Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I

Расейская палітыка на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II і Паўлы I
Брашура
Аўтар: Мікола Ільяшэвіч
1933 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Д-р М. Ільяшэвіч.


Расейская палітыка на землях былага
Беларуска-Літоўскага гаспадарства за
панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.

(1772 — 1801).


ВІЛЬНЯ

1933.

Д-р М. Ільяшэвіч.


Расейская палітыка на землях былага
Беларуска-Літоўскага гаспадарства за
панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.

(1772 — 1801).




ВІЛЬНЯ

1933.

Адбітка з Гадавіка Беларускага Навуковага
Таварыства, кн. I.


Друкарня Я. Левіна Вільня, Нямецкая 22.

Расейская палітыка на землях былага
Беларуска-Літоўскага гаспадарства за
панаваньня Кацярыны II і Паўлы I.
[1]

(1772 — 1801).

Беларуска-літоўскае гаспадарства, гэтак-званае Вялікае Князьства Літоўскае, за часоў Вітаўта дасягала кульмінацыйнага пункту сваёй тэрыторыяльнай экспансыі. Абшар яго ў пачатку XV в. распасьціраўся: ад узьбярэжжа Балтыцкага мора да Чорнага мора і схілаў Карпатаў на паўдні, ад рэкаў Бугу й Нарава—на захадзе, да верхавінаў Волгі і яе прытоку Окі—на ўсходзе. Займаючы пераважна поўныя вадазборы рэк Нёмна і Дняпра, а таксама часткова сумежных рэк (увесь абшар займаў ад 900.000 да 1 мільёну кв. км.), перамагаючы перашкоды ў заняцьці гэтых вадазбораў з боку крыжакоў і татараў, Вялікае Князьства сілай географічна-прыродных варункаў прымушалася да заняцьця натуральных граніцаў, якія дыктавалі ў даным выпадку вадазборы рэк Нёмна й Дняпра[2]. Дасягнуушы аб’яднаньня такіх вялізарных абшараў паміж Чорным і Балтыцкім морам, Беларуска-Літоўскае гаспадарства прадстаўляла вельмі паважную палітычную і культурную сілу на мяжы Усходняе і Заходняе Эўропы. Знаходзячыся амаль што ў геомэтрычным цэнтры Эўропы, паміж дзьвюх адвечна варожых сілаў: заходня-эўрапэйскага (рымска-каталіцкага) і ўсходня-эўрапэйскага (візантыцка-праваслаўнага) сьветаў, якбы вартаўнікамі каторых былі: з аднаго боку Польшча, а з другога боку шпарка ўзрастаўшая пасьля вызваленьня ад татарскага ярма Масковія, — Беларуска-Літоўскае гаспадарства ня ўтрымала даўжэйшы час сваёй незалежнасьці. Сілай гістарычных выпадкаў (якія тут абмінаю, каб задалёка не адыходзіць ад тэмы), Беларуска-Літоўскае гас­падарства пайшло па шляху вуніі з Польшчай. Пасьля цэлага раду вуніяў, пачынаючы ад 1386 г. і канчаючы на Люблінскай вуніі (1569 г.), Беларуска-Літоўская дзяржава сталася інтэгральнай часткай Польскай Рэчыпаспалітай. Ад часоў Люблінскае вуніі яе тэрыторыя значна памяншаецца на карысьць Польшчы, бо паўдзённыя яе абшары (Валынь, Падольле і Падляшша) адыходзяць у склад Кароны.

У апошнія часы асабліва моцна акцэнтуецца гісторыкамі географічна-прыродны мамэнт. Зусім слушна кажа вядомы нямецкі антро­погеограф пр. Ратцэль, што природныя варункі у значнай меры ўплываюць ня толькі на вытварэньне тыпу і характару людзей таго ці іншага краю, але ўплываюць у ня менш значнай меры і на ход гісторыі. Гісторыя Беларуска-Літоўскае дзяржавы пацьвярджае гэты пагляд: Беларуска-Літоўскае гаспадарства перастала існаваць, як самастойны дзяржаўны арганізм, але тыя асаблівасьці, якія вытвараны фізычна-географічнымі варункамі, не зьмяніліся ад гэтага і па сягоньняшні дзень і выяўляліся, як перад разьдзеламі Польшчы, так і пасьля яе ўпадку.

Ня гледзячы на тое, што Беларуска-Літоўская дзяржава бараніла свой індывідуальны палітычна-гаспадарчы і культурны твар, усё-ж паступова яна падлягала ўплывам, якія ішлі з Польшчы. Нядоўга аднак Вялікае Князьства дзяліла супольнае жыцьцё з Польшчай. Палітычная кон’юнктура ў Эўропе і ўнутранае разлажэньне, якое перажывала Польшча, зрабілі з яе аб’ект, коштам каторага ўзбагаціліся суседнія дзяржавы: Расея, Прусія і Аўстрыя.


Інкорпорацыя земляў былага Беларуска - Літоўскага гаспадарства да Расеі і ўвядзеньне на іх расейскае адміністрацыі[3].

На падставе умовы паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй, падпісанай у Пецярбурзе 5 жніўня (25 ліпня) 1772 г., Расея заняла наступныя землі: 1) Інфлянцкае ваяводзтва (з местамі Рэчыцай, Дзьвінскам і Люцынам); 2) большую частку Полацкага ваяводзтва, паложаную на правым беразе Зах. Дзьвіны; 3) Віцебскае ваяводзтва (без Аршанскага павету); 4) Мсьціслаўскае ваяводзтва; 5) паўночную і паўднёвую часткі Менскага ваяводзтва, сумежныя з Полацкім, Віцебскім і Мсьціслаўскім (з местамі Гомелем і Рагачовам). Частку Менскага ваяводзтва, далучаную да Расеі, складаў галоўным чынам Рэчыцкі павет, места Рэчыца аднак не адыйшло тады да Расеі[4]. Увесь абшар, далучаны да Расеі пры першым падзеле, займаў 1.629,82 кв. міль з насяленьнем каля 1.360.000 асоб. Граніцы паміж Расеяй і Рэчпаспалітай тварылі пераважна рэкі (Зах. Дзьвіна і Дняпро) за выняткам вельмі малой сухаземнай паласы ад Дзьвіны да Друці.

Расейская імпэрыя ад часоў Пётры Вялікага дзялілася на губэрніі, губэрніі-ж дзяліліся на правінцыі, а апошнія на „уезды“ (паветы). У часе далучэньня да Расеі беларускіх земляў у 1772 г. было ў ёй усяго 20 губэрніяў, што сьведчыць аб іх вялізарных разьмерах. Гэты падзел розьніўся ад адміністрацыйнага падзелу Рэчыпаспалітай. Апошняя дзялілася на ваяводзтвы, а гэтыя — як агульнае правіла — дзяліліся на паветы; але ў некаторых беларуска-літоўскіх ваяводзтвах падзел гэты ня быў дакладна вытрыманы. Так напрыклад Інфлянцкае, Мсьціслаўскае і Полацкае ваяводзтвы зусім не дзяліліся на паветы, а Віцебскае ваяводзтва мела толькі 2 па­веты (Віцебскі і Аршанскі). Гэткім чынам расейскі адміністрацыйны падзел розьніўся ад беларускага, што ў значнай меры змушала ра­сейскі ўрад зрабіць зьмены ў адміністрацыі новапрылучаных земляў.

Яшчэ перад першым падзелам патаемна рабіліся прыгатаваньні ў галіне адміністрацыйнага ўпарадкаваньня земляў, якія расейскі ўрад меў захапіць. Відаць гэта з „наказу“ з 28 мая (ст. ст.) 1772 г., дадзенага на рукі гр. З. Чэрнышова. У наказе гэтым было, між іншым, зазначана, што землі гэтыя будуць складаць дзьве губэрніі, на чале якіх стануць два губэрнатары, падпарадкаваныя генэрал-губэрнатару гр. З. Чернышову. 3 гэтага бачым, што расейскі ўрад яшчэ перад падзелам меў прыгатаваны плян увядзеньня адміністрацыі, губэрнатары-ж мелі адразу дзеяць паводле інструкцыяў „наказу“.

Паводле загаду з дня 16 жніўня (ст. ст), дадзенага гр. З. Чэрнышову, беларускія землі мелі перайсьці пад яго уладу паміж 1—7 верасьня, тэрмін прысягі насяленьня быў вызначаны на 15 студзеня 1773 г., мелі быць пастаўленыя гранічныя слупы, абвешчаны плякаты і маніфэсты да насяленьня.

З новапрылучаных земляў пасьля першага падзелу былі адразу ўтвораны дзьве губэрніі: Пскоўская і Магілёўская. Пскоўская складалася з 5 правінцыяў (паўночная частка забраных земляў), з якіх дзьве (Пскоўская і Вялікалуцкая) былі расейскія, а тры (Дзьвінская, Полацкая і Віцебская)—беларускія. Галоўным местам Пскоўскае губ. было вызначана м. Опочка, знаходзячаеся пасярэдзіне губэрніі[5]. Ня была яна аднак адпаведнай на губэрнскае места з прычыны малых разьмераў, і дзеля гэтага цераз два месяцы (18 кастрычніка ст. ст. 1772 г.) губэрнскі ўрад („губернское правленіе“) быў перанесены ў Полацак. Полацак зрабіўся часова фактычным губэрнскім местам[6].

Магілёўская губэрнія складалася з 4 правінцыяў (паўдзённая частка забранных земляў): магілёўскай, аршанскай, мсьціслаўскай і рагачоўскай. Галоўным местам губэрніі быу Магілёў. На чале Пскоўскае губ. стаяў ген.-маёр Міхал Кречетніков, на чале Магілёў­скай — ген.-маёр Міхал Каховскій. Абодва былі падпарадкаваны назначанаму на становішча генэрал-губэрнатара [7] дзьвюх новых гу­бэрніяў, названых агульна беларускімі, гр. З. Чернышову.

Новы расейскі адміністрацыйны падзел, уведзены на беларускіх землях пасьля першага падзелу, не згаджаўся часткова з адміністрацыйным падзелам уласьцівае Расеі. Кацярына II хацела практычна першы раз выпрабаваць свой праект новага адміністрацыйнага па­дзелу усяе Расеі на гэтых землях[8].

