Раздзел пяты. Том у ролі патрыцыя Раздзел шосты. Том атрымоўвае інструкцыі
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел сёмы. Першы каралеўскі абед Тома

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ТОМ АТРЫМОЎВАЕ ІНСТРУКЦЫІ

Тома прывялі ў парадны зал і прымусілі сесці. Але яму было вельмі няёмка сядзець, бо вакол стаялі пажылыя і знатныя людзі. Ён папрасіў іх, каб яны таксама селі, але яны толькі ўдзячна кланяліся і прадаўжалі стаяць. Ён хацеў быў паставіць на сваім, але яго «дзядзя», граф Гертфорд, шапнуў яму на вуха:

— Прашу цябе, не настойвай, мілорд: не належыць ім сядзець у тваёй прысутнасці.

Далажылі аб прыходзе лорда Сент-Джона. Пакланіўшыся Тому, лорд сказаў:

— Я прысланы каралём па сакрэтнай справе. Ці не пажадае ваша каралеўская высокасць адпусціць усіх, хто знаходзіцца тут каля вас, за выключэннем мілорда графа Гертфорда?

Заўважыўшы, што Том як быццам не ведае, як адпусціць прыдворных, Гертфорд шапнуў яму, каб ён зрабіў знак рукой, не турбуючы сябе гаворкай, калі ў яго няма жадання гаварыць.

Калі світа вышла, лорд Сент-Джон сказаў:

— Яго вялікасць загадвае, каб, дзеля важных і глыбокіх дзяржаўных меркаванняў, яго высокасць прынц скрываў сваю хваробу, наколькі ён будзе магчы, да таго часу, пакуль хвароба міне і прынц зноў стане такім, якім ён быў раней. Кароль загадвае, каб прынц ні перад кім не адмаўляў, што ён сапраўдны прынц, наследнік англійскага прастола, каб ён заўсёды высока трымаў свой князёўскі гонар і прымаў без ніякіх супярэчанняў знакі паслухмянасці і пашаны, якія належаць яму па праву і старадаўняму звычаю; каб ён перастаў расказваць

Лорд Сент-Джон пакланіўся.

каму-б там ні было аб сваім нізкім паходжанні і нізкай долі, бо гэтыя расказы ёсць ні што іншае, як хваравітыя выдумкі яго ператамлёнай фантазіі; каб ён старанна дамагаўся ўваскрасіць у сваёй памяці знаёмыя яму твары, і ў тых выпадках, калі гэта не ўдасца яму, няхай ён захоўвае спакой, не выказваючы ні малейшага здзіўлення ці іншых адзнакаў забыўчывасці; у часе-ж парадных прыёмаў, калі ён не будзе ведаць, што казаць або рабіць, няхай не выказвае ён непакою перад староннімі, а раіцца з лордам Гертфордам ці са мною, яго пакорным слугой, бо граф і я спецыяльна для гэтага да яго прыстаўлены і будзем заўсёды пад рукою, пакуль не будзе скасаваны загад караля. Так загадвае яго вялікасць кароль, які шле прывітанне вашай каралеўскай высокасці, просячы бога, каб ён па сваёй міласэрнасці паслаў вам хуткае вылячэнне і захаваў вас на ўвесь век.

Лорд Сент-Джон пакланіўся і адышоў убок. Том пакорна адказаў:

— Так загадаў кароль. Ніхто не можа не паслухаць каралеўскіх загадаў або прыстасоўваць іх да сваіх патрэб, як цесную адзежу. Жаданне караля будзе выканана.

— Дзеля таго, што яго вялікасць загадаў не турбаваць вас кнігамі і іншымі сур’ёзнымі справамі, — сказаў лорд Гертфорд, — ці не будзе ласкава ваша высокасць правесці час у лёгкіх забавах, каб не стаміцца к банкету і не папсаваць здароўя.

