На зваротным пункце

На зваротным пункце
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 11 крас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларусы, Літвіны, Украінцы - гэтыя тры народы былі калісь зьвязаны гісторыяй, а пасьля, калі гасударственая зьвязь разарвалася, іх заўсёды збліжаў к сабе супольны ўціск, супольная нядоля. І для ўсіх трох зорка ясьнейшай будучыны, зорка нацыянальнага адраджэньня і вызваленьня засьвяціла бязмала ў той самы час.

Толькі няроўныя былі варункі, у каторых кожны народ пачаў здабываць сабе новую долю. І трэба адзначыць, што палажэньне беларусаў, збудзіўшыхся да культурна-нацыянальнай працы апошнімі, было найгоршае.

Літвіны і Ўкраінцы ня ўсе жылі ў межах Расейскай дзяржавы. Некалькі мільёнаў Украінцаў апынулася ў Галіччыне пад аўстрыяцкім панаваньнем і там мелі волю для разьвіцьця сваей культуры, сваей мовы, мелі школы з украінскай навукй, захавалі свой нацыянальны Ўніяцкі касьцёл. Ды нядзіва, што ўкраінскі народ скора - бо праз колькідзесят гадоў - дашоў да тэй вышыні культурнага разьвіцьця, на якой стаяць другія народы, палажыў аснову ўкраінскай навукі, артыстычнага творчаства і самабытнага грамадзкага жыцьця. Украінцы ў Галіччыне - гэта вялікая палітычная сіла, і зь ею лічацца і ў міжнароднай палітыцы. Вось, дзякуючы гэтым здабычам Украінцаў у вольнай Галіччыне шыбка разьвівалася ўкраінская справа і пад маскоўскім панаваньнем, нягледзячы на тое, што тут яшчэ трывала забарона друку, забарона вольнага слова і ўкраінскай школы, уціск веры і т. д. - Гэтаксама пашанцавала і братом нашым Літвінам, хаця ў меншай меры: частка іх, праўда - невялікая, жыла ў Прусах, і тут у часе маскоўскага ўціску, у часе найвялікшага гнібеньня літоўскай мовы Літвіны залажылі сваю першую газэту, друкавалі літоўскія кніжкі ды ўсё гэта цішком, кантрабандаю прывозілі ў Літву і шырылі між народамі. І гэткая работа, гэткая сяўба літоўскай нацыянальнай сьвядомасьці пры помачы загранічных друкаў дала багаты ўраджай: калі ўрэшце настала і пад Расеяй свабода друку, літоўскі народ быў ужо падгатаваны да таго, каб з тэй свабоды скарыстаць і пачаць шырокую, усенародную культурную працу.

Яшчэ і другі варунак літоўскага і ўкраінскага жыцьця прынёс вялікую карысьць гэтым двом народам: гэта - еднасьць веры. Літвіны, за малым усе каталікі; Украінцы ў Галічыне — уніяты, ды толькі пад Расеяй — праваслаўныя. З гэтай прычыны тамака ўсё духавенства ішло разам з народам, балела яго болем, цешылася яго радасьцю. Уніяцкія ксяндзы ў Галіччыне і каталіцкія ксяндзы-Літвіны ў Літве аказалі вялікія заслугі сваім народам.

Зьвяртаем вочы да беларусаў, — і тут палажэньне зусім зьмяняецца. Не было ў нас кузьні вольнай думкі і вольнага слова беларускага, як у Ўкраінцаў і Літвінаў: не было ніводнага кусочка зямлі Беларускай за межамі Расеі, ды ўся яна, увесь народ Беларускі гібеў пад маскоўскім панаваньнем. А поруч з гэтым ня мелі мы і тэй вялікай помачы ад свайго духавенства, якую мелі і маюць Украінцы і Літвіны: народ наш разьдзелен на дзьве часьці паводлуг веры, ды гэтак жа разьдзелена і духавенства, між абедзьвымі часьцямі каторага здаўна ішло змаганьне на рэлігійным грунце, дык аб народзе ніхто ня думаў, не клапаціўся...

Цяпер часьць Беларускай зямлі апынулася за межамі Расеі, і тут мы можам і павінны залажыць урэшце кузьню беларускай вольнай думкі, беларускай навукі. Вось паадкрываліся ўрэшце беларускія народныя школы, каторыя так сурова забаранялі маскалі, — і хоць у цяжкіх варунках ідзе наша культурная праца, бо мала рук да яе, а ўсё ж такі ідзе, разьвіваецца. Толькі не хватае нам яшчэ і цяпер таго другога варунку для нацыянальнага адраджэньня, які мелі і маюць Літвіны і Ўкраінцы: мы ня маема помачы ад духавенства, каторае ў нас, на Беларускай зямлі, займалася заўсёды працай: праваслаўнае — для Масквы, каталіцкае — для Варшавы...

Гэтак далей быць не павінна, і — мы верыма — ня будзе. З канцом маскоўскага панаваньня духавенства ўсходняга абраду (а яго асталося надта мала)4 павінна будзе працаваць ня дзеля Сыноду, а дзеля Народу. А поруч з тым, як скончыўся і маскоўскі ўціск каталіцтва, як ня трэба ўжо напружаць усіх сіл дзеля абароны яго ад напасьцей царавых слуг, — каталіцкае духавенства хіба таксама зьверне ўвагу на нацыянальныя патрэбы Беларускага народу, катораму яно мае мэту служыць.

І хоць цяжкі час перажываем мы цяпер, хоць мала ў нас рупных рабочых рук, шмат каторых вывезьлі з сабой маскалі, — ды весялей робіцца на душы, калі падумаеш, што ўрэшце мінаюць ненармальныя варункі, у каторых народ наш дагэтуль жыў. Даждаўшыся волі, народ Беларускі шпаркімі крокамі пойдзе за братамі Ўкраінцамі і Літвінамі па тэй дарозе, на якую варункі жыцьця яго дагэтуль не пускалі.