Вышэйпрадстаўлены падзел існаваў на новадалучаных землях 5 гадоў. У гэтым часе З. Чэрнышов зьбіраў праз губэрнатараў[9] дакладныя ведамасьці адносна забраных земляў. Ведамасьці гэтыя патрэбны яму былі дзеля апрацоўкі праекту новага адміністрацый­нага падзелу гэтых земляў, які-б згаджаўся зусім з новым, маючым увайсьці у жыцьцё, „Учрежденіемъ для управленія губерній Всерос­сійской Имперіи“. „Учрежденіе“ (устаў) было выдадзена 7 лістапада (ст. ст.) 1775 г. У сувязі з гэтым ген.-губ. З. Чернышов падаў „даклад“, у якім праектаваў адміністрацыйныя зьмены так, каб „уезды“ мелі больш насяленьня, як гэтага вымагала „Учрежденіе“[10], а таксама каб уездныя месты знаходзіліся ў цэнтрах „уездаў“. Паводле гэтага праекту ў склад губэрніяў новапрылучанага краю мелі быць далучаны й расейскія землі. У другім „дакладзе“ 30 чэрвеня (ст. ст.) 1776 г. Чэрнышов бярэ пад увагу пры новым праектаваным адміністрацыйным падзеле толькі беларускія землі. Ён праектуе стварыць дзьве новыя губэрніі: Магілёўскую, якая-б мела 12 уездаў, і Полацкую з 11 уездамі. У праектах гэтых у значнай ступені ня браліся пад увагу мяйсцовыя географічныя і гаспадарчыя варункі, што вынікала з няпрысутнасьці ў забраным краі генэрал-губэрнатара.

24 жніўня (ст. ст.) 1776 г. Сэнат зацьвярдзіў гэты праект і пастанавіў утварыць замест Пскоўскай губэрніі—Полацкую (з аддзяленьнем ад яе вялікарускіх правінцыяў); губэрнія Магілёўская пакідалася бяз зьмен.

Вясной 1777 г. пад беспасярэднім кіраўніцтвам Чэрнышова адбыўся новы падзел губэрніяў на паветы. Пасьля гэтага падзелу ў склад Магілёўскае губ. ўваходзілі наступныя „уезды“: Магілёўскі, Чаўсоўскі, Старабыхаўскі, Аршанскі, Бабінавіцкі, Сенненскі, Мсьціслаўскі, Чэрыкаўскі, Капыскі, Клімавіцкі, Рагачоўскі і Беліцкі. Полацкую губ. складалі „уезды“: Полацкі, Дрысенскі, Себежскі, Невельскі, Дзьвінскі, Рэжыцкі, Люцынскі, Веліжскі, Гарадоцкі, Суражскі[11]. Мястэчкі: Дрыса, Люцын, Сураж, Чаўсы і Капысь, а таксама пасёлкі: Бабінавічы, Клімавічы і Беліца былі падвышаны да ступені вуездных местаў.

Пасьля другога падзелу, на падставе умовы паміж Расеяй і Прусіяй 23 студзеня 1793, да Расеі адыйшлі наступныя беларуска-літоўскія землі: 1) рэшта (астаўшаяся ад першага падзелу) Полацкага ваяв. на левым берадзе Зах. Дзьвіны; 2) астаўшыяся невялікія часткі Віцебскага і Аршанскага паветаў (Віцебскага ваяв.); 3) Менскае ваяв. (Менскі і Мазыркі паветы), а таксама рэшта Рэчыцкага павету, паложаная па правым беразе Дняпра; 4) усходняя частка Наваградзкага і Слонімскага ваяводзтваў, а таксама Сініцкі павет (Слуцкае князьства); 5) паўночна-ўсходнія абшары Віленскага ваяводзтва (усходнія часткі Браслаўскага і Ашмянскага паветаў); 6) усхо­дняя частка Берасьцейскага ваяводзтва (Пінскі павет). Увесь абшар (разам з паўднёва-ўсходнімі землямі Рэчыпаспалітай, забранымі пры другім падзеле) займаў 4.553 кв. мілі з насяленьнем 3.011.638 асоб.

Ня гледзячы на тое, што пацьвярджэньне другога разьдзелу Горадзенскім Соймам адбылася 22 ліпня 1793 г., гэтыя землі фактычна былі заняты адразу пасьля заключэньня міру Расеі з Турцыяй у Яссах 9 студзеня 1793 г. На гэтыя землі ўвайшла 96.000-ая расейская армія на чале з М. Кречетніковым і М. Каховскім. Па загаду Кацярыны II, Кречетніков меo прылучыць паветы й землі, прылягаючыя да Полацкай, Магілёoскай, Чарнігаoскай, Кіеoскай і часткова Екацерынаслаoскай губэрніяo („уѣзды, повѣты или иного зва­ния земли, кои по близости удобнѣе“[12]). У загадзе гэтым быo праектаваны новы адміністрацыйны падзел новапрылучаных пры другім разьдзеле земляў. Праект гэты быў зрэалізаваны 13 красавіка (ст. ст.) 1793 г. Рэшта Полацкага ваяв. была далучана да Полацкага на­месьніцтва[13], а ўсе землі ад новай граніцы гэтага намесьніцтва да р. Бярэзіны—да Магілеўскага намесьніцтва; Мазырскі вокруг прылучаны быў да Чарнігаўскай губ.[14] Рэшта земляў была падзелена на тры губэрніі: Менскую (Беларускую), Ізяслаускую і Браслаўскую.

Увесь абшар другога падзелу складаўся з 51 павету (уезду). Паважнай труднасьцяй быў вынаход уездных цэнтраў з прычыны таго, што на гэтых абшарах было мала местаў. Дзеля гэгага Кацярына II выдала асобны загад аб тварэньні новах местаў.

Генэрал-губэрнатарам трох новых губэрніяў быу назначаны М. Кречетніков, губэрнатарамі-ж губэрніяў: Менскай —ген.-маёр Неплюев, Ізяслаўскай—ген.-маёр Шереметьев, Браслаўскай—ген.-маёр Бэрхман. Пасьля адыходу Кречетнікова са становішча ген.-губэрнатара заступіў яго ад 18 чэрвеня (ст. ст.) 1793 г. Ц. Тутолмін.

Хутка пасьля другога разьдзелу, бо 13 (24) кастрычніка 1795 г., наступіў трэці й апошні падзел Рэчыпаспалітай на падставе ўмовы паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Расея пасьля гэтага разьдзелу захапіла наступныя землі: 1) усходнюю, большую, частку Берасьцейскага павету і ваяводзтва, паложаную на правым баку Бугу; 2) Наваградзкае ваяводзтва (Ваўкавыскі павет, рэшта Слонімскага, Наваградзкага і Слуцкага паветаў); 3) паўночную і ўсходнюю паловы паўдзённай часткі Троцкага ваяв. (Упіцкі і Ковенскі паветы), а таксама часткі Троцкага і Горадзенскага паветаў; 4) Жмудзкае князьства (апрача невялікае паўдзённае яго часткі на левым беразе Нёмна); 5) Віленскае ваяводзтва (Віленскі, Вілкамірскі і Лідзкі паветы і рэшту паветаў Ашмянскага і Браслаўскага).

Абшар, заняты Расеяй пасьля трэцяга разьдзелу, абыймаў 2,185 кв. міляў з насельніцтвам каля 1,200,000 асоб. Як і пры другім разьдзеле, так і цяпер заняцьце новых земляў адбылося перад падпісаньнем разьдзельнае ўмовы, а іменна ў канцы 1794 г., што відаць з «Указу» з 30 кастрычніка (ст. ст.) 1794 г.[15]. Такім чынам амаль усе землі былага Вялікага Князьства Беларуска-Літоўскага пасьля трох падзелаў былі інкорпорованы да Расеі. Толькі Тракт Запушчанскі аставаўся за яе граніцамі[16].

Ад 1 мая (ст. ст.) 1795 г. землі, далучаныя па трэцім разьдзеле, былі адданы пад уладу Тутолміна[17].

2 кастрычніка (ст. ст.) 1795 г. было ўтворана Менскае намесьніцтва,[18] якое было падзелена паводле загаду Кяцярыны II на 13 вокругаў: менскі, вілейскі, пастаўскі, докшыцкі, дзісенскі, барысаўскі, ігуменскі, бабруйскі, мазырскі, давідгарадоцкі, пінскі, несьвіжскі і слуцкі.

Пазьней Несьвіж, Давідгарадок, Докшыцы і Паставы зрабіліся (пасьля скасаваньня іх уездаў) «заштатным!» местамі; мейсца іх заняла Рэчыца з прыпісаным да яе паветам (уездам). Галоўным местам намесьніцтва быу Менск.

У тэй часьці краю, якая атрымала афіцыяльны назоу «Літвы», новыя адміністрацыйныя парадкі ўвёў нованазначаны генэрал-губэрнатарам кн. Репнін[19]. Ён падзяліў гэты абшар[20] на 3 часткі з галоўнымі местамі: Вільняй, Коўнам і Горадняй. Віленскі вокруг складаўся з паветаў: Віленскага, Завілейскага, Ашмянскага, Браслаўскага, Лідзкага і Троцкага (ўсіх 6). Горадзенскі вокруг абыймаў па­веты: Горадзенскі, Новагорадзенскі, Слонімскі, Ваўкавыскі і Берасьцейскі (ўсіх 5). Ковенскі вокруг складалі паветы: Ковенскі, Вілка­мірскі, Упіцкі і Самогіція (ўсіх 4). Для ўсіх трох частак было ўста­ноўлена т. зв. «Верхнее Литовское Правленіе» у Горадні з 4-ма аддзеламі (дзяржаўны, крымінальны, цывільны і эканамічны). Вышэйшы Губэрнскі Урад меў характар і компэтэнцыі звычайных губэрнскіх урадаў (правленій). Гэты падзел быў тымчасовы.

14 сьнежня 1795 г. адбыўся новы падзел. Беларуска-літоўскія землі, інкорпорованыя да Расеі пасьля 3 разьдзелу, былі падзелены на 2 губэрніі: Віленскую з 11 паветамі і Слонімскую з 8 паветамі. Віленская губ. мела наступныя паветы: Віленскі, Троцкі, Ковенскі, Росенскі, Тэльшэўскі, Шавельскі, Упіцкі, Вілкамірскі, Браслаўскі, Завілейскі, Ашмянскі. Былі яны пад уладай губэрнатара ген.-маёра Тормасова.

