Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел X. Прынц у цянётах

Разьдзел IX Прынц і жабрак
Разьдзел X. Прынц у цянётах
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы пакінулі Джона Канці, калі ён пацягнуў законнага прынца ў Офаль-Корт, праводжаны неспакойным разбэшчаным натаўпам. Толькі адзін чалавек прыкінуў слоўца на карысьць хлопчыка, але на яго не зьвярнулі ўвагі, — наўрад ці чулі яго — гэткі гвалт падняўся. Прынц далей вырываўся й шалеў з прычыны благога абходжаньня з ім. Джон Канці выйшаў з цярплівасьці і замахнуўся быў дубінкаю над яго галавою. Адзіны абаронца хлопчыка кінуўся, каб стрымаць нягодніка, і ўдар дастаўся яму ў кісьць рукі.

— Ты будзеш мяшацца, — зароў Канці, — будзеш? Дык вось табе!

Дубінка яго з трэскам трахнула заступніка па галаве. Разьляглося стагнаньне, цёмная фігура звалілася на зямлю, да ног натаўпу, і праз мінуту ўжо адна ляжала ў цемнаце. Чэрнь пасьпяшыла разыйсьціся, але апошняе здарэньне, відочна, ані не засмуціла яе настрою.

Прынц апынуўся там, дзе жыў Джон Канці, і дзьверы зачыніліся за ім. Пры цьмяным сьвятле лаявое сьвечкі, ўваткнутай у бутэльку, ён у агульнах рысах разглядзеў гадкі катух, а таксама жыхароў яго. Дзьве замурзаныя, нячэсаныя дзеўчыны й жанчына сярэдняга веку сядзелі на карачках у адным куце, з выглядам жывёлін, прывыкшых да благога абходжаньня і кожную мінуту боязна чакаўшых штурханцоў.

З другога кута вылезла сухарлявая, скурчаная ведзьма, з лахмацістымі сівымі валасамі і злымі вачыма. Джон Канці зьвярнуўся да яе:

— Пачакай-жа! Вось, дык камэдыя! Не чапай яго, пакуль не наглядзішся колькі трэба, а ўжо пасьля прыкладзі руку ды як найлепей... Хадзі сюды, галубок. А ну, паўтары свае байкі, калі не запомніў. А як там завуць цябе? А хто ты?

Ад крыўды прынцаў твар зарумянеў; кінуўшы сьмелы, злосны пагляд на свайго ліхадзея, ён прамовіў:

— Ня прыстала гэткім, як ты, прыказваць мне. І цяпер скажу табе, як казаў раней: я Адварды, прынц Уэльскі, і ня хто іншы.

Гэты адказ аглушыў ведзьму, як-бы прыбіў яе да падлогі, — у яе проста аж дух захапіла. Яна ўважліва глядзела на прынца з тупым зьдзіўленьнем, якое гэтак цешыла яе нягодніка-сына, што ён аж зайшоўся ад сьмеху.

Ня гэтак адбіліся словы прынца на матцы й сёстрах. У іх страх перад пабоямі ўступіў месца небясьпецы іншага гатунку. Яны кінуліся да хлопчыка з выразам гора й жаху на тварах, з воклікамі:

— О, бедны Том, бедненькі хлопчык!

Маці ўпала на калены перад прынцам, паклала яму рукі на плечы і ўтаропілася ў тварык сумнымі, поўнымі сьлёз, вачыма.

О, маё беднае дзіця! Твае дурныя кніжкі зрабілі, нарэшце, сваё ліха — пазбавілі цябе розуму. Ах, нашто так цягнула цябе да іх, а я-ж гэтак асьцерагала цябе! Разьбіў ты сэрца маці свае.

Прынц паглядзеў ёй у твар і спакойна сказаў:

— Сын твой здароў і не пазбавіўся розуму, добрая жанчына. Уцешся, пусьці мяне ў палац, дзе ён цяпер знаходзіцца, і кароль, бацька мой, незабаўна верне яго табе.

