Наш культурны стан
Наш культурны стан Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1921 Крыніца: Наша Думка. 1921. 22 студз |
За колькідзесят год працы, распачатае зусім малой жменькай людзей, беларуская справа разьвівалась зь незвычайнай, неспадзяванай навет для яе пачынальнікаў шыбкасьцю. Даволі сказаць, што за гэты час народ беларускі — яшчэ ўчора народ безгалосых, бяспраўных рабоў, — народ гэты перажыў цэлую вялікую палітычную эвалюцыю і дасьпеў палітычна да таго, што падняў штандар Беларускае Народнае Рэспублікі і пачаў вялізарную, шырачэнную творчую дзяржаўную работу.
Будуецца незалежная Беларусь. Калі і як яна збудуецца — ня будзем пакуль што шукаць адказу на гэтае пытаньне. Вядома, што дзяржавы творацца і гінуць дзякуючы дзьвюм сілам: з аднаго боку іх кліча да жыцьця ўклад палітычных варункаў — і ўнутраных, і замежных; з другога — іх будуе сам народ, калі мае ў сабе даволі творчых сіл. Як уложацца палітычныя варункі, ад каторых залежыць наш дзяржаўны быт, — мы ня ведаем. Затое ведаем вельмі добра, якія сілы захаваны ў нашым народзе, з чым ён прыступае да свайго дзяржаўнага будаўніцтва.
Гаворачы аб сілах народу, трэба перш за ўсё сказаць, аб якіх сілах ідзе гутарка. Вось, кожнаму вядома, што сіл чыста фізычных у нас хватае: то ж нашых братоў не малая жменя — дванаццаць мільёнаў зь лішкам! Але пры ўсей нашай фізычнай моцы мы ўсё ж жылі соткі год у няволі, служачы чужынцам, — і толькі тады прыждалі волі, калі збудзілася ў нас чалавечая і нацыянальная сьвядомасьць, калі пачалося ў нас культурна-нацыянальнае творства. Вось жа, наш культурны стан і ёсьць тая сіла, якая можа збудаваць вольную, ні ад каго незалежную Беларусь. Аб гэтай сіле мы й гаворым і яе хочам падлічыць.
Найлепшы паказчык культурнага стану народу, паказчык багацьця яго душы і творчае моцы — гэта яго літаратура. Найлягчэйшым, найбольш разьвітым спосабам выяўленьня дум, пачуцьця і перажываньняў чалавека зьяўляецца слова — жывое або пісанае, — і вось літаратура словам пераказвае ўсе тое, што захавана ў душы чалавечай. Дый пераказвае не абы-як, а ў форме мастацкай, артыстычнай. Такім парадкам, выяўляючы абраз душы народу, літаратура сьведчыць аб разьвіцьці ў яго пачуцьця хараства-красы.
У якім жа стане знаходзіцца наша літаратура?
Ня будзем сягаць да тых першых спроб пісаць па-беларуску рэчы дыдактычныя, павучаць «народ просты» ў яго «гутарцы», чым занімаліся ў сярэдзіне першае паловы XІX сталецьця і Баршчэўскі, і Рыпінскі, і Чачот: лішне мала ў іх мастацкага элемэнту, каб яны заслугоўвалі на імя літаратуры. Але ўжо ад Дуніна-Марцінкевіча пачынаецца запраўдная беларуская адраджэнская літгратура, — літаратура, твораная сьвядомымі мастакамі. І гэта літаратура, пачынаючы ад пераказваньня ў мастацкай форме народнага жыцьця, у меру свайго разьвіцьця шукае для сябе новых мэт: ужо Багушэвіч уносіць у яе сацыяльны і сьвядома-нацыянальны элемэнт, ужо Карусь Каганец зварочвае свае вочы да нашай слаўнай мінуўшчыны, за ім Цётка (Алёйзія з Пашкевічаў Кейрысовая) выяўляе ў творах сваіх гарачае дыханьне рэвалюцыі, Колас шукае красы ў шэрых вёсках беларускіх, Цішка Гартны — «пясьняр працы» — адбівае псыхалёгію беларускага пралетарыя, Ясакар (Бядуля) захапліваецца містычнымі настроямі, Алесь Гарун чаруе музыкальнасьцю свайго вершу, а ўрэшце ў доўгім-доўгім сьцягу паэтаў адраджэньня разгараюцца два сьветачы: Купала — запраўдны прарок нацыянальнае ідэі, паглыбляючы яе да агульналюдзкіх асноў, і «пясьняр чыстае красы» — Максім Багдановіч. А побач разьвіваецца мастацкая проза: падкупляючыя прастатой свае формы дробныя апавяданьні Тараса Гушчы (другі псэўдонім Коласа), непараўнаныя па шчырасьці пачуцьця творы Ядвігіна Ш., поўныя глыбокага настраеньня рэчы Бядулі, мастацкія легенды і невялікія аповесьці Власта, апавяданьні Лёсіка і ўрэшце творства Максіма Гарэцкага. Далей творыцца беларуская драма і камэдыя, і творы Купалы, Аляхновіча, Галубка, Алеся Гаруна (для дзяцей) кладуць фундамэнт, на якім будуецца беларускі нацыянальны тэатр, занімаючы ў сэрцы Беларусі — у Менску — першае месца сярод тэатраў другіх нацыянальнасьцяў. І калі мы пазнаёмімся з усенькім нашым дабыткам у сфэры літаратуры, калі ўнікнем у глыбіню яе ідэй і праймемся яе хараством, дык зразу стане нам ясна: Беларускі народ — гэта вялікі тварэц, бо сыны яго ў некалькі дзесяткоў год здалелі зь нічога стварыць сваю літаратуру, каторая мае вялікія і нацыянальныя, і агульналюдзкія культурныя цэннасьці, каторая перакладаецца на чужыя мовы[1], і пэрлы яе ў чужацкай вопратцы не губляюць сваей цаны, свайго хараства і сваей глыбіні. Можам з зусім справядлівай гордасьцю сказаць: беларуская літаратура дае ўжо багатую духовую страву ня толькі «простаму» чалавеку, узбагачываючы і разьвіваючы яго мысьль, здаволіваючы яго жаданьне красы-хараства, але і беларускаму інтэлігэнту, каторы ўзгадаваўся на найвялікшых творах сусьветнае літаратуры.
