На выстаўцы
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 30 чэрв

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Душа народу выяўляецца ў творах рук чалавечых. Старая гэта праўда, прызнаная безь ніякай споркі ўсімі, хто занімаўся фальклёрам, хто працаваў над пазнаньнем, што творыць народ словам — музыкай або рукамі сваімі з рэчай матэрыяльных. І з гэтага пагляду многа цікавых вывадаў можна зрабіць з наладжанай у Вільні выстаўкі вырабаў работных дамоў.

Выстаўка падзелена на чатыры аддзелы: беларускі, літоўскі, польскі і жыдоўскі. Само сабой разумеецца, што апошні мае выразныя, характэрныя жыдоўскія нацыянальныя адзнакі, бо жыдоўскі народ з сваей асобеннай культурай рэзка выдзяляецца між народамі нашага Краю. Затое варта бліжэй прыгледзіцца да аддзелаў: літоўскага, польскага і беларускага.

Калі будзем іх аглядаць у вышэйпісаным парадку і зь літоўскага аддзелу — першага ад уходу — пяройдзем праз польскі да беларускага, дык найлепшае вока між выстаўленымі ў польскім аддзеле рэчамі ня знойдзе нічога, што паказывала бы на яго польскасьць, — апрыч надпісу! Тыя ж тканіны пакрываюць сьцены, што і ў беларускім ды літоўскім. На вельмі пекна вытканых і вышытых заслонах для вокан і дзьвярэй — узоры з старых, беларускай работы, слуцкіх паясоў, арыгіналы каторых бачым побач у аддзеле беларускім. А ўсе вышыўкі, усе аздобы на розных дробных рэчах — гэта ўсё ўзята зь беларускіх і літоўскіх ручнікоў і паяскоў, якія гэтыя два народы носяць і сягоньня ды якіх многа выстаўлена ў беларускім і літоўскім аддзелах. І нядзіва: апрача часьці рэчай, зробленых рукамі высяленцаў з Польшчы, усё гэта выраблена рукамі сыноў тых жа беларусаў і літоўцаў, толькі зроблена ў работных дамох, наладжаных тутэйшымі палякамі. І ўсё гэта магло бы быць роўна добра расстаўлена ў абодвых суседніх аддзелах.

Адзначыўшы, што кіраўніком польскіх работных дамоў належыцца шчырая падзяка за тое, што яны з такой пашанай адносяцца да індывідуалізму аснаўных народаў Краю, выяўленага ў народных вырабах, ды што не пайшлі па сьлядох тых дзікіх нацыяналістаў, каторыя хочуць нішчыць усё тутэйшае — пачынаючы ад роднай мовы народу, — мы пяройдзем далей да аддзелаў літоўскага і беларускага.

І тут знойдзем вельмі многа супольнага. Праўда, ёсьць адна даволі значная розьніца: гэта — у колерах. У беларусаў пераважываюць колеры: белы, чырвоны, чорны; у літвіноў — белы, чырвоны і зялёны. Таксама і ў арнамэнтах: беларускі васілёк і гвазьдзіка, каторыя ў розных стылізацыях бачым на старых тканінах — слуцкіх паясох і інш., у літвіноў замяніў туліпан. Але, апрача гэтых адмен, усе ўзоры — геамэтрычныя і іншыя, як на паяскох сялянскіх, так і на гуньках, дарожках і т. п., зусім аднастайныя. Відаць, доўгае супольнае жыцьцё ў супольнай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім, моцная зьвязь эканамічная і адзінакавыя гістарычныя варункі гэтак збліжылі культурна беларускі і літоўскі народы, што збліжыліся іх душы, і, хоць рознымі мовамі гавораць, гэта блізкасьць выяўляецца там, дзе працуе вока і рука.

Само сабой разумеецца, што тут вялікую вагу мае аднастайнасьць матэрыялу і струмэнтаў, каторымі вырабляюцца беларускія і літоўскія народныя вырабы. Ды ёсьць многа ў душах беларусаў і літвінаў такога, што разьдзяляе іх як асобныя індывідуальнасьці. Але ўсё ж такі, судзячы паводлуг даных выстаўкі, каторая сягоньня адкрываецца, судзячы і паводлуг усіх даўнейшых, можна сказаць, што беларусы і літвіны — гэта найбольш блізкія да сябе народы Краю і што ўся творчасьць Краю аснована на індывідуальнасьці гэтых народаў.