— Кароль—бацька твой! О, маё дзіцятка! Не кажы гэткіх словаў. Сьмерцяй пагражаюць яны табе й пагібельлю ўсім тваім блізкім. Пражані гэтыя страшныя мары. Прыкліч сваю бедную, зблудзіўшую памяць. Паглядзі на мяне. Хіба-ж ня я маці твая, што спарадзіла цябе і любіць цябе?

Прынц памахаў галавою й неахвотна адказаў:

— Аднаму Богу вядома, што я не хачу крыўды табе, а кажу праўду: ніколі яшчэ дасюль ня бачыў я твайго твару.

Жанчына ізноў апусьцілася на падлогу і, затуліўшы твар рукамі, дала волю душу разьдзіраўшым прычытваньням.

— Цягні далей камэдыю! —крыкнуў Канці.— Ну, Нан і Бэт, непашанлівыя дзеўкі, як сьмееце вы стаяць у прысутнасьці прынца! На калены, жабрачкі, чэрві грамадзянства, і пакланецеся яму ў ногі.

Затым ён ізноў гучна зарагатаў. Дзеўчыны баязьліва пачалі прасіць за брата:

— Бацька, пусьці яго спаць; адпачынак і сон узмоцніць яго розум, — калі ласка, пусьці.

— Пусьці, — сказала Бэтты, — ён сягоньня болей, як калі, змучаны. Заўтра ён апамятаецца, заўзята возьмецца прасіць міласьціны, і ўжо ня вернецца дамоў з парожнімі рукамі.

Гэтая ўвага працьвярозіла бацьку, быўшага пад чаркаю, і прыпомніла яму аб няпрыемнай акалічнасьці. Ён злосна зьвярнуўся да прынца:

— Заўтра мы павінны заплаціць два пэньні гаспадару гэтае буды, два пэньні — заўваж сабе, за паўгода, а то нам прыдзецца выляцець адсюль. Пакажы-ж, што ты сабраў, гультаю!

— Не зьневажай мяне сваімі нізкімі інтарэсамі, — сказаў прынц. — Паўтараю табе, я каралеўскі сын.

Разьлёгся звонкі ўдар шырокае далоні Канці. трапіўшы ў плячо прынцу; апошні хістануўся і ўпаў на рукі жонкі п'яніцы, прытуліўшай яго да грудзей і абараніўшай сваім целам ад граду штурханцоў і аплявухаў. Спалоханыя дзеўчынкі скуліліся ў куточку; а бабка старанліва выступіла на падмогу сыну. Прынц вырваўся з рук місіс Канці і гучна сказаў:

— Ты не павінна пакутаваць за мяне, добрая жанчына! Хай гэтыя сьвіньні робяць са мною, што хочуць.

Гэтыя словы да таго разьюшылі „сьвіней", што яны, не марнуючы часу, узяліся за справу. І праўда, яны, як мае быць, адластажылі хлопчыка, а дзеўчынкам і маці таксама ўляцела за выраз спачуваньня ахвяры.

— Цяпер,—сказаў Канці,— пайшлі ўсе спаць. Змарыўся я ад гэтай пацехі.

Агонь пагас, і ўсе разыйшліся па сваіх месцах. Калі храпеньне галавы дому й яго маці пацьвярдзіла, што яны сьпяць, дзеўчынкі крыючыся падпаўзьлі да прынца і далікатна прыкрылі яго ад холаду саломай і лахманамі. Маці іхняя таксама падпаўзла да яго, пагладзіла яго па галаве й залілася над ім сьлязьмі, перарывіста шэпчучы яму паціху словы ўцехі і спачуваньня. Яна прыхавала для яго скарыначку хлеба; але боль пазбавіў хлопчыка ўсялякага апэтыту, — па крайняй меры, да бяссмачных скарынак. Прынц быў крануты яе адважнаю, самаахвярнаю абаронаю і яе спачуваньнем; ён падзякаваў ёй поўнымі дастойнасьці царственымі словамі і папрасіў, каб яна ішла спаць і запомніла аб сваім горы. Хлопчык дадаў, што кароль, бацька яго, не пакіне без падзякі яе шчырае дабраты і адданасьці. Гэтая азнака „ненармальнасьці" ізноў засмуціла яе; яна ўсё прытуляла прынца да грудзей, і, нарэшце, пакінула яго, заліваючыся сьлязьмі.

