Недрукаваныя творы В. Дуніна-Марцінкевіча

Неапублікаваны твор В. Дуніна-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Лукаш Бэндэ
1945
Крыніца: Беларусь. — 1945. — №11-12; б. 91—93

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У гэтым годзе спаўняецца 100 год з часу выступлення В. Дуніна-Марцінкевіча ў друку. Першая мастацкая рэч В. Дуніна-Марцінкевіча опера «Сялянка», напісаная на беларускай і польскай мовах, вышла з друку ў 1846 годзе. Опера напісана, вядома, раней 1846 года, у 1844 ці ў самым пачатку 1845 года (дазволена к прадстаўленню 27 студзеня 1845 года). Опера В. Дуніна-Марцінкевіча была першым драматычным творам на беларускай мове, які распачаў новы этап у гісторыі беларускай драматургіі і беларускага тэатра. гэтага

В. Дунін-Марцінкевіч быў досыць пладавітым пісьменнікам, пісаўшым у розных жанрах. Яго драматычныя творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты», паэмы «Гапон», «Шчароўскія дажынкі», «Купалле», «Вечарніцы» і інш. увайшлі у фонд беларускай класічнай літаратуры. Аднак не ўce творы яго апублікаваны да часу. Умовы яго часу не дазволілі пісьменніку рэалізаваць у друку ўсё, што ім было напісана. Некаторыя рэчы («Пінская шляхта», «Залёты») былі апублікаваны толькі пасля Вялікай Кастрычніцкай рэволюцыі, а некаторыя і дагэтуль асталіся невядомымі чытачу. У № 11-12 часопісу «Беларусь» за 1945 г. намі упершыню апублікавана паэма В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца», напісаная ў 1857 годзе. Цяпер мы даем на ўвагу чытача яшчэ дзве рэчы В. Дуніна-Марцінкевіча «Быліцы, расказы Наума» і працяг іх «Халімон на каранацыі». Абедзве гэтыя рэчы маюць першараднае значэнне для характарыстыкі творчай эвалюцыі пісьменніка. І «Быліцы» і «Халімон на каранацыі» праліваюць новы прамень святла на творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча.

Улюбёны пісьменнікам герой, беларускі селянін, паказан у «Расказах Наума» і ў паэме «Халімон на каранацыі» з новага боку, у новай абстаноўцы, чымся у вядомых творах В. Дуніна-Марцінкевіча. Увага пісьменніка сканцэнтравана ў гэтых творах на паказе маральных якасцей простага чалавека, на паказе яго любві да роднай зямлі. У паэме «Халімон на каранацыі» пісьменнік апавядае аб наведванні героем Масквы. Масква і для тагачаснага беларускага селяніна ў паказе В. Дуніна-Марцінкевіча не чужы які-небудзь горад, а «сэрца рускай зямелькі».

У пяшчотна-лірычных тонах апавядае пра Маскву герой паэмы Халімон. Надаць свайму герою такую шчырую любоў да Масквы мог толькі такі пісьменнік, які сам любіў яе, як «сэрца рускай зямелькі».

Недрукаваныя паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча цікавы і апісаннем быта беларускага селяніна сярэдзіны XІX стаг. Малюнкі асобных эпізодаў сялянскага быту настолькі поўныя і дакладныя, што не губляюць пазнавальнага значэння для нашага часу. Публікуемыя творы дапаўняюць існуючае ўяўленне і аб паэтычным майстэрстве В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтых творах ён паўстае як спелы і сталы паэт, які досыць свабодна валодае дасканалымі для свайго часу паэтычнымі прыёмамі.

Гэтыя творы В. Дуніна-Марцінкевіча значна павялічваюць яго літаратурную спадчыну, даюць новы дадатковы матар'ял для вывучэння яго творчасці цалкам, яе стылю і мовы.

