Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XI. У Гільдголі

Разьдзел X Прынц і жабрак
Разьдзел XI. У Гільдголі
Аўтар: Марк Твэн
Разьдзел XII
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каралеўская барка, праводжаная раскошнаю флётыліяй, вялічава плыла за вадою па Тэмзе паміж масы ілюмінованых чаек. У паветры разьлягалася музыка; берагі ракі зіхацелі агнямі; далёка места было ахоплена мягкім займішчам ад масы пацешных агнёў; шмат мачтаў, унізаных зіхацеўшымі лямпіёнамі, высока паднімаліся ў неба, здалёку паходзячы на вялізарныя пікі з інкрустацыяй з дарагіх каменьняў. Калі флётылія адплыла, дык яе вітаў нясьціхаўшы глухі гук натаўпу, што быў на берагох ракі, і бесьперастанны гром гарматаў.

Тому Канці, патануўшаму ў шаўковых падушках, гэтае гучнае зьявішча здавэлася рэдкім, неапісальным цудам. А дзеля маленькіх дружак, сядзеўшых побач з ім, — для прынцэсы Ажбеты і лэді Джэні Грэй, — усё гэта было звычайным зьявішчам.

Даехаўшы да Даўгэйту, флёт падцягнуўся да сьветлых водаў Уольбурку (канал якога вось ужо два сталецьці як зьнік пад масаю будынкаў), скіраваўся да Бёкльсбёры, праяждаючы каля дамоў і пад мастамі, укрытымі многалюднымі зборышчамі вясёлага народу й раскошна ілюмінованымі, і, нарэшце, спыніўся ў вадазборніку, дзе цяпер Бардж-ярд, у цэнтры старога лёнданскага Сіці. Вылезшы тутака, раскошная працэсія прайшла Чыпзайд, Ольд-Джуры, Бэсінголь-стрыт да Гільдголю.

Том і маленькія лэді, з устаноўленаю цэрэмоніяй, прыняты былі лёрд-мэрам і заправіламі сіці, у залатых ланцугох і пурпуровых формах; іх правялі да раскошнага балдахіну, зробленага ў вялікай залі, з гэрольдамі, гарадзкім жэзлам і мечам наперадзе. Лёрды і лэді, на абавязку якіх было прыслужваць Тому і яго маленькім дружкам, занялі месца ззаду за іхнімі крэсламі.

За другім сталом, крыху далей, сядзелі прыдворныя саноўнікі і важныя госьці разам з мясцовымі вяльможамі; розначынцы памясьціліся за масаю сталоў, запоўніўшых большую часьць залі. З высаты свае, волаты Гог і Магог, старадаўнія апякуны сіці, пазіралі на тое, што адбывалася ўнізе, вачыма, прывыкшымі да гэтага ў працягу масы пакаленьняў. Пачуўся трубны гук, і паважны дварэцкі зьявіўся на высокім пляцы левых дзьвярэй, праводжаны слугамі, нёсшымі, з важнаю ўрачыстасьцю вялізны, абняты параю, ростбіф.

Пасьля малітвы Том (згодна з настаўленьнем) устаў, і ўсе прысутныя зрабілі тое самае; ён надпіў з вялікае залатое браціны, перадаў яе прынцэсе Ажбеце, лэді Джэні, і затым яна абыйшла ўсё сабраньне. Гэтак пачаўся банкет.

Апоўначы баль быў у поўным разгары. Пачалося адно з тых маляўнічых прадстаўленьняў, якія гэтак любілі калісьці. Апісаньне яго дасюль засталося ў жывой перадачы сьведкі-летапісца:

„Пасьля таго, як ачысьцілі месца, увайшлі спачатку барон і граф, апраненыя ў турэцкія халаты з залатымі блішчасткамі; на галаве ў іх былі шапачкі з малінавага машасту з утканымі золатам башлыкамі; з боку, на доўгіх залатых перавязях, віселі шаблі. Пасьля ўвайшлі яшчэ барон і граф у доўгай вопратцы з жоўтага атласу, з малінавымі і белымі вышыўкамі ў расейскім духу, з шапкамі з барсуковых скурак; абутыя яны былі ў боты з задранымі ўгару доўгімі насамі; кожны з іх трымаў у руцэ сякеру. Пасьля іх зьявіўся рыцар, лёрд-адмірал і з ім пяцёх вяльможаў у камзолах з малінавага машасту, з глыбокімі выразамі сьпераду і ззаду, сьцягненымі на грудзёх сярэбранымі ланцугамі; зьверху на гэтым кароткія накідкі з малінавага атласу, а на галовах былі шапачкі, як у танцораў, з фазановымі пёрамі, — былі яны апранены паводлуг прускае моды. Сьвячуры, якіх было каля сту чалавек, насілі во-пратку з малінавага атласу з зялёным, як у маўраў, і начарнілі сабе твары. Пасьля ішлі мімы, за імі замаскованыя мэнэстрэлі, — усе скакалі. Лёрды і лэді таксама скакалі з гэткім жарам, што люба было паглядзець".