Слонімскую губэрнію складалі наступныя паветы: Слонімскі, Наваградзкі, Лідзкі, Горадзенскі, Ваўкавыскі, Пружанскі, Кобрынскі, Берасьцейскі. Былі яны пад уладай губэрнатара ген.-маёра Новіцкага. Утварэньне Віленскае губ. адбылося 27.X.1796 г., Слонімскай — 14.XI.1796 г., ужо пасьля сьмерці Кацярыны II (памёрла 6.IX. ст. ст. 1796 г.).

Бачым з вышэйшага, што адміністрацыйныя перабудовы на забраных беларуска-літоўскіх землях адбываліся з большымі ці меншымі перарывамі стала. Тэрыторыя першага разьдзелу была для Кацяры­ны I мейсцам экспэрымэнту ў галіне адміністрацыйнага законадаўства. Пазьней аднак, калі ў 1775 г. „Учрежденіе о правленіи губерніями“ выразна вызначыла, які мае быць адміністрацыйны падзел усяе Расеі, — асобныя лёкальныя варункі былое Беларуска-Літоўскае дзяржавы аказаліся паважнай перашкодай у хуткім правядзеньні „Учрежденія“ ў жыцьцё. Так напр. „Учрежденіе“ (з 1775 г.) прадбачыла губэрніі з насяленьнем ад 300.000 да 400.000 асоб, Менская-ж губ. лічыла каля 1.000.000 асобаў, а Віленская навет аж 1.300.000. Гэтае самае бачым і у іншых губэрніях: былі яны нясумерна вялікія[21]. Адміністрацыйныя зьмены былі наагул хаотычныя, асабліва-ж пры Паўле I. Часта немагчыма дашукацца нейкае мэты ў адміністр. зьменах, робленых Паўлай I.

У 1797 г. Паўла I ператварыў Магілёўскае і Полацкае намесьніцтвы ў адну губэрнію, названую Беларускай, з Віцебскам як галоўным местам. Дадаючы да тае часткі Менскага ваяв., якая адыйшла да Расеі пры другім падзеле, паўдзённую частку Полацкага ваяв., большую частку тэрыторыі Наваградзкага ваяводз. і ўсходнюю частку Берасьцейскага, — Паўла I утварыў Менскую губэрнію. Указам Паўлы м (12 сьнежня ст. ст. 1796 г.) Віленская і Слонімская губэрніі злучаліся у адну пад назовам Літоўскай[22].

Рэлігійныя справы.

Рэлігійныя справы на беларуска-літоускіх землях, далучаных усіх трох падзелах да Расеі, прадстаўляюць вельмі цікаўны, важны і разам з гэтым скамплікаваны чыньнік, які ўсьцяж спрытна выкарыстоўваюць, як Кацярына II, так і яе наступнікі з мэтай узьмацаваньня сваёй улады. Перад інкорпорацыяй земляў б. В. Кн. Беларуска-Літоўскага Расея была амаль што адналітым гаспадарствам з пануючай праваслаўнай рэлігіяй, адзначаючайся асобным сьветапаглядам, выплываючым з крыніцаў візантыйскай культуры. Праўда, прывандравала за Пётры Вялікага трохі чужынцаў рымска-каталікоў і пратэстантаў, але ня былі яны ў Расеі належна зарганізаваныя. Справамі рэлігійнымі неправаслаўнае люднасьці займалася г. зв. Кольлегія для Ліфляндыі, Эстоніі і Фінляндыі, утвораная Пётрай В., але мела яна хутчэй характар апэляцыйнага суду, гдзе разглядаліся справы цывільнага і духоўнага зьместу.

Да Кацярыны II р.-каталікі складалі нязначную лічбу веруючых, адміністацыйна залежных ад дзяржаўных уладаў. Гэтая залежнасьць зусім зразумелая з пункту гледжаньня адносінаў уладаў духоўных у Расеі да сьвецкіх. Праваслаўная рэлігія вельмі паважна ўплывала на вытварэньне (праз царкву) асобных характэрных рысаў псыхікі расейскага народу. Фактам ёсьць, што большасьць расейскага грамадзянства была варожа настроена ў адносінах да рымска-каталіцкай рэлігіі, званай інакш у Расеі „лацінствам“, увасабленьнем каторага сталася і Польшча і часткова Літва і Беларусь. У роўнай меры з боку абсалютнай большасьці р.-каталікоў Рэчыпаспалітай выяўлялася варожасьць да люднасьці праваслаўнага абраду, званае ізноў-жа «схізматыкамі». Даволі прыпомніць, што пасьля выключэньня з Сой­му дысыдэнта Пятроўскага (1718 г.) упрывілеяванай у Польшчы ста­лася толькі вера рым.-каталіцкая, дысыдэнты-ж былі агранічаны ў правох. Трэба таксама памятаць, што тагды на 12 мільёнаў жыхарства Рэчыпаспалітай прыпадала каля трох мільёнау дысыдэнтаў. Нічога дзіўнага, што ў часы, калі рэлігійныя пытаньні шчыльна вязаліся з палітычнымі, гэтае раздражненьне сярод грамадзянства мусіла фатальна адбіцца на ўнутраным жыцьці Польскае дзяржавы[23].

Рэлігійныя антагонізмы ў Рэчыпаспалітай перад яе разьдзеламі прыймаюць няраз нязвычайна дзікія формы барацьбы ўсіх групаў і йдуць якраз на руку захватніцкім імкненьням праваслаўнае Расеі і пратэстанцкае Прусіі. Кацярына II, прыяцелька Вольтэра, спрытна высоўваючы лёзунгі рэлігійнае толеранцыі, мела магчымасьць адкрыта ўмешвацца ў унутраныя справы Рэчыпаспалітай і пасьля апраўдываць навет сваю захватніцкую палітыку. Дый Заходня-эўрапэйскія дзяржавы часта зварачалі ўвагу на ненармальныя рэлігійныя адносіны ў Польшчы. Гэтак напр. за Станіслава Аўгуста справа ды­сыдэнтаў прыняла вельмі небясьпечны зварот, калі ў 1766 годзе злажылі варшаўскаму Сойму дэклярацыю паслы: расейскі, прускі, ан­гельскі, данскі і галяндзкі—у абароне сваіх адзінаверцаў, а папскі нунцый злажыў таксама дэклярацыю аб нятыкальнасьці прывілеяў каталіцызму[24]. Аднак, радыкальных зьменаў у кірунку паляпшэньня палажэньня інаверцаў у Польшчы ня было. Палажэньне-ж праваслаўных і ўніятаў на беларускіх і ўкраінскіх землях у Рэчыпаспалітай было вельмі сумным. З аднаго боку адпіхала іх шляхта ад удзелу ў дзяржаўна-палітычным жыцьці, з другога прыціскала цемра свайго ўласнага духавенства, вельмі часта малаграматнага. Беларуская шляхта паддалася асыміляцыі, пакідаючы народ на яго ўласныя сілы. Здараліся навет часта выпадкі залежнасьці праваслаўнага і ўніяцкага духавенства ад жыдоў, якія бралі цэрквы ў арэнду. Дзяржава, якой кіравала сфанатызаваная ў езуіцкіх школах польска-каталіцкая шляхта, ня толькі ня йшла насустрэчу сваім грамадзянам, але наадварот бачыла ў слабасьці і бяссільнасьці інаверцаў сваю перамогу. Калі-ж рэлігійнае змаганьне прыймае ў Рэчыпаспалітай вельмі вострыя і жорсткія формы (XVII і XVIII ст.), дык на землях беларускіх і ўкраінскіх творыцца грунт дзеля палітычнае ігры Расеі. Чуюцца ўжо частыя звароты і просьбы ўцісканых праваслаўных аб абароне адзінавернай Расеяй. Асабліва ў ролі абаронцы выступае праваслаўны магілёўскі арцыбіскуп Юры Конійскі (Конісскі), каторы ў 1762 г. зварачаецца з скаргамі да сыноду ў Расеі, а ў 1765 г. ў Варшаве выступае перад каралём з просьбамі аб абароне праваслаўных. Таксама расейскі пасол у Варшаве князь Репнін інтэрвэньяваў у адносных польскіх уладаў, але ня бачыў магчымасьці дыплёматычнай дарогай дайсьці да паразуменыя. Так, напрыклад, у пісьме, пасланым у гэтай справе Кацярыне II, ён пісаў, між іншым, што „ніякае падзеі, без аружнага выступленьня, для ўладжаньня гэтае справа — няма“[25].

З далучэньнем да Расеі—пры першым падзеле Польшчы — бе­ларускіх земляў, на каторых было каля 100,000 р.-каталікоў, 300,000 праваслаўных і 800,000 уніятаў, расейскі ўрад сустрэўся з дзьвюма зусім новымі рэлігійнымі проблемамі: р.-каталіцтвам і вуніяй. Праваслаўная люднасьць забраных земляў не прадстаўляла вялікіх труднасьцяў для ўраду з пагляду царкоунага ўпарадкаваньня.

Пакольку Кацярына II адразу заняла выразную лінію ў адносінах за р.-каталіцкага касьцёлу і яго адміністрацыйна-канонічнага ўпарадкаваньня, патольку пытаньне вуніяцкае царквы заставалася доўга нявырашаным і няпэўным. Вуніяцкі абрад, стаўшыся пагарджаным з боку вызнаўцау «мацнейшых» рэлігіяў, як праваслаўнае, так і р.-каталіцкае, толькі ў 1839 г. быў скасаваны г. зв. актам злучэньня вуніятаў з праваслаўнаю царквой за вуніяцкага мітрапаліта Язэпа Сямашкі.