На твары Тома з’явілася здзіўленне; ён збянтэжана паглядзеў на лорда Сент-Джона і пачырванеў, сустрэўшы накіраваны на яго сумны позірк.

— Памяць ўсё яшчэ не вяртаецца да цябе, — сказаў лорд, — і таму мае словы здаюцца табе дзіўнымі; але не трывожся, гэта міне, як толькі ты пачнеш папраўляцца. Мілорд Гертфорд кажа пра банкет у Сіці: месяцы два назад кароль абяцаў, што ты, сэр, будзеш на ім прысутнічаць. Цяпер ты прыпамінаеш?

— Я з сумам павінен прызнацца, што памяць, сапраўды, здрадзіла мне, — адказаў Том няўпэўненым голасам і пачырванеў зноў.

У гэту мінуту далажылі аб лэдзі Елізавеце і лэдзі Джэн Грэй. Лорды многазначна зірнулі адзін на аднаго, і Гертфорд быстра пайшоў да дзвярэй. Калі маладыя прынцэсы праходзілі міма яго, ён ціха сказаў ім:

— Прашу вас, лэдзі, рабіце выгляд, што вы не заўважаеце яго дзівацтвы, і не выказвайце здзіўлення, калі памяць будзе пакідаць яго. Вы з прыкрасцю ўбачыце, што яна здраджвае яму на кожным кроку.

Тым часам лорд Сент-Джон казаў на вуха Тому:

— Прашу вас, сэр, выконвайце свята волю яго вялікасці. Прыпомніце ўсё, што можаце прыпомніць; рабіце выгляд, што прыпамінаеце рэшту. Не дайце ім заўважыць, як дужа вы змяніліся. Вы-ж ведаеце, як моцна любяць вас вашы таварышкі-прынцэсы і як гэта засмуціць іх. Можа дазволіце, сэр, каб я і ваш дзядзя асталіся тут?

Том жэстам выразіў згоду і незразумела прамармытаў нейкае слова. Яму ўжо пайшла на карысць навука, і ён па шчырасці рашыў як мага добрасумленней выконваць каралеўскі загад.

Не гледзячы на ўсе перасцярогі, гутарка паміж Томам і прынцэсамі часам станавілася няёмкай. Праўду кажучы, Том не раз гатоў быў загубіць усю справу і аб’явіць, што ён непрыгодны да такой пакутлівай ролі; але кожны раз яго выратоўваў такт прынцэсы Елізаветы.

Абодва лорды былі напагатове і ўдала выручалі яго двума-трыма словамі, сказанымі нібы незнарок. Адзін раз маленькая лэдзі Джэн прывяла Тома проста ў роспач, звярнуўшыся да яго з такім пытаннем:

— Ці не забыў ты сёння аддаць доўг яе вялікасці каралеве, мілорд?

Том замяшаўся, марудзіў з адказам і ўжо гатоў быў бракнуць наўздагад абы-што, але яго выручыў лорд Сент-Джон, адказаўшы за яго з лёгкасцю царадворца, прывыкшага знаходзіць выхад з усякага далікатнага і складанага становішча:

— Як жа-ж, мілэдзі! Яна супакоіла яго адносна стану здароўя яго вялікасці; ці не праўда, ваша высокасць?

Том прамармытаў нешта такое, што можна было прыняць за пацвярджэнне, але адчуў, што ён выходзіць на слізкую дарогу. Крыху пазней у гутарцы было сказана, што прынцу прыдзецца на час пакінуць вучэнне.

Маленькая прынцэса ўсклікнула:

— Ах, як шкада! Як шкада! Ты так шпарка ішоў наперад. Але нічога, пацярпі, гэта ненадоўга. У цябе яшчэ будзе час набрацца вучонасці і вывучыць столькі-ж замежных моў, колькі ведае твой бацька!