У той час, як Том, са свайго высокага крэсла, глядзеў на гэтыя „шалёныя" скокі, не перастаючы дзівіцца з нявымоўнае рознаколернасьці багата апраненых фігураў, што віхрам круціліся перад ім, — абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі трэбаваў узнаўленьня сваіх правоў, ганіў самазванца і дамагаўся, каб яго дапусьцілі ў пакоі Гільдголю. Натаўп нямала пацяшаў гэты выпадак, — некаторыя стараліся праціснуцца наперад, выцягвалі шыі, каб паглядзець на маленькага мяцежніка. Іншыя пачалі жартаваць і сьмяяцца з яго, з мэтаю раздразьніць яго і выклікаць яшчэ большае шаленства, якое здавалася ім забаўным. Горкія сьлезы выступілі ў хлопчыка на вачох, але ён бараніў свае правы і зусім пацарску адбіваў напады натаўпу. Пайшлі новыя зьдзекі й насьмешкі, зачапіўшыя яго, і ён гукнуў:

— Кажу вам ізноў, стада паскудных сабак, што я прынц Уэльскі! Хай пакінены й адзінокі я цяпер і няма ад каго чакаць мне добрага слова або падмогі ў бядзе, усё-ж такі не адступлюся я ад свае заявы, а наадварот, буду ўпарта падтрымліваць яе.

— Прынц ты, ці не, ўсё роўна, але ты слаўны хлопчык, і не адзінокі ўжо, — я з табою. Я дакажу, што лепшага прыяцеля, як Майльс Гэндон, не знайсьці табе. Сьціхні, дзіця; я пасвойму пагавару з гэтымі подлымі пацукамі.

Гаварыўшы гэта па вопратцы й выгляду напамінаў дона Сэзара дэ-Базана. Гэта быў высокі, хораша зложаны, мускулісты мужчына. Яго куртка й шаравары былі з дарагога матар'ялу, але паліняўшыя й паношаныя, а залацістыя кружавы на іх моцна пацьмянелі, брыжы былі памятымі й папсованымі; пяро на капялюшы, зломанае і запэцканае, мела даволі няпрынадны выгляд; на поясе вісела доўгая шпага ў заіржавелай жалезнай похве. Жывая постаць адразу выказвала ў ім забіяку.

Адказам на словы таямнічага незнаёмца быў дружны рогат. Хтосьці крыкнуў: „Вось яшчэ пераапранены прынц!". „Прытрымай, браце, язык, ён, чаго добрага, злы!" „Далібог, ён падобны на тое — паглядзеце, вочы-ж якія!" „Адбірай у яго хлапчыну — ў ваду цягні шчанюка!"

Неспадзявана, падагнаны гэтаю думкаю, хтосьці схапіў хлопчыка; гэтак-жа неспадзявана выцягнуў шпагу незнаёмец, і, ўдараны ёю плоскім бокам, нягоднік упаў на зямлю. Сьледам за гэтым пачуліся галасы: „Бі сабаку! Бі яго, бі!"—і натаўп пачаў напіраць на ваяку; той упёрся плячыма ў сьцену і, як шалёны, пачаў касіць сваёю зброяю. Яго ахвяры падалі ў розныя бакі, але натаўп лез на паваленых і кідаўся на ваяку з неаслабнаю злосьцю. Здавалася, што мінуты яго падлічаны, ня мінуць яму пагібелі, як раптам пачуўся гук трубы і воклік: „Дарогу каралеўскаму пасланцу!" Аддзел коньнікаў наляцеў на натаўп, які разьбегся ад небясьпекі, і з усей сілы пусьціўся хто куды. Адважны ваяка падхапіў прынца і хутка быў далёка ад натаўпу, вонках усялякае небясьпекі.

Але вернемся ў Гільдголь. Сярод гучнае ўрачыстасьці і балю, раптам моцна затрубіў рог. Запанавала няжывая ціша. Тады пачуўся голас прыдворнага пасланца, голасна чытаўшага праклямацыю, якую ўсе слухалі стоячы.

Канчальныя словы яе, урачыста сказаныя, былі гэткімі:

— Кароль сканаў!

Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:

— Няхай жыве кароль!

Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:

— Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?

— Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі — тваё слова—закон.

Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:

— Хай будзе адсюль каралеўскі закон — законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.

Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;

— Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!