Імпэратрыца Кацярына II у сваім першым афіцыяльным „Ука­зе“ з 16 жніўня ст. ст. 1772 г. запэўняла неабмежаваную свабоду ў публічным «вызнаваньні веры». Гэтае самае паўтарала яна і ў іншых абвяшчэньнях і маніфэстах пры наступных падзелах. У адносінах да рымска-каталікоў (лаціньнікаў) загарантавала яна пutrisque ritusравы на падставе падпісанага трактату з 18 верасьня 1773 г. Здавалася-б, што падкрэсьленая гарантыя свабоды рэлігіяў (ня толькі хрысьціянскіх, але і жыдоўскае) павінна была-б дадатна адбіцца на настроях прылучанага жыхарства, прывязанага да сваіх рэлігійных традыцыяў. I запраўды пачаткова новападданыя інаверцы, асабліва каталікі, былі вельмі зьдзіўлены, што вера іх была толеравана ў новай дзяржаве, у якой панавала адменная рэлігія[26]. Гэты жэст толеранцыі быў, аднак, аблічаны на тое, каб выклікаць сярод новых падданых пачуцьцё лёяльнасьці і прыхільнасьці, а таксама здабыць даверра астаўшаеся у межах Польшчы люднасьці. Аднак, трывала гэта ня доўга. Кацярына II уважала, што яшчэ не настаў час радыкальнага замацоўваньня „самодержавія и православія“ і тасавала сродкі тымчасовыя.

Першым найважнейшым заданьнем расейскага ураду ў адносінах да р.-каталіцкага касьцёлу было адшуканьне сярод духавенства адпаведнага элемэнту, адданага і вернага пачынаньням ураду. Зразумела, што элемэнт такі, пры існуючым маральным упадку Рэчыпаспалітай, знайшоўся ў вялікай лічбе на чале з ксяндзом Станіславам Богуш-Сестранцэвічам (р. 1731—1826), выбраным кандыдатам на каталіцкага біскупа ў далучаных землях. Гэтае высокае становішча сваё заўдзячыў ён віленскаму біскупу Ігнату Масальскаму, найяскравейшаму „прадстауніку публічнага і прыватнага гніцьця разкладаючаеся Рэчыпаспалітае”[27]. Кацярына II з двух магчымасьцяў мусіла выбраць: або шлях паразуменьня з папаю, як галавой каталіцкага касьцёлу, або беспадрэдняе падпарадкаваньне касьцёлу манаршай ініцыятыве і ўладзе. Кацярына выбрала гэты другі шлях[28]. Адразу ў далучаных па першаму разьдзелу землях расейскі ўрад пачаў умешвацца ў унутраныя справы каталіцкага касьцёлу, імкнучыся ўстанавіць над ім свой кантроль, а таксама адсэпараваць гіерархію каталіцкую і вуніяцкую ад рымскае курыі праз забарону абвяшчаць папскія „бульлі“ без дазволу царскага ўраду[29]. Ордэны і кляштары былі вылучаны з-пад юрысдыкцыі генэралаў, знаходзячыхся паза межамі расейскае імпэрыі[30].

Забаранялася таксама р.-каталіцкаму духавенству пашыраць сваю веру ў новай дзяржаве.

Дасьледчык рэлігійных адносінаў у часе разьдзелу Польшчы Мацей Лёрэт, уважае час ад 1772 да 1784 г. вельмі важным, становячым навет эпоху ў гісторыі разьвіцьця р.-каталіцкага касьцёлу на Усходзе Эуропы, бо тагды было створана новае каталіцкае арцыбіскупства—Магілёўскае—ня толькі для Беларусі, але й для усяе Расеі. Ягонай компэтэнцыі падлягалі ўсе каталікі — расейскія грамадзяне.

Гэты крок, зроблены Кацярынай II у напрамку нармаваньня ка­таліцкае рэлігіі на беларускіх землях праз залажэньне арцыбіскупства быў санкцыянаваны Рымам пасьля заўзятае барацьбы[31].

3 сьнежня (н. с.) 1773 г. абвешчаны быў загад Кацярыны II, у якім для р.-каталікоў, астаўшыхся бяз вышэйшай духоўнай улады ў межах Расеі, за біскупа тымчасовае беларускае дыэцэзіі ў Магілёве быў назначаны кс. С. Богуш-Сестранцэвіч. У справах касьцельнае адміністрацыі кіраваўся ён „Рэгулямінам“ з 1769 г. Апэляцыйнай інстанцыяй на пастановы біскупа была Кольлегія для справаў Лівоніі, пасьля—Сэнат. Номінацыя кс. Богуша-Сестранцэвіча адбылася бяз згоды рымскае Курыі, каторая працівілася назначэньню кс. Сестранцэвіча, як чалавека, адданага расейскаму ўраду, і толькі праз 12 гадоў паддалася дамаганьням Кацярыны II. Сталася гэта у 1782 годзе. Рымская Курыя тады ня толькі згадзілася на залажэньне капітулу ў Магілёве, але і на падвышэньне нялюбага ёй біскупа Сестранцэвіча на ступень арцыбіскупа беларускай архідыэцэзіі. Такія ўступкі Курыі тлумачацца перадусім: 1) цяжкімі варункамі, у якіх знаходзіўся Ватыкан; 2) імкненьнем папы не пашкодзіць інтарэсам каталіцызму на забраных беларускіх землях; 3) нязломнай воляй Кацярыны II, каторая займала адно з першых мейсцаў у тагачаснай эўрапэйскай палітыцы. Кацярына II у сваіх лістох да Ватыкану нядвузначна пагражала, што ў прыпадку неспаўненьня яе просьбаў каталікі будуць навернены на праваслаўе. У адным з такіх пісьмаў яна піша: „Папа ня ведае, што боль­шая часьць беларускіх каталікоў належала спрадвеку да нашай праваслаўнай веры, што іх продкі прынялі рымскую веру дзякуючы прымусу з боку палякоў і перасьледаваньням р.-каталіцкімі ксяндзамі. Яны (каталікі) толькі чакаюць адпаведнае хвіліны, каб ізноў вярнуцца на лона праваслаўнае царквы, якую пакінулі паміма свае волі і сьляды якое глыбака захаваліся ў іх сэрцы“…

Рым пайшоў на ўступкі, і ў 1783 г. прыехаў у Пецярбург нунцый Аркетті (Archetti), каторы эрыгаваў арцыбіскупства.

Па загаду Кацярыны II нованазначаны арцыбіскуп з‘арганізаваў кансысторыю для р.-каталікоў, каторыя належалі раней да трох дыэцэзіяў, цэнтры якіх асталіся ў Рэчыпаспалітай. Па другім і трэцім падзеле Рэчыпаспалітай пад уладу Расеі адыйшло шэсьць каталіцкіх дыэцэзій, з якіх Кацярына II зрабіла тры. Вялікая частка касьцельнае маемасьці перайшла на ўласнасьць дзяржавы. Арцыбіскуп Сестранцэвіч атрымаў уладу над усімі каталікамі новадалучаных земляў, адбываў візытацыі, назначаў і зьмяняў ксяндзоў, і круг дзейнасьці і аўторытэту яго значна павялічваўся. Аднак, толькі ў 1795 г. наступіла аканчальнае адміністрацыйна-канонічнае аформленьне для каталікоў з земляў, далучаных па другому і трэцяму падзелу. У „Загадзе“ з 6 (17) верасьня 1795 г. вымагалася злажэньня вернападданчае прысягі ад духавенства; забаранялася абвяшчаньне папскіх бульляў бяз згоды ўраду; забаранялася наварачваньне праваслаўных на каталіцызм. Усялякія зьмены ў галіне касьцельнае адміністрацыі адбываліся без паразуменьня з Ватыканам.

За Паўлы I адміністрацыйны лад р.-каталіцкага касьцёлу ізноў перажыў зьмену. Згодна з загадам з 28 красавіка 1798 г. ўся дзяржава была падзелена на шэсьць дыэцэзій на падставе губэрніяльнага падзелу: Віленская (Віл. губ.), Жмудзкая (Ковенская губ.), Луцка-Жытомірская (Валынская губ), Каменецкая (Падольская губ.), Менская (Менск. губ.); усе іншыя землі належалі да Магілёўскае дыэцэзіі (Магіл. губ.). Арцыбіскупу былі пакінены да выбару тры рэзыдэнцыі: Магілёў, Пецярбург і Кіеў. Паўла I падпарадкаваў касьцельную ўладу Дэпартаманту рымска-каталіцкіх спраў пры Юстіцкольлегіі (напалову сьвецкай), у якой былі прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. Да ўтварэньня гэтага Дэпартаманту ня мала спрычыніўся курляндзец, лютэранскага вызнаньня, барон Гэйкінг. Арцыбіскуп Сестранцэвіч, бачучы ў гэтым факце абмежаньне ягонае ўлады, выступіў супраць загаду Паўлы I, ня гледзячы на ўсю сваю бязьмерную паніжанасьць і адданасьць уладзе. 28 студзеня 1798 г. Паўла I выдаў загад аб выдзяленьні Дэпартаманту з Юстіцкольлегіі, як самастойнае ўстановы, і Сестранцэвіч быў пакліканы на старшыню Дэпартаманту, у якім былі чатыры сябры сьвецкія і чатыры духоўныя. Апрача таго працавалі два сэкрэтары і вызначаўся пракурор (канцэлярыя).

Пасьля трэцяга падзелу прыехаў у Пецярбург В. Літта, апошні папскі нунцый у Варшаве, з мэтай упарадкаваньня справаў каталіц­кага касьцёлу ў Расеі. У 1798 г. абвясьціу ён 10 актаў[32], якія тварылі падставу канкардату. Ноты гэтыя зацьвярджалі новую касьцельную арганізацыю, якую ўвёў Паула I 28. IV. 1798 г.[33]. Новыя зьмены ў касьцельнай адміністрацыі, да якіх прылажыў сваю руку і Літ­та, былі зацьверджаны папскай бульляй[34]—з дакорам Ліцьце, што задалёка пайшоў у сваіх уступках. Ордэны былі, як і пры Кацярыне II, у залежнасьці ад біскупаў. Літта падаў праект рэформаў у галіне манастырскіх справаў і хацеў вярнуць залежнасьць ордэнаў ад генэралаў. Паўла I аднак праект гэты адкінуў. Папскія бульлі былі і надалей апрабаваны імпэратарам. Справа каталіцкага касьцёлу, здавалася, пачала наладжвацца; аднак, папа, уневажняючы выбар Паўлы I на містра Мальтанскага ордэну, абурыў гэтым на сябе імпэратара. 17 сакавіка 1799 г. Паўла I выдаў адозву да вышэйшых уладаў каталіцкага касьцёлу, у якой загадваў падпарадкавацца ў кіраваньні дыэцэзіямі дзяржаўнаму законадаўству. На ўвагі нунцыя ў гэтай справе Паўла I адказаў афіцыяльнай нотай з дня 9. IV. 1799 г., зьмест якое вельмі характэрны для касьцельнай палітыкі насьледніка Кацярыны II. Нота гэтая выяўляла як-бы становішча Паўлы I у адносінах да каталіцкага касьцёлу: 1-о справы р.-каталіцкага касьцёлу ў Расеі паводле гэтай ноты падлягаюць без засьцярог сьвецкаму законадаўству; 2-о компэтэнцыя каталіцкага біскупа абыймае вы­ключна духоўныя справы; 3-о папскія бульлі маюць датычыць толькі духоўных справаў; 4-о бульлі мусяць быць апрабаваныя імпэрата­рам[35]. У гэтай ноце Паўла I выразна акрэсьліў праграму сваёй палітыкі ў справах каталіцкага касьцёлу ў Расеі. Ідэнтычная яна з праграмай ягонае маткі.