— Мой бацька! — усклікнуў, забыўшыся, Том. — Ды ён і на сваёй роднай мове гаворыць так, што хіба толькі свінні ў хлеве могуць зразумець яго; а што тычыцца вучонасці…

Ён падняў вочы і сустрэў строгі, засцерагаючы позірк лорда Сент-Джона.

Ён запнуўся, пачырванеў, потым прадаўжаў ціха і сумна:

— Ах, мая немач зноў мучыць мяне, і мыслі мае заблыталіся. Я не хацеў зрабіць знявагі яго вялікасці.

— Мы ведаем гэта, сэр, — сказала прынцэса Елізавета, пачціва і пяшчотна кладучы руку «брата» паміж сваімі далонямі. — Не трывожся гэтым! Віна не твая, ва ўсім вінавата твая хвароба.

— Ты ўмееш уцяшаць, мілая лэдзі, — з удзячнасцю сказаў Том, — і я ад усёй душы дзякую табе.

Адзін раз свавольніца лэдзі Джэн кінула Тому якуюсьці простую фразу па-грэчаску. Пільная прынцэса Елізавета адразу заўважыла па выразу твара Тома, што выстрал не трапіў у цэль, і спакойна адказала замест яго цэлым залпам гучных грэчаскіх фраз; потым зараз-жа перамяніла гутарку.

Час праходзіў прыемна, і наогул гутарка ішла гладка. Падводныя каменні і мелі сустракаліся радзей, і Том хваляваўся меней, бачачы, як усе стараюцца дапамагчы яму і не заўважаць яго памылак. Калі выяснілася, што прынцэсы павінны суправаджаць яго ўвечары на банкет у лорд-мэра[1], сэрца Тома скаланулася ад радасці, і ён уздыхнуў з палягчэннем, адчуўшы, што ён не будзе адзінокім у натоўпе чужых людзей, хоць гадзіну назад мысль, што прынцэсы паедуць з ім, прывяла-б яго ў вялікі жах.

Лорды, ангелы-ахоўнікі Тома, атрымалі ад гэтай гутаркі менш прыемнасці, як рэшта ўдзельнікаў. Яны адчувалі сябе так, нібы праводзілі вялікі карабль праз небяспечную пратоку: увесь час яны былі напагатове, і іхні абавязак не здаваўся ім дзіцячай забавай. Так што, калі візіт юных лэдзі падышоў да канца і далажылі аб лордзе Гілфордзе Дэдлі, яны адчулі сябе надта стомленымі і ведалі, што цяпер ім будзе нялёгка пусціцца Ў новае небяспечнае плаванне і прывесці свой карабль назад. Таму яны пачціва параілі Тому папрасіць выбачэння і адхіліць наведванне. Том і сам быў гэтаму рады, затое твар лэдзі Джэн крыху пахмурнеў, калі яна пачула, што элегантны малады кавалер не будзе прыняты.

Настала пауза. Усе сціхлі і нібы чакалі чагосьці. Том не разумеў, што гэта значыць. Ён паглядзеў на лорда Гертфорда, той зрабіў яму знак, але ён не зразумеў і гэтага знака. Лэдзі Елізавета са сваёй звычайнай кемлівасцю паспяшыла выручыць яго. Яна зрабіла перад ім глыбокі рэверанс і спытала:

— Ваша вялікасць, брат мой, дазволіце нам адыйсці?

— Вы, мілэдзі, можаце прасіць у мяне ўсё, што хочаце, — сказаў Том, — але я ахвотней выканаў-бы ўсякую іншую вашу просьбу, паколькі гэта залежыць ад мяне, чым пазбавіць сябе святла і радасці вашай прысутнасці, але няхай будзе ваш шлях прамяністым! Хай бароніць вас бог!

Ён усміхнуўся сам сабе і падумаў: «Нездарма ў маіх кнігах я жыў толькі ў кампаніі прынцаў і навучыўся пераймаць іхнія выкручастыя і квяцістыя прамовы!»