У той час, як яна ляжала, патануўшая ў цяжкім думах, у душу яе пачало залазіць падазрэньне, што, як ні як, у хлопчыку відно тое, чаго ня было ў Тома. Яна не магла азначыць гэтай асаблівасьці, ня ўмела выказаць у чым яна крылася, але яе чулае матчынае пачуцьцё, як відаць, выкрыла, заўважыла розьніцу. А што, калі хлопчык і сапраўды не яе сын? О, якая недарэчнасьць! Яна блізу што ўсьмяхнулася пры гэтай думцы, ня гледзячы на сваё гора й пакуту. Ўсё-ж такі, падазрэньне не давала ёй спакою, неадступна прасьледавала, мучыла, і яна ня мела сілы прагнаць яго. Яна нарэшце пераканалася, што не супакоіцца датуль, пакуль ня прыдумае пробы, якая напэўна й ясна паказала-б, яе сын гэты хлопчык, ці не, і прагнала-б яе прыкрую дакучлівую няпэўнасьць. О, так, гэта, відочна, быў адзіны выхад з труднага палажэньня; заставалася прыдумаць пробу. Але прыдумаць было лягчэй, як выканаць. Яна перабірала ў галаве адзін спосаб за другім, але павінна была адмовіцца ад усіх, — ніводзін з іх, як мае быць, ня пэўны, ня зусім верны, а няспрытная проба не магла здаволіць яе. Відочна, яна дарэмна ламала галаву — трэба было адмовіцца ад гэткае штукі. Тымчасам, як у галаве ў яе раілася гэта давіўшая думка, да слыху яе даляцела правільнае дыханьне хлопчыка, і яна пераканалася, што ён заснуў. Калі яна пачала прыслухвацца, дык роўнае дыханьне раптам было перарвана крыкам перапуду, як часта бывае ў трывожным сьне. Гэта выпадковая акалічнасьць неспадзявана нагнала ёй плян, стоіўшы ўсіх ранейшых, разам узятых. Яна адразу пачала пасьпешна, але паціху запальваць сьвечку, мармычучы напамяць:

— Толькі каб паглядзець мне на яго тады — дык зараз-жа пазнаю! 3 таго самага часу, як ён быў яшчэ маленечкім хлопчыкам, і порах бухнуў яму ў твар, толькі, бывала, што нібудзь раптам спалохае яго, ян ён сьпіць або задумаецца, як ён адразу заслоніць вочы рукою, так, як у той нешчасьлівы дзень, — ды ня так, як усе людзі — далоняю да твару, а заўсёды далоняй ад сябе. Сто разоў заўважвала я гэта, і ніколі не абходзілася бяз гэткага руху, і ніколі ён не зьмяняўся... А, ўжо-ж цяпер я пазнаю!"

Тымчасам яна падпаўзла да драмаўшага хлопчыка, са сьвечкаю, затуленай рукою. Яна пытліва й асьцярожна схілілася над ім, ледзь дыхаючы, падаўляючы неспакойнасьць, і раптоўна падняла сьвечку да яго твару і стукнула аб падлогу суставамі пальцаў, каля самага вуха у хлопчыка. Вочы спаўшага шырока расплюшчыліся, ён палахліва азірнуўся наўкола, але не зрабіў вядомага, характарнага руху рукою.

Бедная жанчына слаба апусьцілася, ахопленая зьдзіўленьнем і горам; але яна змагла ўтаіць сваю неспакойнасьць ды зноў улюляць хлопчыка. Пасьля яна адпаўзла на сваё месца, і аддалася горкім думкам, з прычыны няўдачнага рэзультату пробы. Яна хацела верыць, што вар'яцтва Тома прагнала прывычны жэст, але не магла:

— Не, — сказала яна, — то-ж рукі яго не звар'яцелыя; яны не маглі адвыкнуць ад старога налогу за гэткі кароткі час. Ой, цяжкі дзень выпаў сягоньня на маю долю!