За панаваньня Паўлы I каталіцкі касьцёл усё-ж перажываў пэрыад як-бы адпачынку і ўзросту-пасьля тых устрасеньняў, якія адчуў пры Кацярыне II. Зазначалася гэта асабліва ў галіне касьцельнай адміністрацыі, якая за Паўлы I была даведзена больш-менш да ладу. Суровасьць і рашучасьць у адносінах да каталіцкага касьцёлу, якая яшчэ вее з нот, уступаюць аднак хутка мейсца больш лагодным настроям імпэратара, чаму нямала спрыяў здольны езуіт а. Грубэр. Пад яго уплывам Паўла I скасаваў некаторыя выданыя раней указы з 1799 г. Лагоднасьць гэтую асабліва выяўляў імпэратар у адносінах да ордэнаў. 11 сьнежня 1800 г. выдае ён т.-зв. „Пункты зацьверджаныя імпэратарам для каталіцкага духавенства”. Ордэны амаль-што зусім унезалежняюцца ад юрысдыкцыі біскупаў. Але з хвілінай трагічнае сьмерці Паўлы I[36] разьвеяліся ўсе надзеі Курыі, якая навет марыла аб увядзеньні вуніі на абшарах усяе Расеі.

Нельга тут моўчкі абыйсьці адносінаў Кацярыны II і Паўлы I да ордэну езуітаў і яго дзеяльнасьці ў новай дзяржаве. Як ведама, ордэн езуітаў быў скасаваны папаю Клімантам XIV 21 ліпеня 1773. I вось у той час, калі ў-ва ўсіх заходня-эўрапэйскіх дзяржавах на ўсей лініі адбывалася нішчэньне ордэну езуітаў, раптам ён знайшоў апору ў Расеі (і Прусіі). Адразу пасьля першага падзелу Кацярына II загадала сьпісаць усе манастыры і езуіцкія школы і ўважна сачыць за езуітамі[37]. Хутка аднак Кацярына II зьмяняе сваю пачатковую проціезуіцкую палітыку і ня толькі не касуе ордэну, але падтрымлівае яго і асабліва ім апякуецца. Прычыны гэтых учынкаў зразумелыя: езуіты на беларускіх землях першыя станулі на старане Расеі, першыя злажылі вернападданчую прысягу, першыя па ўласнай ініцыятыве зладзілі ўрачысты абыход імянінаў імпэратрыцы, выслаўлялі яе ў одах і казаньнях[38]. Тлумачыцца гэта таксама й роляй езуітаў у школьніцтве, якую дацэнівала Кацярына. Ня было гэта аднак галоўнай прычынай захаваньня ордэну езуітаў на далучаных землях. Галоўная прычына была ў агульнай сыстэме дзеяльнасьці Кацярыны II адносна да Рыму, мэтай якой было злёкалізаваньне кат. касьцёлу ў межах Расейскае імпэрыі. Бачучы сваё цяжкое палажэньне на Захадзе Эўропы, езуіты ўсялякімі спосабамі імкнуліся параліжаваць брэвэ Кліманта XIV, ужываючы ўсялякіх сродкаў[39]. Кацярына II добра разумела, што, захоўваючы ордэн езуітаў, гэтым самым пакажа Ры­му сваю сілу. Бачыла яна ў езуітах верных прыхільнікаў новага па­радку дый у гэтым не памылілася. Ужо перад прыездам Сестранцэвіча ў Пецярбург з брэвэ Кліманта XIV аб скасаваньні ордэну езуітаў Кацярына II выдала загад г.-губ. Чернышову аб захаваньні ор­дэну на забраных землях. Апрача гэтага, загадам з дн. 24 студзеня н. ст. 1774 звольніла Кацярына II езуіцкія валаданьні ад падатку, дапамагаючы ім акром гэтага матэр‘яльна (атрымлівалі яны ў год 8,000 рублёў на ўтрыманьне сваіх школаў). Езуіты паступова узмацняюць свае пазыцыі і здабываюць вялізарныя праўныя й матэр‘яльныя здабычы. Так напр. 2 лютага 1780 адчыняюць яны ў Полацку новіцыят, у які прыймаюць новых сяброў. Ватыкан, бачучы такое падтрыманьне езуітаў з боку расейскага ўраду, ня мог рашуча рэагаваць у гэтай справе і пакінуў яе на ўласнае сумленьне езуітаў. У 1782 г., калі было ўтворана рымска-каталіцкае арцыбіскупства ў Магілёве, езуіты, як і іншыя ордэны, мусілі падлягаць гэтай вышэйшай уладзе. Палажэньне ордэну езуітаў пад канец панаваньня Кацярыны II было бліскучае. „Кацярына II была іх дабрадзейкай, але не давала ім свабоды ў іх дзеяльнасьці, змушаючы іх быць паслушным і гнуткім арудзьдзем яе волі“[40]. Ордэн меу 6 калегіяў: у Полацку, Дзьвінску, Магілёве, Мсьціслаўлі, Воршы і Віцебску, 2 новіцыяты (у Полацку і Дзьвінску), 10 рэзыдэнцыяў. Лічба сяброў езуіцкага ордэну дасягала 200 асобаў[41].

Паўла I, уражлівы па жудасьці францускае рэвалюцыі, парыўчы і запальны[42], бачыў у езуітах аружжа для выкараненьня ўсялякага зла. Былі яны ў яго вачох увасабленьнем дабра. Гэта давала езуітам вялікія магчымасьці ў іх працы. Езуіты пакладалі вялікія надзеі на паступніка Кацярыны II, памятаючы часы яго бытнасьці ў Рыме, дзе ён, яшчэ малады, вёў гутаркі з папай Піем VI на вунійныя тэмы. За часоў Паўлы I езуіты перастаюць быць арудьдзем расейскае дыплёматыі; наадварот,—яны змушаюць яе служыць сваім мэтам і здабываюць пад свае ўплывы вышэйшае пецярбурскае грамадзянства[43].

У 1800 г. полацкі новіцыят атрымлівае права закладаць новыя духоўныя пляцоўкі там, дзе знаходзілася каталіцкае насяленьне. Ор­дэну, у меру адчыненьня новых пляцовак, мелі быць вернены маетнасьці ў тых мяйсцох, дзе польскі ўрад пасьпеў іх забраць да падзелу Польшчы пры скасаваньні ордэну. Урэшце Паўла I унезалежніў ордэны ад мяйсцовых касьцельных уладаў. Найбольш спрычыніўся да гэтага а. Грубэр. Дзякуючы яго стараньням, навет арцыбіскуп Сестранцэвіч папаў у няласку Паўлы I[44]. 11 жніўня 1800 г. Паўла I просіць навет Папу Пія VII аб санкцыі ордэну езуітаў у Расеі. Папа выдаў брэвэ 7 сакавіка 1801, якім якбы зацьвярджаў нанова ордэн езуітаў у межах Расеі. Брэвэ гэтае дайшло ў Расею аднак пасьля сьмерці Паўлы I. Лічба езуітаў пад канец панаваньня Паўлы I павялічылася да 244 асобаў. Пасьля забойства Паўлы I лёс езуітаў значна пагоршыўся.

Ня меншую вагу мелі адносіны Кацярыны II і Паўлы I да вуніятаў. Спачатку расейскі ўрад абмінае моўчкі свае адносіны да вуніятаў, праўдападобна таму, што яшчэ не заняў выразнага становішча ў іх справе. Першы раз афіцыяльна гаворыцца аб вуніяцкай царкве ў рэскрыпце з дня 2. VII. 1780 году[45] — і то дзеля таго, што ў полацкім вуніяцкім арцыбіскупстве, з прычыны выезду вуніяцкага арцыбіскупа Язэпа Юношы Смагажэўскага, звольнілася біскупская катэдра. Часова была створана кансысторыя для справау вуніятаў у Полацкім і Магілёўскім намесьніцтвах, якая складалася з 3—4-ох духоўных, заслугоўваючых на давер ураду. Кацярына II не сьпяшалася з назначэньнем біскупа. Толькі ў пачатку 1785 году быў назначаны на становішча вуніяцкага біскупа ў Полацку былы сябра кансысторыі Гэракл Лісоўскі. Перад яго назначэньнем быу выдадзены успомнены рэскрыпт, які выразна падважаў вунію. Згодна з ім, у выпадку звальненьня мейсца вуніяцкага духаўніка, адпаведныя улады мусілі апытаць люднасьць дадзенае парахвіі, ці не жадае ўвядзеньня праваслаўя, а калі так, дык у такім выпадку пскоўскі і магілёўскі праваслаўныя архіярэі мусілі назначаць праваслаўнага сьвяшчэньніка: першы—для полацкае, другі—для магілёускае губэрні. Далей было сказана, што ў выпадку, „калі-б парахвіяне зажадалі -духаўніка вуніята, дык кансысторыя абязана аддаць звольненую парахвію вуніяцкаму духаўніку бліжэйшае парахвіі, пакуль назначены намі сапраудны біскуп не пачне высьвянчаць новых духаўнікоў“[46]. Гэты загад адчыняў вуніятам дарогу ў праваслаўе („благочестіе“). Паступова праца архіярэя Ю. Конійскага, які „старанна“ імкнуўся навярнуць вуніятаў на праваслаўе, асягае намечаную ім мэту. I вось у 1794 г. Кацярына II выдае Тутолміну загад, каб ніхто з шляхты, ані духоўных, ані ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе каго-небудзь з вуніі ў праваслаўе. Усялякія спробы стаўляньня перашкодаў пагражалі канфіскатай маёнтку і судовай карай[47].