Калі прынцэсы вышлі, Том павярнуўся да сваіх апекуноў і сказаў:

— Ці не будзеце вы так ласкавы, мілорды, ці не дазволіце мне адпачыць дзе-небудзь тут у кутку?

— Справа вашай высокасці — загадваць, а наша — слухацца, — адказаў лорд Гертфорд. — Адпачынак вам сапраўды патрэбен, бо хутка вам трэба будзе зрабіць падарожжа ў Сіці.

Ён дакрануўся да званочка; прыбег паж і атрымаў загад запрасіць сэра Вільяма Герберта. Сэр Вільям Герберт зараз-жа з’явіўся і павёў Тома ва ўнутраныя пакоі палаца. Першым рухам Тома было працягнуць руку да чашы з вадой, але аксамітна-шоўкавы прыслужнік зараз-жа схапіў чашу, апусціўся на адно калена і паднёс яе прынцу на залатым блюдзе.

Затым стомлены палоннік сеў і хацеў быў зняць з сябе абутак, нясмела просячы вачыма дазволу; але другі аксамітна-шоўкавы надаедлівы паж паспяшыў апусціцца на калені, каб вызваліць Тома і ад гэтай працы. Том зрабіў яшчэ дзве ці тры спробы абыйсціся без пабочнай дапамогі, але аго кожны раз папераджалі. Ён нарэшце здаўся і з пакорным уздыхам прамармытаў:

— Гора мне, гора! Як гэта яны не возьмуцца яшчэ і дыхаць за мяне!

У туфлях, у раскошным халаце, ён нарэшце прылёг адпачыць, але заснуць не мог: галава яго была надта перапоўнена мыслямі, а пакой — людзьмі. Ён не мог адагнаць мыслей, і яны асталіся пры ім; ён не ўмеў выслаць вон сваіх слуг, і таму яны таксама асталіся пры ім, на вялікую прыкрасць і для Тома і для іх саміх.

Пасля адходу Тома благародныя лорды, яго апекуны, асталіся ўдвух. Некаторы час абодва маўчалі, у раздум’і ківаючы галовамі і расхаджваючы па пакоі. Нарэшце лорд Сент-Джон загаварыў:

— Што ты аб гэтым па шчырасці думаеш?

— Па шчырасці, вось што: каралю асталося нядоўга жыць, мой пляменнік страціў розум, — вар’ят узыйдзе на трон і вар’ят астанецца на троне. Хай ратуе бог нашу бедную Англію!

— Сапраўды, усё гэта падобна на ісціну. Але… ці няма ў цябе падазрэння…

Лорд Сент-Джон запнуўся і не адважыўся прадаўжаць: пытанне было надта далікатнае. Лорд Гертфорд стаў перад ім,

Некаторы час абодва маўчалі.

паглядзеў яму ў твар ясным, адкрытым позіркам і сказаў:

— Гавары! Апрача мяне, ніхто тваіх слоў не пачуе. Падазрэнне аб чым?

— Мне вельмі цяжка, мілорд, выказваць словамі тое, што ў мяне ў думцы: ты вельмі блізкі яму па крыві. Выбач, калі я абражу цябе, але ці не здаецца табе дзіўным, што вар’яцтва так змяніла яго? Я не кажу, што яго гаворка ці постаць перасталі быць царственнымі, але ўсё-ж яны ў некаторых малазначных, нікчэмных дробязях адрозніваюцца ад яго ранейшай манеры трымаць сябе. Ці не дзіўна, што вар’яцтва сцёрла з яго памяці нават рысы яго бацькі; ён забыў нават звычайныя знакі пашаны, якія належаць яму ад усіх акружаючых; ці не дзіўна, што, захаваўшы ў сваёй памяці лацінскую мову, ён забыў грэчаскую і французскую? Не абражайся маімі словамі, мілорд, але здымі ў мяне цяжар з грудзей і прымі загадзя душэўную маю падзяку! Мяне праследуюць яго словы, што ён не прынц і…

— Досыць, мілорд. Замаўчы! Тое, што гаворыш ты, — здрада. Ты забыў загад караля! Памятай, што, слухаючы цябе, я раблюся саўдзельнікам твайго злачынства.