Другое, па чым судзяць аб культурным стане народу, гэта навука. І на грунце навукі беларусы не астаюцца ззаду за другімі славянскімі народамі. Праўда, нашы вучоныя, нашы рабачаі на навуковай ніве ажно да апошніх часоў пісалі свае навуковыя творы пераважна ў чужых мовах: расейскай або польскай. Але, нягледзячы на тое, што яны гэтак узбагачывалі чужацкую навуковую літаратуру, яны служылі сваей Бацькаўшчыне, распрацовываючы родную гісторыю, этнаграфію, філялёгію, літаратуру. Нашы гісторыкі: Даўнар-Запольскі, Лапо-Данілеўскі, Любаўскі, Пічэта і т. д. — гэта прафэсары расейскіх унівэрсытэтаў, працуючыя спэцыяльна над гісторыяй Беларусі. Іх іменьні вядомы ўсей Расеі, усяму культурнаму сьвету. А побач — знамяніты знаўца старой беларускай мовы, аўтар трохтомнай навуковай граматыкі беларускай3 акадэмік-праф. Я. Карскі, беларус, друкаваўшы ў апошнія гады свае багатыя матэрыялы да беларускай літаратуры па-беларуску. Далей — этнографы, як аўтар «Беларускага слоўніка» Насовіч, працу каторага ў 1870 годзе надрукавала Пецярбурская Акадэмія Навук (больш за 30 000 слоў), Раманаў, Шэйн, Фэдароўскі (працы яго «Lud Віаіoruskі» надрукованы часьцю Кракаўскай Акадэміяй Навук). Вядомы знаўца царкоўнага права праф. Завітневіч — павага ў вачах усяе праваслаўнае царквы. Выдатны хімік праф. В. Іваноўскі. І ў якую б галіну навукі мы ні заглянулі, усюды знойдзем нашых беларусаў. Дык ня дзіва, што калі ў Менску ў 1917—1918 гг. беларусы маніліся адкрыць свой унівэрсытэт, — дык на кліч праф. Даўнара-Запольскага адгукнулася гэтулькі прафэсароў-беларусаў, што іх хваціла бы не на адзін, а на два унівэрсытэты. І ў тым жа Менску у 1919—20 гг. бачым закладзіны першай вышэйшай беларускай школы — Пэдагагічнага Інстытуту, які працай праф. Іваноўскага быў перастроены ў Галоўную Беларускую Школу — першы беларускі унівэрсытэт. І хоць прыход у Менск бальшавіцкае ўлады часова спыніў гэту работу, усё ж такі і бальшавікі будуюць цяпер тамака беларускі унівэрсытэт і палітэхнікум.
Факт існаваньня некалькіх сот беларускіх пачатковых школ, некалькіх прагімназій і вучыцельскіх сэмінарый, 6—7 гімназій (у Вільні, Менску, Горадні, Будславе, Сьвіры і т. д. — дзьве апошнія зачынены польскай уладай) — гэта знак таго, што кожын беларус можа ўсю навуку — ад пачаткаў граматы да ўнівэрсытэцкага курсу — прайсьці ў сваей роднай мове. І гэта — адна з галоўных падвалін нашага нацыянальнага існаваньня. Трэба прызнацца, што музыкальнае творства, малярства і другія віды мастацтва ў нас яшчэ слаба разьвіты раўнуючы да літаратуры. Але для іх грунт ёсьць: на гэта паказвае багацтва народных мэлёдый, багацтва арнамэнтаў у тканінах хатняга вырабу, існаваньне асаблівага беларускага стылю ў архітэктуры нашых драўляных царквоў, касьцёлаў і т. д. І яны пачнуць шыбка разьвівацца ў меру агульнага нашага культурнага жыцьця, — а што можна зрабіць з нашых народных мэлёдый, аб гэтым сьведчыць «Літоўская рапсодыя» Карловіча[2], «Беларуская сюіта» Рагоўскага, а ўрэшце і гэткія блізкія нам па духу творы Манюшкі, поўнай жменяй чарпаўшага свае матывы з багатай скарбніцы беларускай народнай музыкі.