У прадмове да нашай публікацыі паэмы В. Дуніна-Марцінкевіча «Травіца брат-сястрыца» (гл. часопіс «Беларусь» № 11-12, 1945 г. стар. 20) нам ужо даводзілася гаварыць пра гісторыю неапублікаваных рукапісаў В. Дуніна-Марцінкевіча. 17-18 год таму назад у архіў кафедры беларускай літаратуры Акадэміі навук БССР паступіла два сшыткі вершаваных твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Першы сшытак, у якім 128 старонак, змяшчаў у сабе напісаныя на беларускай мове, але лацінкай "Bylicy, Razkazy Nauma , а другі паэму "Trawica Brat-Siastryca". Чатыры старонкі першага сшытку заняты загалоўкам, дзесяць - тэкстам прысвячэнне і фанетычнымі заўвагамі да мовы твораў і чатыры - тлумачэннямі некаторых слоў, якія здаваліся аўтару не зусім зразумелымі. Самы тэкст займае сто дзесяць старонак (адна старонка чыстая). На першай старонцы сшытку напісана: "Na ofiarowane, mnie dedykacje, utwory, zgadzam sіę і z wdzęcznoscіa pzryimuję Tadeusz Czudowskі". Тэкст прысвячэння змешчачы на пятай старонцы і фармуліраваны наступным чынам: "Wielmoznemu Tadeuszowi Czudowskiemu, w dowòd glębokіego szacunku, ten blahy utwor ofiaruje autor". На першай старонцы сшытку, ніжэй подпісу Чудоўскага, стаіць звычайны цэнзарскі дазвол: «Печатать позволяется с тем, чтобы по напечатании представлено было в Цензурный Комитет узаконенное число экземпляров. Вильно. 30 июня 1858 года.

Цензор П. Кукольник».

На трэцяй старонцы змешчана назва твору: "Bylіcy, Razkazy Nauma" Przez Wіncentego Dunin-Marcinkіewіcza. На версе гэтай-жа старонкі подпіс на рускай мове: «От сочинителя Марцинкевича. Г. Кукольнику, 23 июня 1858 г.» На старонках 7 - 14 змешчана прадмова аўтара, у якой ён гаворыць аб ранейшай сваёй літаратурнай дзейнасці. Гаворачы аб прычынах, у сілу якіх ён пачаў пісаць мастацкія творы, Дунін-Марцінкевіч кажа, што імі з'яўляецца любоў да народа, жаданне асветы народу і добрае знаёмства з бытам народа. У гэтай-жа прадмове аўтар гаворыць і аб кампазіцыі вобразу Халімона. Трыццаць шэсць старонак сшытку, на якіх змешчаны «Быліцы», маюць подпіс цэнзара: «Цензор Павел Кукольник». На трыццаць сёмай старонцы такога подпісу няма.

На старонках 66-124 змешчана паэма „Chalіmon na karanacyі. Яе загаловак перакрэслены, і закрэслены першыя дзве старонкі. На старонцы, дзе знаходзіцца перакрэслены загаловак, зроблен надліс: «Эта вся статья не может быть пропущена, а потому её должно исключить. Цензор П. Кукольник». Такім чынам паэма «Халімон на каранацыі» была забаронена цэнзарам, але прычыны забароны нам невядомы.

Вось так выглядаў сшытак, у якім былі змешчаны публікуемыя ніжэй творы В. Дуніна-Марцінкевіча.

У 1929 г. з лацінскага пісьма гэтых твораў Дуніна-Марцінкевіча была зроблена копія кірыліцай, якая знаходзіцца ў нас. Некалькі аркушаў рукапіснай копіі «Быліц» згублена намі ў часы блакады Ленінграда. Рэшту друкуем na сучаснай арфаграфіі.

Арыгіналы В. Дуніна-Марцінкевіча да Айчыннай вайны захоўваліся ў архіве Акадэміі навук БССР і, мабыць, загінулі, як загінула шмат велізарнейшай каштоўнасці рукапісных дакументаў.

Л. Бэндэ.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.