Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XIII. Прынц зьнік

Разьдзел XII Прынц і жабрак
Разьдзел XIII. Прынц зьнік
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XIV

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Моцная санлівасьць ахапіла абодвух таварышоў.

— Сьцягні гэтыя лахманы, — сказаў кароль, паказваючы на сваю вопратку.

Гэндон распрануў хлопчыка, не запярэчыўшы ні словам, і палажыў яго ў пасьцель. Пасьля, павёўшы вачыма па пакоі, ён панура падумаў: «Ён ізноў заняў маё ложка, як раней, — сапраўды, што-ж гэта рабіць?…» Маленькі кароль заўважыў гэта і сказаў з сонным выглядам:

— Ты павінен спаць за дзьвярыма ды сьцерагчы іх.

Праз мінуту ён адляцеў далёка ад сваіх бедаў, патануўшы ў глыбокім сьне.

— Сардэчны, яму толькі й радзіцца трэ’ было-б каралём, — з зьдзіўленьнем прамармытаў Гэндон, — ён якнайлепей спаўняе сваю ролю.

Затым ён выцягнуўся на падлозе, каля дзьвярэй, кажучы з пачуцьцём задаваленьня:

— За гэтыя сем гадоў спаў я пры горшых варунках; дык было-б няўдзячнасьцю да Стварыцеля маракаваць на цяперашняе палажэньне.

Ён заснуў, калі пачало днець. Каля паўдня ён устаў, далікатна раскрыў свайго знойденага хлопчыка, і зьняў з яго мерку шнурком. Якраз калі ён скончыў прымерку, кароль прачхнуўся, паскардзіўся на холад, і спытаўся ў яго, што ён рабіў.

— Ужо скончыў, гаспадару, — сказаў Гэндон, — цяпер трэба мне схадзіць па маленькай справе, але я зараз-жа вярнуся. Засьні йзноў, табе патрэбен сон. Гэтак, — дай-жа ўкрыць цябе, — гэтак ты хутка ўгрэешся.

Кароль патануў у царстве сноў, раней як гэтыя словы былі сказаны. Майльс ціхенька высьлізнуўся з пакою й таксама ціхенька вярнуўся цераз мінутаў сорак з патрыманай параю дзіцячай вопраткі з тонкага матар’ялу, дзе-ня-дзе пацёртай, але яшчэ прыстойнай і падходзіўшай да сэзону. Ён сеў і пачаў разварочваць яе, гаворачы:

— Калі-б у кішані было болей, можна было-б купіць што-нібудзь лепшае, а раз няма — трэба карыстацца тым, што ёсьць…

Жыла-была у нас у месьце, Жанчына ў месьце ў нас жыла…

Ён, здаецца, павзрушыўся… ня трэба пяяць гэтак моцна; няварта трывожыць яго сну, — тым болей, што перад ім яшчэ гэткая падарож, а ён, небарачак, змучаны… Гэтая куртка… яна яшчэ добрая… тут крыху сабраць ды там, і яна будзе якраз на яго. А вось парткі лепшыя, хаця й тутака прысьцябнуць раз ці два ня шкодзіць. Гэтыя башмакі куды вядзеш, ды моцныя, ў іх яго ножкам будзе цёпла—нязвычайная, мусі, навіна для яго, — бо ён-жа, напэўна, прывык хадзіць басанож і летам і зімою. Эх, каб гэта хлеб быў аднае цаны з ніцьмі, — то-ж за фарсінг іх стане на цэлы год ды яшчэ іголку дастанеш у дадатак. Цяпер перада мною чартоўская задача — ўвясьці нітку ў іголку.

Так яно і выйшла. Нарэшце, гэта яму так-сяк удалося. Ён узяў вопратку, ляжаўшую ў яго на каленах, і ўзяўся за работу.

— За пакой заплачана, за сьнеданьне, што павінны падаць, — таксама, ды яшчэ тое-сёе застаецца, каб купіць пару аслоў ды на дробныя расходы ў працягу двух-трох дзён — а там, у Гэндон-Голі, ўсяго ў нас будзе колькі хочаш

Любіла мужа вельмі…

— Ай, чорт пабяры, загнаў іголку пад ногаць!… Глупства, гэта не навіна для мяне, хоць яно й неасабліва прыемна… О, пэўна-ж, хлопча, тамака нас чакае веселасьць. Тамака пакута пакіне цябе й ліхая хвароба таксама…

Любіла мужа вельмі моцна.

Ды іншы чалавек…

— Вось дык шыцьцё, слаўнае й буйнае, прамовіў ён, распасьціраючы куртку і любуючыся ёю, — ў ім відаць свайго роду шляхетнасьць, у параўнаньні з ім дробная фастрыга краўца здаецца гэткаю нікчэмнаю, плебейскаю…

Любіла мужа вельмі моцна,

Ды яе іншы палюбіў…

Вось-жа й гатова—добра зроблена і хутка. Цяпер я збуджу яго, апрану, падам памыцца, накармлю, пасьля пасьпяшым на рынак, што каля Табардскага заезнага двара, ў Саузсуорку і… Прашу ўстаць, гаспадару!… Ён не адклікаецца. Што гэта, вашая вялікасьць! Сапраўды прыдзецца мне зьнячысьціць (тым што дакрануся) сьвятарную асобу — патузаць яго, а то ён сьпіць, як забіты. Што такое!