— Замаўчы! Тое, што гаворыш ты, — здрада.

Сент-Джон пабляднеў і паспяшыў сказаць:

— Я памыліўся, я прызнаю гэта сам. Будзь так велікадушны і літасцівы, не выдавай мяне, і я ніколі больш не буду ні размышляць, ні гаварыць аб гэтым. Не будзь са мной надта суровы, сэр, а то я загіну.

— Я задаволены, мілорд. Калі ты не будзеш паўтараць сваю абразлівую выдумку ні мне, ні каму іншаму, я буду лічыць твае словы нібы нясказанымі. Пакінь свае пустыя падазрэнні. Ён сын маёй сястры: яго голас, твар, постаць знаёмы мне ад самай яго калыскі. Вар’яцтва магло выклікаць у ім не толькі тыя супярэчлівыя дзівацтвы, якія ты заўважыў, але і другія, яшчэ больш здзіўляючыя. Хіба ты не памятаеш, як стары барон Марлі, страціўшы розум, забыў свой уласны твар, які ведаў шэсцьдзесят гадоў, і запэўняў, што ён чужы; не, больш таго, запэўняў, нібы ён сын Марыі Магдаліны, нібы галава яго з іспанскага шкла, і — смешна казаць — не дазваляў нікому дакрануцца да яе, каб чыя-небудзь нязграбная рука не разбіла яе. Адгані прэч твае сумненні, мой добры мілорд! Гэта сапраўдны прынц — ці мне яго не ведаць! — і хутка ён стане тваім каралём. Табе карысна падумаць аб гэтым больш, чым аб якіх там іншых рэчах.

Пагаварыўшы яшчэ крыху з лордам Сент-Джонам, прычым лорд Сент-Джон горача і шмат разоў адракаўся ад сваіх памылковых слоў і запэўняў, што больш ніколі, ніколі ён не будзе аддавацца падобным сумненням, лорд Гертфорд развітаўся з ім і астаўся адзін берагчы спакой прынца. Хутка і ён паглыбіўся ў размышленні, і, відаць, чым больш ён думаў, тым больш мучыла яго трывога. Нарэшце ён пачаў хадзіць па пакоі.

«Глупствы! Ён павінен быць прынцам! — мармытаў ён сам сабе. — Ва ўсёй краіне не знойдзецца чалавека, які адважыўся-б сцвярджаць, што два хлопчыкі рознай крыві і рознага роду могуць быць так дзіўна падобнымі адзін да аднаго, нібы блізняты. Ды каб нават і так! Было-б яшчэ больш дзіўным цудам, каб выпадак падмяніў іх. Не, гэта глупства, глупства, глупства!»

Праз некаторы час лорд Гертфорд сказаў сабе: «Каб яшчэ ён быў самазванец, каб ён выдаваў сябе за прынца, — гэта было-б натуральна; у гэтым быў-бы які-небудзь сэнс. Але ці чуў хто пра такога самазванца, які, бачачы, што і кароль, і двор, і ўсе завуць яго прынцам, адмаўляў-бы свой сан і адмаўляўся ад той пашаны, якая яму робіцца. Не! Клянуся святым Свіцінам, не! Ён сапраўды прынц, страціўшы розум».


  1. Лорд-мэр — гарадскі галава. Па старадаўняму звычаю, гандлёвыя карпарацыі лонданскага Сіці выбіраюць штогод лорд-мэра. 9 лістапада адбываецца ўрачыстае шэствіе новага лорд-мэра і прадстаўнікоў карпарацый у раскошных гістарычных касцюмах па вуліцах Сіці. Шэствіе заканчваецца банкетам у гарадской ратушы.