Пішы…
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1924 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 1
О Крыўская зямля…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пішы…


Пішы,
пра болесьці,
жыцьця пышы,
пра глум і зьдзек,—
ярэмнае мадзеньне,
пра трутны хлеб,
пра слоў каменьні…
Як брат няволіць брата,
як раб багоміць ката,
пра стогн душы
пішы!
Ня словамі,
ня чорнаю сьлязой
чарнільнаю,
а нэрвамі, крывёй;
узрыгамі душы
пішы!
Сябе распні
на крыжу мук,
надзеі спапялі,
ачысьці сэрца
ў агні
цярпеньня;
усіх багоў і стодаў,
кром міласьці к народу
ты пакрышы!
Й пішы:
журбой сіротнаю,
смагой гаротнаю,
самотай ўдоваю,
пакрыўдай братняю,
тульбой бязхатняю,
сардэчнаю тугой,
мілуючай душой;
зямлі апарамі,
і чарамі
мінуўшчыны,
свой твор вяршы;
сьлязмі душы
пішы!