Усё такі, надзея цяпер запала ў яе душу гэтак сама глыбока, як раней няпэўнасьць; яна не магла згадзіцца з прыгаварам, які вынесены быў ёй пробаю. Яна яшчэ раз павінна зрабіць досьлед—няўдача магла быць справаю выпадку. Гэткім чынам, яна будзіла хлопчыка другі і трэці раз, а рэзультат быў той самы, што і першы раз. Тады яна дапаўзла да пасьцелі і, ахопленая горам, заснула.

— Не, я не магу пакінуць яго, — мармытала яна перад тым, — не, не магу... Ён павінен быць маім сынам.

Пасьля таго, як бедная маці пакінула трывожыць прынца і боль ня так непакоіў яго, крайняя змога стуліла яму вочы, і ён папаў у глыбокі, асьвяжальны сон. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён ўсё спаў, як забіты. Прайшло чатыры ці пяць гадзін, соннасьць пачала слабець. Раптам праз сон хлопчык прамармытаў:

— Сэр Уільям!

Мінуту пачакаўшы:

— Сюды, сэр Уільям Гэрбэрт! Хутчэй сюды, паслухай, які дзіўны сон прысьніўся мне. Сэр Уільям, чуеш? Я бачыў цябе праз сон жабраком і... Сюды варта! Сэр Уільям! Што гэта? Нікога з камэр-лекаёў няма? Ой, дастанеце вы!...

— Што з табою? — пачуўся каля яго шэпт. — Каго ты клічаш?

— Сэра Уільяма Гэрбэрта? А ты хто?

— Я? Хто-ж, як не сястра твая, Наньні? Ах, Том, я й запомніла! Небарака, то-ж ты ўсё яшчэ не пры сваім розуме. Лепей, каб я памёрла й ня ведала гэтага. Ну, калі ласка, сьціхні, а то ўсіх нас заб'юць да сымерці.

Спалоханы прынц падскочыў быў, устаўшы на ногі, але востры боль ад нялюдзкіх пабояў, што дасталіся яму напярэдадні, прывёў яго да памяці; ён ізноў кінуўся, стогнучы, на гнілую салому, сказаўшы:

— Так, так! Дык гэта ня быў сон!

У момэнт цяжкае гора й пакута, прагнаныя сном, ізноў вярнуліся да яго; яму лёгка было пераканацца, што ён ужо болей ня прынц, лашчаны ў каралеўскім палацы, ня прынц, на якім пакояцца поўныя абажаньня вочы ўсяго народу, а жабрак, аб'едак грамадзянства, апранены ў рызьзё, што знаходзіцца сярод жабракоў і зладзеяў у гэткай нарэ, што толькі скаціне хіба жыць у ёй.

Сярод свайго цяжкага настрою, ён раптам пачуў вясёлы гоман і крыкі, што былі, як відаць, за некалькі шагоў. Мінюту пачакаўшы, пачуўся моцны стукат у дзьверы. Джон Канці пакінуў храпсьці і спытаўся:

— Хто стукае? Чаго табе трэба?

Невядомы голас адказваў:

— Ведаеш, каго ты ўчора палажыў дубінкаю?

— Не. Ня ведаю, і ведаць не хачу.

— Пэўна, што ня тое ты запяеш зараз. Калі хочаш выратаваць сваю галаву, дык уцякай; толькі гэта й паможа табе. Чалавек гэты аддае цяпер Богу душу. Гэта сьвяшчэньнік, айцец Андр'ю!

— Госпадзі памілуй! — гукнуў Канці.

Ён збудзіў усіх сваіх і сіплівым голасам прыказаў:

— Уставайце ўсе і ўцякайце — або заставайцеся тут і прападайце!

Цераз пяць мінут сям'я Канці была ўжо на вуліцы, ратуючыся ўцяканьнем. Джон Канці трымаў прынца за руку і цягнуў яго цёмным завулкам, перасьцерагаючы паўголасна:

— Трымай язык за зубамі, вар'яце, і не выдавай нашага імя. Я зараз-жа выбяру сабе іншае прозьвішча, каб зьбіць з толку шпікоў. Прытрымай язык, кажу табе!