Наварачваньне вуніятаў на праваслаўе, якому спачатку спраціўлялася сама Кацярына II з мэтай выклікаць вернападданчыя настроі сярод жыхарства забраных земляў, пад канец яе панаваньня дайшло да вельмі шырокіх разьмераў. Лічба наверненых ня ведама точна, але дасягае яна вялікае цыфры. У працягу аднаго месяца 1794 г. перайшлі на праваслаўе: 721 парахвіі, 333.012 грамадзян і 463 вуніяцкія духаўнікі. У гадох ад 1793 да 1796 нованаверненых на праваслаўе было каля 1.600.000 асоб[48]. Аб спосабах наварачваньня вуні­ятаў на праваслаўе (як перад гэтым рабілася наадварот) і абароне імі сваёй веры шмат ужо было пісана, дык, не затрымліваючыся даўжэй над гэтым, зазначым толькі, што часта вынікалі крывавыя бойкі паміж вуніяцкім насяленьнем і ўрадавымі праваслаўнымі „пропагатарамі”, так што сьвецкія ўлады змушаны бывалі паўстрымліваць залішне старанных пашыральнікаў праваслаўя[49]. Было ня мала выпадкаў пе­реходу вуніятаў у лацінскі абрад. Напр. у Магілёускай губэрніі 8 ты­сяч вуніятаў у 24-ох парахвіях перайшло ў лацінства і гэтак не паддалося навярненьню на праваслаўе. Палажэньне вуніяцкіх ордэнаў было таксама вельмі цяжкое. У 1795 годзе Кацярына II запрапанавала арцыбіскупу вуніяцкаму Лісоўскаму закрыць лішнія вуніяц­кія манастыры, а праз 10 гадоў, дзякуючы стараньням каталіцкага арцыбіскупа Сестранцэвіча, лічба вуніяцкіх манастыроў паменшылася з 84 да 25.

За Паўлы I заўважваецца пэўная зьмена ў паглядах на вуніяцкую справу, што відаць напр. з пісьма менскага губэрнатара Карнеева, які скардзіцца на вострыя меры, тасаваныя пры наварачваньні вуніятаў на праваслаўе[50]. Сярод наверненага на праваслаўе насяленьня заўважваецца паварот да старое веры. Праўда, гэтае імкненьне знайшло перашкоду ў загадзе Паўлы I, якім ён забараніў вяртацца ізноў у вунію; але побач з гэтым імпэратар выдае загады, якія адзначаюцца некаторым лібэралізмам у адносінах да вуніятаў. Гэтак у маі 1797 г., падчас падарожы па забраных землях, выдаў Паўла I рэскрыпт па рукі Карнеева, у якім зазначаў, што шмат дзе насяленьне крыўдзіцца на наварачваньне сілай у праваслаўе. Дзеля гэтага загадаў Паўла I не рабіць ніякіх перашкодаў у вызнаваньні вуніятамі іх веры[51]. Гэткае спрыяньне вуніятам вельмі не падабалася праваслаўнаму духавенству. Часы гэтыя, як піша С. Рункевіч, ”як-бы адвярнуліся плячыма да справы праваслаўя у Заходняй Расеі“.[52] Вельмі цікаўным прыкладам адваротнае стараны „прыхільнасьці“ Паўлы I да вуніятаў ёсьць выпадкі у вёсцы Начы, Магілёускае губ., дзе Паўла I загадаў схапіць і судзіць сялян, скардзіўшыхся на рэлігійную несправядлівасьць. Агулам кажучы, за Паўлы I лёс вуніі хіліўся ўсьцяж па лініі далейшага паступовага заняпаду гэтага вызнаньня на карысьць праваслаўя. Гэтаму спрыяла бясспынная дзеяльнасьць вышэйшых уладаў праваслаўнае царквы. За Паўлы I аднак было яшчэ ненаверненых каля 2-ух мільёнаў вуніятаў[53].

Толькі некаторыя адзінкі змагаліся з рэлігійным уціскам: асабліва адзначыліся ў гэтым базыльяне й піяры.

Агулам кажучы, наступнікі Кацярыны II трымаліся вызначанага ёй кірунку касьцельнае палітыкі. Палітыка гэтая ў адносінах да р.-каталіцкага касьцёлу адзначаецца бязумоўным імкненьнем да ўзалежненьня гэтага касьцёлу ад расейскага ураду і утварэньня з яго вернападданчага органу; у адносінах да вуніятаў—рашучае перасьледваньне гэтае рэлігіі. У тэорыі Кацярына II запэўняла рэлігійную толеранцыю і свабоду; у практыцы аднак гвалціла яе на кожным кроку, дзеючы ў мысьль свайго асноўнага імкненьня да палітычнае і тэрыторыяльнае экспансіі Расеі.

Сялянскае пытаньне.

„Палажэньне сялян у ХѴIII — піша польскі дасьледчык Ст. Любіч[54], — можна азначыць двума славамі; падданства і паншчына”. Расейскі гісторык I. Горемыкін выражаецца аб гэтых часох, што гэта былі „часы рабства”, ня прыносячыя ніякіх зьмен у палажэньні сялян[55]. Паняцьці рабства, падданства і паншчыны часта мяшаюцца навет у гісторыі і соцыёлёгіі. „Паняцьце падданства адносна свайго зьместу яшчэ не ўстаноўлена, як адналітае і агульна абязываючае“[56]. Падданства можна разумець, як: асабістае, зямельнае і судовае. На беларускіх землях было яно адналітае, хоць можна яго разглядаць з гэтых трох бакоў. Сялянства на беларуска-літоўскіх землях (як і ў Польшчы) тварыла у XVIII в. абсалютную большасьць насяленьня (каля 70 прац.). Варункі, у якіх знаходзіліся сяляне у нашым краі, былі перад падзеламі наагул падобныя да варункаў у Кароне. „У XVII і XVIII в. аграрныя адносіны у Літве зрабіліся зусім падобныя сваёй будовай да польскіх“[57].

Сяляне жылі ў каралеўскіх маёнтках, т.-з. эканоміях, на землях шляхоцкіх, духоўных і ў староствах[58]. Палажэньне сялян у каралеўшчынах і на землях духавенства было адносна лепшае, чым у шляхоцкіх валаданьнях.[59] Каралеўскія маёнткі абыймалі эканоміі: горадзенскую, оліцкую, шавельскую, берасьцейска-кобрынскую[60] і магілёўскую. Каля сярэдзіны XVIII в. абыймалі яны 5 эканоміяў, на абшарах якіх знаходзілася каля 1219 вёсак[61]. Ст. Косьцялкоўскі на падставе інвэнтароў з 1783 г. падае лічбу сялян у эканоміях на беларуска-літоўскіх землях (разам з магілёўскай эканоміяй) каля 135.000 асоб. Тут існавала права сялян на скаргу ў судох (т.-зв. рэфэрэндарскіх). Фальварковыя гаспадаркі былі заменены больш прадукцыйнымі тыпамі гаспадарак, аднак за часоў адміністраваньня ў эканоміях Антона Тызэнгаўза фальварковыя гаспадаркі ізноў былі вернены. Гэта было выяўленьнем нарастаньня ў зямляробстве капіталізму. Сялянства было наагул з гэтае зьмены нездаволена і падыймала часта бунты (бунт у Шаўлях у 1769 г., крывава здушаны). Перад падзеламі такім чынам і ў каралеўскіх валаданьнях пала­жэньне сялян значна пагоршылася. На землях духавенства падданыя ня мелі праўнае апекі, але палажэньне іх там было ня гэткае цяжкое, як у валаданьнях шляхты, дзе запраўды „цьвіла“ паншчына. На беларуска-літоўскіх землях шляхціц аднак ня меў права ѵіtае ас necis (У Польшчы права гэтае было адабрана ў шляхты ў 1768 г.).

Былі роблены спробы паляпшэньня быту сялян шляхам унармаваньня праўных адносінаў у гэтым пытаньні. Аднак грунтоўных зьмен перад падзеламі Польшчы мы ў гэтай галіне ня бачым. Канстытуцыя 3-га мая зьмяшчала толькі кароценькі разьдзел аб сялянах. Сказана там было, што селянін бярэцца „пад апеку права і краёвага ўраду“, але гэта — агульныя словы, якія ня мелі ніякага бліжэйшага рэальнага значэньня. Рэальна адчуваў селянін зьмены да лепшага знутра—ад тае часткі асьвечанае шляхты, якая (пад уплывам павеваў з Захаду) ўсьведамляла патрэбу сялянскае рэформы. Цікава, што імкненьне гэтае асабліва сільным было на беларуска - літоўскіх землях.

Мае слушнасьць I. Горемыкін[62], пішучы, што „у апошніх часох самастойнага існаваньня Польшчы на карысьць сялян ня было зроблена нічога: соймы тых часоў, якія займаліся рознымі праектамі і зьменамі, не хацелі і не маглі закранаць гэтую так важную справу“[63]. Гэтак прадстаўлялася палажэньне сялян і сялянскае пытаньне на беларуска-літоўскіх землях у найагульнейшых рысах перад падзеламі Польшчы. „Пазбаўлены усялякай праўнай апекі,—піша гісторык З. Мякотін[64], аддадзены цалком пад уладу свайго пана, селянін зносіў ад апошняга ўсе гвалты, якія прыходзілі яму ў галаву, падлягаў суроваму трактаваньню з боку пана й яго эканомаў і стра­шному эканамічнаму ўціску, быў навет часамі пазбаўлены тае зямлі, якая была адзінай падставай яго існаваньня“.