У пэрыяд, калі на першым месцы жыцьцё стаўляе справы палітычныя, зусім натуральна разьвіцьцё публіцыстыкі, прэсы. І ў беларусаў палітычная мысьль выяўляецца ў вельмі чысьленых часопісях (тыднёвых, месячных) і газэтах (штодзённыя беларускія газэты «Беларускі Шлях», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь» — у Менску, «Беларускае Слова» ў Горадні і др.). Хватае ў беларусаў сіл і на сур’ёзную журнальную працу (зборнікі «Маладая Беларусь» у Пецярбурзе — 1913 г., «Варта» ў Менску — 1918, зборнік «Наша Ніва» ў Вільні — 1920). Выходзяць і розныя спэцыяльныя часопісі: сельскагаспадарская «Саха»6, для моладзі — «Лучынка» (у Менску), студэнцкая «Раніца»8 (у Пецярбурзе) і інш. Разам з загранічнымі выданьнямі мы за апошнія гады мелі да 50 розных пэрыядычных выданьняў ў беларускай мове, ня лічачы некалькіх штодзённых газэт (расейскай, польскай) і часопісей (францускай, нямецкай), праводзіўшых беларускія палітычныя ідэі. Значыць, публіцыстычных сіл у нас хватае: іх было б даволі, каб асьвятляць справы беларускага дзяржаўнага жыцьця з розных бакоў і з розных паглядаў.
Урэшце мерай нашай культурнага стану можа служыць арганізованасьць нашага грамадзянства. Чысьленыя палітычныя партыі (сац.-дэм., сац.-рэв., камуністы, народнікі, хрысьціянскія дэмакраты, нацыяналісты і т. п.), прафэсіянальныя арганізацыі (вучыцельскія саюзы, саюзы журналістаў, працаўнікоў сцэны і мастацтва і інш.), навуковыя таварыствы, выдавецкія арганізацыі, дабрачынныя, канфэсіянальныя — усё гэта знак існаваньня арганізована беларускага грамадзянства, здыфэрэнцыраванага ўжо і паводле сацыяльных, клясавых інтарэсаў розных яго груп. Але асаблівую ўвагу мы павінны зьвярнуць на нашу эканамічную арганізацыю. У беларусаў няма свайго нацыянальнага купецкага стану, і затым-та ў іх вельмі шыбка разьвіваецца каапэрацыя. Даволі адзначыць, што менскі «Цэнтрабелсаюз» («Цэнтральны Саюз Каапэратываў Беларусі») злучаў у часе свайго расьцьвету тысячы вясковых каапэратываў, што такі ж саюз у Вільні (хоць і не спэцыяльна беларускі) складаецца з многіх дзесяткаў каапэратываў чыста беларускіх, пазакладаных нашымі сялянамі ў Віленшчыне і Горадзеншчыне. Побач стаяць сельскагаспадарскія арганізацыі беларускага сялянства, аб’яднаныя каля «Цэнтральнага Сельскагаспадарскага Саюзу» ў Менску. І ўсё гэта — пры чужацкіх акупацыях, замяняўшых адна адну і руйнаваўшых усё эканамічна-гаспадарчае жыцьцё краю і ўсю яго арганізованую гаспадарку.
Праўда, што шмат чаго нам яшчэ не хватае, але шмат чаго ў нас і не магло стварыцца, пакуль у нас не пачалося дзяржаўнае жыцьцё. Калі ж праб’е і для Беларусі часіна будаваньня свае дзяржавы, — тады да таго, што ў нас ёсьць, прыложыцца і рэшта. А будаваць мы маем ужо на чым: гэта — тая творчая моц, тое багацьце душы, якое выявілі беларусы ў розных галінах культурна-нацыянальнае працы. А той факт, што нашае нацыянальнае адраджэньне пачалося гэтак нядаўна, што яно разьвівалася ў стане няволі — пад усьцяжным панаваньнем над намі чужацкае дзяржаўнае ўлады, — гэты факт дае меру таго, як шыбка пайшлі бы мы ўпярод па дарозе культурнага разьвіцьця пры поўнай незалежнасьці — у незалежнай Беларускай Рэспубліцы.
- ↑ Напр., творы Купалы перакладалі на расейскую мову такія карыфэі расейскае літаратуры, як Валерый Брусаў, Бальмонт, Карынфскі і др.
- ↑ Карловіч называе сваю рапсодыю «літоўскай», памятаючы на стары назоў «Літва», супольны для ўсіх літоўска-беларускіх зямель. Свае матывы Карловіч чарпаў зь беларускіх песень у Горадзеншчыне, запісываючы іх з Фэдароўскім.