага выступілі непартыйныя сябры рэдакцыі — Кучэўскі і Вольскі, і голас апошняга, як адказнага рэдактара і ўласьніка выдавецтва, пераважыў: перадавіца была перапраўлена, і ў ей слова «працоўнаму» народу аказалася замененым словам «скрыўджанаму»; адпаведна да гэтага зроблены былі і другія папраўкі. Матывавалася гэта патрэбай паказаць перад уладай, што газэта стаіць не на клясавым становішчы, а на агульнанацыянальным, ды так уратаваць яе быт, адмежаваўшыся фармальна ад «Нашае Долі»…

Ідэйныя канфлікты сярод сяброў рэдакцыі з кожным далейшым нумарам газэты завастраліся, — асабліва ж у сувязі з набліжаўшыміся выбарамі ў Дзяржаўную Думу. Дык прадстаўнікі Грамады з радасьцяй прывіталі жаданьне грам. Вольскага разьвязацца з выдавецтвам пад варункам звароту яму зробленых затрат грашмі. Дзякуючы ахвярнасьці Івана Луцкевіча грошы знайшліся. Выдавецтва было перададзена Аляксандру Уласаву, сябру ЦК Грамады, які ўзяў на сябе адказнасьць за газэту такжа і як рэдактар яе, пачынаючы зь пятага нумару (8-га сьнежня 1906 году). Уласаў з гэтай мэтай перабраўся на сталае жыцьцё з сваей Мігаўкі (каля Радашкавіч) у Вільню, і ў складзе рэдакцыі (Уласаў, Іван і Антон Луцкевічы) ізноў запанаваў адналіты дух. У гэтым складзе рэдакцыя кіравала газэтай у працягу цэлага раду гадоў.

Ведама, без рэпрэсіяў абыйсьціся не магло: у 1907 годзе былі сканфіскаваны №№ 8, 9 і 12. Але дзьве апошнія канфіскацыі былі судом адкінены, і да адказнасьці пацягнулі рэд. Уласава толькі за № 8 — за стацьцю «Дума і Народ». За зьмяшчэньне гэтай стацьці, запраўды дужа вострай, Уласаў быў засуджаны на 2 месяцы крэпасьці і кару сваю адбыў у віленскім вастрозе — на Лукішках. Больш канфіскацыяў газэты ажно да 1915 году не было.

З кожным годам існаваньня газэты прыбывалі і выпрацоўваліся новыя сілы — паэты і журналісты. У Вільню, як у свой натуральны цэнтар, цягнуцца хоць на колькі дзён усе сьвядомыя беларусы. Сюды прыязжджае ў госьці Максім Багдановіч. Праходзяць праз рэдакцыю і Колас, і Цішка Гартны. На даўжэйшы час асядаюць Ядвігін Ш., Ластоўскі, Палуян, Бядуля, Гарэцкі, урэшце — Янка Купала. У апошнія гады перад вайной кіруюць газэтай сьпярша Ластоўскі, пасьля — Купала. Выдавецтва фінансуе ад самага пачатку і да канца Іван Луцкевіч.

Каб паўней выявіць тое эначэньне, якое мела для прабуджэньня беларускага адраджэнскага руху «Наша Ніва», трэба адзначыць тыя тысячы няведамых рэдакцыі асабіста сялян і работнікаў, вучыцялёў, працоўных інтэлігентаў і студэнтаў, якія слалі ей свае карэспандэнцыі, вершы, артыкулы, дый проста пісьмы — з просьбай аб раду і ідэйнае кіраўніцтва. Трэба адзначыць вялізарны ўплыў газэты на школьную моладзь — вучняў гімназіяў, віленскае хіміка-тэхнічнае школы, праваслаўнае духоўнае сэмінарыі. Трэба адзначыць і тое, што тут атрымаў сваё «беларускае хрышчэньне» цэлы рад больш ці менш выдатных беларускіх дзеячоў, пачэсна запісаўшых сваё імя ў гісторыі беларускага адраджэнскага руху.

У 1920 годзе грам. Ант. Луцкевічам была зроблена спроба ўзнавіць «Нашу Ніву» — сьпярша ў пастаці зборніку, а пасьля тыднёвіка, як было да вайны. Але толькі дзевяць нумароў было выпушчана ў гэтым новым выданьні: існаваўшая тады ваенная цэнзура з кожнага нумару выкідала сярэднім лікам чацьвёртую частку матар’ялу, а «чуласьць» яе да адносінаў беларусаў да Польшчы была такая, што слова «Польшча» дапускалася наагул толькі ў сувязі зь нейкімі хвалебнымі эпітэтамі. Выражэньне, што «адны цягнуць Беларусь да Масквы, другія — да Польшчы», лічыліся ў другой сваей часьці «праступным» і канфіскавалася панамі цэнзарамі, прычым ясна ж, сэнс стацьцей груба скажаўся. Дык на дзявятым нумары выдавецтва было прымушана спыніцца… Так скончылася спроба ўзнавіць старую кашаніўскую працу пры новых палітычных варунках, запанаваўшых у Заходняй Беларусі.