Пасьля прылучэньня да Расеі земляў б. беларуска-літоўскага гаспадарства ўведзены былі адразу на гэтых землях законы, абязуючыя ў Расеі. У адносінах да сялян законы гэтыя розьніліся ад існуючых датуль пад Польшчай тым, што прыгон аблічаўся з мужчынскае душы. Адразу-ж пасьля першага падзелу наступіла для ся­лян пагаршэньне іх палажэньня[65]. Указ з 1775 г., дазваляў прадаваць сялян без зямлі. У Расеі гэтага роду прадажа была агульным зьявішчам[66]. У Польшчы таксама здараліся такія выпадкі[67]. Было „аднэй з найцямнейшых старон польскага падданства тое, што падданага можна было прадаць або дараваць без зямлі“[68]. У Ра­сеі аднак існаваў сапраўдны „гандаль сялянамі“,[69] як агульнае зьявішча. Усе расейскія гісторыкі, навет пішучыя выразна у вялікадзяржаўным расейскім духу, сцьвярджаюць, што ані Кацярына II, ані Паўла I не палепшылі палажэньня сялян. У загадзе ген.-губ. Неплюева (8 лістапада ст. ст. 1794 г.) прыказваецца земскім камісарам[70] даглядаць, „каб сяляне спаўнялі адносна да паноў паводле старых звычаяў усе павіннасьці, уносілі аплаты і заставаліся найпакарнейшымі у падданстве“[71]. Выпадкаў бунтаў сялян за часоў Кацярыны II на забраных Расеяй землях ня было[72]. Аднак, стараннасьць расейскіх уладаў у недапушчаньні бунтаў сьведчыць што нездаваленьне ў масах існавала. У „Учрежденіи о правленіи губерніями“ з 1775 г.[73] было прадбачана, што у выпадку непаслухмянасьці («ослушанія») сялян земскі капітан з павету і гараднічы з ме­ста павінны адразу паведаміць аб гэтым губэрскі урад і старацца супакоіць збунтаваных. Расейскія ўлады сурова пачалі перасьледаваць сялян, уцякаючых з аднае тэрыторыі на другую. Перад гэтым адбывалася сталая цыркуляцыя сялян з адных абшараў на другія. Цяпер-жа навет вольныя сяляне, якія тварылі даволі вялікую лічбова трупу, ня мелі права бяз ведама земскіх камісараў пераходзіць з мейсца на мейсца[74]. Гэтыя загады былі паважным ударам для сялян. Перад гэтым шляхта, баючыся ўцёкаў сялян, мусіла быць больш лагоднай з імі; цяпер-жа самаволя і вызыск з боку шляхты знаходзілі пасярэдняе падтрыманьне ў гэтых законах.

Паўстаньне на беларуска-літоўскіх землях у 1794 г., якое трывала коратка і было папросту эпізодам ў расейскім панаваньні на гэтых землях, ясная рэч, не магло палепшыць долі сялян. Рапарт Тутолміна аб 100,000 збунтаваных сялян быў проста яго выдумкай. Паўстанчыя ўлады не сягнулі ў глыб масаў сялянства. Прычына пасыўнасьці апошняга была і ў тым, што расейскі ўрад сеяў бясспынна антагонізм паміж шляхтай і сялянствам. З гэтага боку вельмі характэрнае пісьмо Кацярыны II да ген.-губ. Т. Тутолміна (19 красавіка 1794 г.), у якім яна зьвяртае вялікую увагу на сялян[75]. Пасьля паўстаньня адбыліся канфіскацыі маёнткаў. Шляхта рабіла захады, каб здабыць прыхільнасьць расейскіх уладаў, выракаючыся ўдзелу ў паўстаньні, хочучы гэтым здабыць сканфіскаваныя маёнткі[76]. На забраных землях да першае паловы 1797 г. было раздана каля 123.000 душ, з чаго 105.000 прыпала расейцам, а рэшту атрымалі «заслужаныя» палякі[77]. У раздадзеных расейцам маёнтках была ўведзена на расейскі лад павіннасьць „дваровых“.

Пры ўступленьні Паўлы I на трон у Расеі выбухлі бунты сялян, якія „выразна паказываюць, якой зьмены свайго быту жадалі сяляне“[78]. Разрухі ахапілі 17 вялікарускіх губэрніяў і былі выкліканы часткова тым, што першы раз сяляне былі пакліканы да прысягі новаму імпэратару[79]. Баючыся пашырэньня бунту на забраныя землі, Паўла I выдаў 29. I. 1797 г. адозву, у якой перасьцерагаў сялян перад бунтам і заклікаў іх быць паслухмянымі ў спаўненьні паншчыны „пад пагрозай нямінучае, паводле права, кары за праступленьне і сваволю“[80]. Загадам з дня 5 красавіка 1797 г. (у дзень каранацыі) устанавіў Паўла I 3-дзённую паншчыну з кожнае сялянскае душы. Пасьля гэтага загаду шмат дзе (асабліва ў паўдзённых забраных землях) павялічылі паншчыну з 2 да 3 дзён. У тыхжа землях, дзе існавала паншчына звыш 3 дзён, загад гэты астаўся мёртвай літарай.

Лічэбнасьць стану прыгонных сялян была павялічана пасьля падзелаў залічэньнем да сялянскага стану дробнае шляхты, якая не магла даказаць свайго шляхоцкага паходжаньня, а таксама мяшчан у дробных мястэчках. Сто з лішкам мястэчак, якія былі на магдэборскім праве, у 1776 г. падпалі пад агульна-расейскія правы. Пры рэвізіі (сьпісе) насяленьня мяшчане, ня маючыя мяшчанскіх правоў, былі залічаны да сялян.

Маніфэст Паўлы І аб 3-дзённай паншчыне вялікага бліжэйшага значэньня ня меў, быу ён аднак зачаткам маючых наступіць рэформаў у сялянскай справе, а такжа інгерэнцыі дзяржавы. „Калі пры Кацярыне II у літэратуры трэба было з вялікай асьцярожнасьцю зачапляць балячкі паншчыны, дык за часоў Паўлы І гэта зрабілася зусім немагчымым“[81]. Сяляне знасілі апрача гэтага эксплёатацыю арандароў і шынкароў жыдоў. Былі яны ў ролі пасярэднікаў паміж панам і селянінам. Але, як прыгожа й слушна кажа В. Смоленьскі, „хоць у XVII в. селянін піў з жыдоўскіх рук, аднак-жа ў чарцы была шляхоцкая гарэлка”[82].

Ад 1795 г. у працягу двух гадоў панаваў у губэрніях б. Беларуска-Літоўскага гаспадарства голад з прычыны неўраджаю. Паўла I адведаў гэтыя краіны і быў страшэнна зьдзіўлены беднасьцю сялян[83]. Прыбыўшы ў Менскую губ., загадаў ён склікаць звезд шляхты з мэтай вынаходу сродкаў дзеля паляпшэньня гаспадаркі. У 1796 г. (10 сьнежня) быу скасаваны хлебны падатак, установлены ў некаторых губэрніях у 1794 г. з мэтай дастаўкі правізіі войску. Зьнізіў Паўла I таксама цэны на хлеб, загадваючы прадаваць жыта з дзяржаўных магазынаў. Дзеля супакоеньня сялянскіх масаў Паўла I адклікаў у 1796 г. (10. XI.) набор рэкрутаў, адмаўляючыся гэтым самым ад коаліцыі супраць рэвалюцыйнае Францыі.

Рух, які быў скіраваны да паляпшэньня быту сялян, ішоў, як было ўспомнена, знутра, ад часткі больш асьвечанае шляхты. У гэтых часох мы бачым спробы і агульныя (зьезд шляхты Меншчыны), і індывідуальныя, якія мелі на мэце паляпшэньне долі сялянства[84].

Панаваньне Кацярыны II і Паўлы I, як бачым, нічога амаль не зьмяніла ў сялянскім пытаньні. Расейскі ўрад быў заняты справамі ўнутранай і вонкавай палітыкі і пакідаў гэтую справу адкрытай. Перад усім ён мусіў умацаваць сваё панаваньне на забраных землях і, будучы выразіцелем інтарэсаў „дваранства“, папросту не чапаў сялянскае справы. Расея ізноў-жа ня была яшчэ пэўная свайго палажэньня у забраным краі. На палітычным гарызоньце Зах. Эуропы яшчэ блішчэлі штыкі рэвалюцыйнае арміі. Урэшце, культурны ровень расейскага грамадзянства і адсталасьць формаў аграрных адносінаў у Расеі ў роўнай меры спрыялі таму, што расейскі ўрад ня рупіўся аб гэтай справе. Тры падзелы у розных пэрыадах часу былі прычынай таго, што: 1) стала адбвіваліся рознвія зьмены на забраных землях, 2) маемасныя адносіны ня былі цьвёрда замацаваныя (канфіскаты, даравізны). Гэта, ясная справа, адбівалася на палажэньні сялян. З другога боку, расейскі урад спаткаўся з новым аграрным тыпам, розьнячымся ад расейскага. Незнаёмасьць аграрных адносінаў на бе­ларуска-літоўскіх землях была таксама аднэй з прычынаў бязьдзейнасьці расейскіх уладаў. Беларусь дасьпела да сялянскае рэформы, аднак застой аграмаднае Расеі затрымліваў яе ў разьвіцьці вышэйшых соцыяльных адносінаў.

Такім чынам, панаваньне Кацярыны II і Паўлы I — гэта пэрыад застою ў адносінах да сялянскага пытаньня, з другога боку—пэрыад няясных і неакрэсьленых яшчэ зьменаў у настроях вышэйшых слаёў грамадзянства пад уплывам павеваў з рэвалюцыйнага Захаду. Палажэньне сялян было наагул цяжкім[85], а сялянскае пытаньне мела яшчэ чакаць дзесяткі гадоў на сваё вырашэньне.


За часоў Кацярыны II былі намечаны галоўныя вехі расейскае палітыкі адносна да забраных беларуска-літоўскіх земляў і іх насельніцтва. Палітыка гэтая адзначалася рашучасьцю і консэквэнтнасьцю, імкнучыся да нівэляцыі асаблівасьцяў гэтае краіны і поўнага зьліцьця яе з Расейскай імпэрыяй. Аднак асаблівасьці былае Беларуска-Літоўскае дзяржавы, выражаючыяся ў асаблівым укладзе лёкальных адносінаў пад уплывам прыродна-географічных варункаў у шырокім іх разуменьні, прадстаўлялі неабыякія перашкоды ў рэалізацыі русыфікацыйна-уніфікацыйных плянаў Расеі. Ня гледзячы на рашучасьць і гібкасьць сваёй палітыкі, ня здолела яна асаблівасьці гэтыя зьнішчыць.