Ён адкрыў коўдру — хлопчыка ня было.

З мінуту ён азіраўся ў нямым зьдзіўленьні, і толькі цяпер заўважыў, што падранае вопраткі таксама ня было… Тады ён пачаў рвацца й кідацца і трэбаваць гаспадара готэлю. У гэты момэнт увайшоў слуга са сьнеданьнем.

— Кажы праўду, чартоўская парода, альбо капут табе! — зароў ваяка і з гэткаю злосьцю накінуўся на слугу, што ў таго язык адняло ад перапуду й неспадзяванасьці. — Дзе хлопчык?

Няшчасны, са страху, адрывіста й дрыжаўшым голасам, даў гэткае тлумачэньне:

— Толькі што вашая міласьць мелі ласку выйсьці, як прыбег нейкі дзяцюк і сказаў, што вы казалі хлопчыку незабаўна прыйсьці да вас на канец мосту ў Сауасуорку. Я прывёў пасланца сюды, і калі ён збудзіў хлопчыка й перадаў яму даручэньне, дык той крыху пагурчаў за тое, што яго патурбавалі «гэтак рана», паводлуг яго словаў, але зараз-жа нацягнуў свае лахманы і пайшоў з дзяцюком, заўважыўшы толькі, што было-б прыстойней, калі-б вашая міласьць самі зьявіліся па яго, а не пасылалі невядомага чалавека — і гэтак…

— І гэтак… ты балбан! Кожны можа ашукаць цябе. Перавешаць толькі ўсю вашую пароду! Аднак-жа, мо’ нічога і ня здарылася з хлопчыкам, — можа й ніхто яго ня скрыўдзіў. Пабягу я за ім. Накрый стол. Пастой, коўдра на ложку была гэтак складзена, як быццам нехта ляжаў пад ёю — гэта як-жа, выпадкова?

— Ня ведаю, вашая міласьць. Бачыў я, як варочаў пасьцель той дзяцюк, што прышоў па хлопчыка.

— Тысяча чарцей! Ўсё гэта было падстроена, каб ашукаць мяне… Ясна — ўсё зроблена, каб выйграць час. Паслухай, быў гэты чалавек адзін?

— Адзін, вашая міласьць.

— Ты пэўны?

— Пэўны, вашая міласьць.

— Прыпомні добра, падумай—не сьпяшайся.

Пасьля мінутнага раздумваньня, слуга сказаў:

— Калі дзяцюк прышоў, дык нікога з ім ня было; але вось, прыпамінаю, калі абодва яны апынуліся ў натаўпе на мосьце, адкуль ні ўзяўся нейкі чалавек, выглядаўшы саўсім разбойнікам,— і якраз калі ён падышоў да іх…

— Што-ж тады? Кажы — што, — закрычаў нецярплівы Гэндон, перабіўшы яго.

— Якраз тады натаўп наваліўся і аднёс абодвых, так што я ня бачыў іх болей; а тут паклікаў мяне гаспадар, узлаваўшыся за тое, што запомнілі падаць порцыю стравы, заказаную натарыюсам, хоць я й не вінават, прысягаю ўсімі сьвятымі, і лаяць мяне за гэта няварта.

— Проч з маіх вачэй, ідыёт. Тваё балбатаньне разьюшвае мяне. Стой! Куды бяжыш? Ня можаш хіба пачакаць мінуту? Дык яны пайшлі да Саузсуорку?

— Якраз так, вашая міласьць, — а што да гэтае праклятае порцыі стравы, дык я ані не вінават, быццам нованароджанае дзіцянё…

— Ты яшчэ тут і не пакінуў трашчаць! Пайшоў вон, а то задушу цябе.

Слуга зьнік. Гэндон пайшоў за ім, выперадзіў яго, і пачаў сходзіць, ступаючы цераз дзьве ступені, і кажучы: „Гэта той самы нікчэмны нягоднік, цьвярдзіўшы, што хлопчык яго сын. Пазбавіўся я цябе, мой бедны, маленечкі, звар’яцелы ўладару, — цяжкая думка аб гэтым, — а я палюбіў цябе. Не прысягаю, што не пазбавіўся! Не, я ўвесь край схаджу, пакуль не знайду цябе ізноў. Небарака, там засталося яго сьнеданьне — і маё таксама, але цяпер у мяне прапаў апэтыт; хай ядуць яго пацукі. — Хутчэй, наперад! — вось што застаецца рабіць. Праціскаючыся цераз шумны натаўп па мосьце, ён некалькі разоў паўтарыў напамяць, — спыняючыся на гэтай думцы, як на асабліва прыемнай. — «Ён пагурчаў, але пайшоў — але, пайшоў, таму што думаў, што Майльс Гэндон кліча яго, — мілы хлопчык, ні для каго іншага ён не зрабіў-бы гэтага, я пэўны».