Ноч на Івана Купалу

Ноч на Івана Купалу
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910
Крыніца: «Наша Ніва», 1910, №26; Беларуская дакастрычніцкая паэзія - 1967 - с. 308

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Ахвярую Я. Купале


Ноч беспрасветная, страшная, сумная
Цяжка на землю сырую лягла;
Быццам як сонная, хмара пакутная
Ціха, ледзь жыва, па небе плыла...

Сцелецца густа туман над дубраваю,
К верху падымецца, зноў прападзе...
Дрэме над возерам вольха кудравая,
Лісця прыткнуўшы к спляснелай вадзе...

Чуць скалыхнецца асіна срабрыстая...
Я калачуся, займае дух мне,
Страхі здаюцца, а сіла нячыстая
Путае ногі і ўзад мяне пхне.

Мераць сном вочы мне ведзьмы зласлівыя,
Толькі не ім нада мною верх мець!
Чуў ад старых я, што жыцце шчаслівае
Тых ёсць, хто з папраці кветку сарвець!

Хто пераможа сам страхі ўсе дзікія,
Вызваліць кветку із ведзьмавых рук, —
Той таямніцы пазнае вялікія,
Знаці не будзе ні крыўды, ні мук!