Зьвяртаючыся да рэшты сяброў сям'і, ён злосна прагурчаў:

— Калі здарыцца, што хто-нібудзь застанецца, дык хай ідзе да Лёнданскага мосту; як толькі апыніцца там каля апошняе плацянковае крамкі, хай пачакае ўсіх. Затым мы махнём у Саузсуорк.

У гэтую мінуту ўцекачы раптоўна трапілі з цемры ў ясна асьветленае месца ды яшчэ ў натаўп народу, які, сабраўшыся на беразе ракі, пяяў, скакаў і выгукваў радасныя крыкі. За вадою і проці вады па Тэмзе, наколькі хапала вока, цягнулася стуж а пацешных агнёў; Лёнданскі мост быў ілюмінованы, Саузсуорскі мост таксама. Уся рака зіхацела яснымі каляровымі агнямі, а бесьперастанныя букеты фэйервэркаў асьвятлялі неба сеткай агнявых палосак і густым дажджом іскраў, блізу што робячы з ночы дзень. Усюды відаць было натаўпы гуляўшых — здавалася, што ўвесь Лёндан сабраўся тутака.

Джон Канці загрымеў страшэннай лайбаю і скамандаваў адступленьне; але было вельмі позна. Ён і сям'я яго падхоплены былі густым натаўпам і ў міг адарваны адзін ад аднаго, за выняткам прынца, якога Канці моцна трымаў у сваіх лапах. Цяпер прынцава сэрца моцна застукацела надзеяй на ратунак. Нейкі здаравенны рыбак, быўшы, як трэба, пад чаркаю, прычапіўся да Канці за тое, што той, прабуючы пралезьць праз натаўп, груба штурхануў яго; паклаўшы сваю руку на плячо Канці, ён сказаў:

— Слухай, куды ты гэтак сьпяшаешся, дружа? Чаго губіш душу сваімі справамі, калі ўвесь добры народ спраўляе сьвята,

— Мае справы мне і ведаць, цябе не датычаць, — адкаэаў Канці. — Вазьмі руку і дай прайсьці,

— А, калі ты так, дык не прапушчу цябе, кажу, пакуль ня вып'еш за здароўе прынца Уэльскага, — сказаў рыбак, рашуча заступаючы дарогу.

— Ну, давай сюды браціну, ды жывей, жывей!

Тымчасам іншыя баляваўшыя зацікавіліся гэтаю сцэнкаю.

— Браціну, браціну сюды, хай п'е галцяй, а не, дык мы кінем яго на страву рыбе.

Падалі вялікую браціну. Рыбак, схапіўшы яе за адно вушка і робячы выгляд, што другою рукою трымае ручнік, паднёс судзіну, па форме, згодна з даўнейшым звычаем, Канці, які павінен быў узяць за другое вушка і ў той-жа самы час падняць накрыўку — таксама паводлуг даўнейшага звычаю. Цераз гэта прынц на момэнт звольніўся. Не марнуючы часу, ён даў нурца ў натаўп і зьнік. Мінуту пачакаўшы, яго гэтак-жа цяжка было знайсьці ў гэтым хваляваўшым моры галоваў, як монэту ў вадзе Атлянтычнага акіяну.

Хлопчык борзда скеміў гэта і адразу заняўся сваім палажэньнем, саўсім запомніўшы аб Джоне Канці. Хутка ён даведаўся аб цікавай навіне: што сьвяты зроблены ў чэсьць нейкага самазваннага прынца Уэльскага. Ён падумаў, што бедны хлопчык Том Канці сумысьля скарыстаў з надта мілага здарэньня і выдае сябе за прынца.

Дзеля гэтага, заставалася толькі адно —знайсьці дарогу ў Гільдголь, аб'явіцца і выдаць ашуканца. Разам з тым, ён рашыў, што Тома трэ' будзе пакінуць жывым на нейкі час, дзеля духоўнага настаўленьня, а затым ён будзе павешаны і чацьвяртованы, згодна з законам і ўстаноўленым звычаем пры замаху на захапленьне дзяржаўнае ўлады.