Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938)/8/Прызнаньне правоў беларускае мовы падчас сусьветнае вайны

Палітычны працэс Якуба Коласа і т.т. Прызнаньне правоў беларускае мовы падчас сусьветнае вайны
Публіцыстыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1938 год
10. Летапіс Беларускага Навуковага Т-ва

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫЗНАНЬНЕ ПРАВОЎ БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ ПАДЧАС СУСЬВЕТНАЕ ВАЙНЫ.

Як ведама, пад Расеяй за царскіх часоў адносіны ўлады да беларускае мовы былі заўсёды няпрыхільныя. Праўда, спэцыяльных актаў аб перасьледаваньні беларускае мовы ня было: яна разглядалася не як асобная, самастойная славянская мова, а як „нарѣчіе русскаго языка“, і ясна, што проці яе, як такое, не магло быць ніякіх афіцыяльна варожых выступленьняў улады. Але ўжываньне яе ў дзяржаўных установах і школах не дапускалася. У школьнікаў вучыцялі расейскіх дзяржаўных школ стараліся „выбіваць дзеравеншчыну“ — вытраўляць мімавольна ўжываныя словы і выражэньні беларускія, розьнячыяся вельмі ярка ад расейскіх. Не забаранялася і друкаваньне кніжак у беларускай мове, але да 1905 году нельга было друкаваць іх ані лацінікай, ані гражданкай фонэтычным правапісам. Кніжкі беларускія мусілі быць пісаныя расейскім правапісам з усімі яго асаблівасьцямі, успадкаванымі ад старабаўгарскае (т.-зв. царкоўна-славянскае) мовы („ѣ“, „ъ“, „е“ замест „э“, „о“ замест бязударнага „а“, „т“ і „д“ мяккое замест „ць“ і „дз“, — канчаткі „нье“ або „ніе“, „лье“ або „ліе“ замест падвойных мяккіх „ньне“, „льле“ і г. д.). Абмежаньні гэтыя, праўда, страцілі сваю абавязываючую сілу ў 1905 годзе, — але да апошняга дня існаваньня царскае Расеі беларуская мова не атрымала правоў грамадзянства — ані ў школе, ані ў дзяржаўных установах.

У сувязі з гэтым цікаўна адзначыць першы акт улады, якім правы беларускае мовы былі прызнаны афіцыяльна. Акт гэты быў зроблены нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў 1916 г. і падпісаны фэльдмаршалкам Гіндэнбургам.

16-га студня 1916 г. былі апублікаваны „Ausführungsbestimmungen zu den grundlegenden Richtlinien zur Wiederbelebung des Schulwesens vom 22. Dezember 1915. VIII Nr 82“. У гэтым акце зьмешчаны, паміж іншым, гэткі пункт аб роднай мове ў школьніцтве:

„Als Muttersprache hat diejenige Sprache zu gelten, welche die Eltern im häuslichen Umgang mit den angemeldeten Kindern zu sprechen pflegen. Bei den Juden wird das „Jiddisch-Deutsch“ in der Regel als Muttersprache anzusehen sein.

„In Zweifelsfällen entscheider der Verwaltungschef nach Anhörung der Schulbehörde… Das Weissrussische, das mit dem Russischen nicht identisch ist, wird unbeschränkt zugelassen“.

Гэтыя „Ausführungsbestimmungen“ адносіліся да адзначанага ў загалоўку загаду таго ж фэльдмаршалка Гіндэнбурга, як „Галоўнакамандуючага на Усходзе“ („Der Oberbefehlshaber Ost“), з 22.XII.1915 г., дзе языковае пытаньне ў школьніцтве наагул вырашалася ў пункце 10 гэтак:

„10. Sprachliche Verhältnisse.

Die Unterrichtssprache soll die Muttersprache Sein. Inwieweit in Schulen mit nichtdeutscher Muttersprache auch in der deutschen Sprache zu unterrichten ist, behalte ich nach Vorschlag der Verwaltungen meiner Entscheidung vor.

In allen Schulen ist das Deutsche mit möglichst vielen Stunden von der untersten bis zur obersten Stufe zu lehren, so dass jedes Kind bei der Entlassung aus der Schule die deutsche Sprache in Wort und Schrift genügend beherrscht.

Russisch als Unterrichtssprache ist für alle Schulen verboten, doch darf es als fakultatives Lehrfach in den mittleren und höheren Schulen auftreten.

Es ist anzustreben, dass die Sprache der Lehrpersonen im Verkehr mit der vorgesetzten Schulbehörde und die Führung der Gescheftsbŭcher die deutsche ist.

Es wird daher erwartet, dass alle Lehrpersonen sich die Kenntniss der deutschen Sprache möglichst bald aneignen.

Der Religionsunterricht soll in der Muttersprache — den Juden in ihrer Religionssprache — erteilt werden“.

Абодва дакумэнты вельмі характэрныя для нацыянальнае палітыкі нямецкіх акупацыйных уладаў, — палітыкі, якую яны праводзілі цьвёрда паводле намечаных „Richtlinien“.

Гожа тут адзначыць, што нямецкая адміністрацыя забараняла друкаваць пабеларуску гражданкай, і дазвол на выпуск беларускага часопісу „Гоман“ у Вільні быў дадзены сьпярша пры ўмове друкаваньня яго лацінікай. „Гоман“ і пачаў выходзіць лацінікай 15.II.1916 году. Але ужо ад 6.X.1916 г. часопіс друкаваўся і гражданкай — у двух асобных выданьнях („Ausgabe A“ i „Ausgabe B“).

Усе афіцыяльныя апавяшчэньні і загады нямецкіх уладаў, выдаваныя побач з іншымі краёвымі мовамі — такжа і пабеларуску, друкавалі беларускі тэкст выключна лацінікай. Уступка для „Гомана“ была зроблена толькі затым, што на яго было значнае запатрабаваньне ад палонных беларусаў у лагерах для ваенна-палонных, а жаўнеры-беларусы, якія да вайны вучыліся выключна ў расейскіх школах, лацінікай чытаць ня ўмелі. Адносна да іншых друкаў (кніжак і т. п.) забарона друкаваць гражданкай трывала да канца акупацыі.

А. Л.