Наступнікі Кацярыны II пераймаюць сыстэму яе палітыкі, больш выразна вызначаючы праграму, пабежна зарысаваную іх папярэдніцай. Расейскія зьмены ў адміністрацыі і ў іншых галінах дзяржаўнага жыцьця былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства не маглі ад­нак і пазьней зьмяніць уклад адносінаў на забраных землях. Уклад гэты, як вытвар гістарычнага разьвіцьця, тамаваў урастаньне ўглыб штучных пачынаньняў расейскіх уладаў. Наступнікі Кацярыны II, датарноўваючы палітыку яе да новых гістарычных выпадкаў і палітычных кон'юнктур, модыфікавалі яе, даводзячы да канца або разьвіваючы далей тое, што у зародышавай або няпоўнай форме існавала у пачынаньнях расейскіх уладаў на забраных землях у канцы XVIII в.

Сконкрэтызуем дзеля гэтага асноўныя палажэньні расейскае палітыкі на Беларуска-Літоўскіх землях—як у разгледжаных галінах, так і ў тых, разгляд каторых у нашу працу з прычыны абмежанасьці мейсца не ўвайшоў.

У галіне адміністрацыі. Кацярына II, як мы бачылі, імкнулася да поўнае ўніфікацыі забранага краю з Расейскай імпэрыяй, уводзячы «Учрежденіе о правленіи губерніями» з 1775 г. Першапачаткова дзелавая частка Беларусі была для яе мейсцам экспэрымэнту ў галіне адміністрацыі. За часоў Кацярыны II „Учрежденіе“ ня было поўнасьцю праведзена ў жыцьцё на землях былага Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Адміністрацыйны падзел падлягае частым зьменам. Паўла I трымаецца ў адміністрацыйным падзеле забраных зем­ляў этнаграфічнае падставы.

У рэлігійным пытаньні Кацярына выразна імкнулася да скасаваньня вуніі, а таксама да ўзалежненьня рымска-каталіцкага касьцёлу ад расейскага ўраду. У гэтай галіне сваёй дзеяльнасьці яна была рашучай і консэквэнтнай, ужываючы ўсялякіх сродкаў да асягненьня намечанае мэты. Тут найбольш праявілася яе імкненьне да русыфікацыі забраных земляў.

Сялянская справа была пакінена адкрытай. Гаварылася, праўда, аб гэтай справе ў камісіі з 1767 г., парушалася яна на паседжаньнях „Вольнага Эканамічнага Таварыства" у Пецярбурзе, але ніякіх канкрэтных пачынаньняў у гэтай справе ня зроблена. Дваранства расейскае яшчэ не разумела патрэбы сялянскае рэформы. Беларуска-літоўская шляхта на ўласную руку пачала паляпшаць палажэньне сялян.

У справе местаў Кацярына імкнулася да ўніфікацыі іх з боку зраўнаньня ў правох станаў, касуе магдэборскае права на землях бы­лага Беларуска-Літоўскага гаспадарства, творыць такжа новыя месты, якія аднак ня маюць вялікага значэньня. Будаўляная дзеяльнасьць трохі ажыўляецца, мае аднак на ўвазе пераважна ўрадавыя будынкі. У судаводзтве наступаюць малыя зьмены. Застаецца яно такім, якім было і перад падзеламі.

Жыдоў Кацярына II зраўнала ў правох з расейскім грамадзянствам. Палажэньне іх аднак было цяжкое: плацілі яны большыя падаткі, за Паўлы I былі пераселены з правінцыі ў месты, уведзена была „мяжа аселасьці“.

Шляхта забраных земляў была зраўнана ў правох з расейскім дваранствам, якое карысталася меншымі, чым яна, правамі, нясучы аднак большыя павіннасьці.

Школьніцтва было мала закранута. Езуіты, адыгрываўшыя вялікую ролю ў школьніцтве, былі захаваны. Толькі ад 1789 г. пачынаюць паволі выяўляцца ўплывы дзеяльнасьці „камісіі для ўтварэньня народных школаў“, якая ад гэтага часу адчыняе расейскія школы на забраных землях.


  1. З прычыны недахопу мейсца тут зьмешчаны толькі адрыўкі з больш абшырнае і ўсебаковае працы на гэту тэму. Не увайшлі сюды разьдзелы: аб судох, местах, жыдоўскім пытаньні, аб адносінах да шляхты, аб асьвеце і школьніцтве.Рэд.
  2. Рэкі гэтыя, бяручы свой пачатак на Беларуска-Літоўскім узвышшы, адзначаюцца надзвычайнай гідрографічнай спляцістасьцю.
  3. Беларуска-Літоўскае гаспадарства (гэтак званае Вялікае Князьства Літоўскае) і пасьля Люблінскае вуніі тварыла ў Рэчыпаспалітай трэцюю (асобную) правінцыю побач з г. зв. Малай і Вялікай Польшчай; кожны трэці Сойм Рэчыпаспалітай адбываўся ў Ліцьве, і на ім вызначаліся свае маршалкі. Вялікае Князьства дзялілася адміністрацыйна на 10 ваяводзтваў: Віленскае, Троцкае, князьства Жмудзкае, Полацкае, Наваградзкае, Ві­цебскае, Берасьцейскае, Мсьціслаўскае, Менскае і Інфлянцкае. Ваяводзтва (князьства) Інфлянцкае было ў супольным валаданьні Польшчы і Літвы. Князьства Жмудзкае захоўвала сваю гістарычную асаблівасьць, утрымліваючы назоў князьства (ducatas). Дзялілася яно на 28 паветаў і мела за места ваяводы старасту. Розныя часткі б. Беларуска-Літоўскага гаспадарства, незалежна ад падзелу на ваяводзтвы, захоўвалі традыцыйныя назовы: ваяв. Віленскае разам з паўночнай часткай Троцкага называлася ўласьцівай Літвой, паўдзённая частка ваяв. Троцкага паміж левым берагам Нёмна, Аўгустоўскай пушчай і Прускай граніцай называлася Запушчанскім Трактам; Беларусяй называліся ваяводзтвы: Полацкае, Віцебскае, Мсьціслаўскае і ўсходняя частка Менскага, а таксама ваяв. Нава­градзкае і частка Троцкага (на паўдзён ад Горадні); заходняя частка Менскага ваяво­дзтва мела назоў Чорнае Русі, паўдзённыя часткі ваяв. Берасьцейскага і Менскага называліся Палесьсем.
  4. Землі гэтыя абазначаны у т. зв. „плякаце“, апублікаваным папольску і парасейску у 1772 г. графам Захарам Чэрнышовым, беларускім генэрал-губэрнатарам на за­браных землях.
  5. Ген.-губ. Чернышов імкнуўся разьмяшчапь губэрнскія і уездныя (павятовыя) месты ў цэнтрах дадзеных адміністрацыйных адзінак. Опочка якраз была цэнтрам Пскоўскае губ.
  6. П. Жуковичъ. „Управленіе и судъ въ Западной Россіи въ царствованіе Екате­рины II.“ Журналъ Министерства Нар. Просв. 1914 кн. 2. Стр. 291.
  7. Урад ген.-губэрнатара у Расеі ўводзіўся звычайна ў пагранічных або вельмі важных мясцовасьцях.
  8. Праект гэты апрацоўваўся спэцыяльнай камісіяй, якую ўтварыла Кацярына II у 1767 г.
  9. Жыў Чэрнышов стала ў Расеі. Толькі ўвосені 1774 г. ён адбыў падарожжа да адданых пад яго ўладу беларускіх земляў, пасьля чаго пасяліўся ў сваім маёнтку каля Масквы.
  10. Паводле „Учрежденія“ губэрніі мелі мець ад 300.000 да 400.000, а „уезды“ ад 20.000 да оО.ООО насяленьня.
  11. Полное Собраніе Законовъ Россійікой Имперіи, XX № 14603.
  12. H. Mościcki. „Dzieje porozbiorowe Litwy i Polski“, Wilno, 1913, tom I, стр. 94.
  13. S. Kutrzeba. „Historja ustroju Polski w zarysie“ t. III, стр. 181.
  14. H. Mościcki, op. cit, стр. 79.
  15. Екатерининскій Сборникъ, I, № 15.
  16. Да міру ў Тыльзыце ў 1807 г.
  17. Екат. Сб. II, № 24.
  18. Увядзеньне. намесьніцтваў на землях Беларуска-Літоўскіх напатыкала шмат перашкод, дзеля гэтага Менскае намесьніцтва было ўтворана аж 2-га кастр., хоць у „Указе“ ёсьць мова аб увядзеньні ягоўжо з 3-га мая (ст. ст.) 1795 г. (гл. Екат. Сб. I, № 25).
  19. Назначэньне Репніна на становішча ген.-губэрнатара „Літвы“ адбылося пасьля паўстаньня Касьцюшкі.
  20. Сюды ўваходзілі і бел. землі.
  21. Надеждинъ. „Сѣверо-Западный Край въ прежнемъ и настоящемъ видѣ“ Жур. Мин. Вн. Дѣлъ. 1843, № 2—3, стр. 286.
  22. Праіснавала яна толькі каля 5 гадоў, бо Аляксандр I у 1801 г. (па сьмерці Паўлы I) ізноў падзяліў яе на дзьве: Віленскую і Горадзенскую, пакідаючы назош „літоўскіх“ губ. Адначасна было скасавана ўтворанае Паўлай I Магілёўскае намесьніцтва: падзелена яно было на губэрніі Магілёўскую і Віцебскую (замест былой Полацкай).
  23. T. Korzon. „Wewnętrzne dzieje Polski za St. Augusta“. Warszawa, 1897. Т. I. 165-6.
  24. T. Korzon. Ibid. 166.
  25. С. Соловьевъ. „Исторія Россіи съ древнѣйшихъ временъ". Т. XXVI, стр. 432.
  26. Кояловичъ М. „Исторія возсоединенія зап.-русскихъ уніятовъ съ старыхъ вре­менъ“ Петербургъ 1873, стр. 114.
  27. H. Mościcki. „Dzieje porozbiorowe Litwy i Polski“, T. I, Wilno, 1913, st. 19.
  28. M. Loret. „Kościoł Katolicki a Katarzyna II“ Kraków-Warszawa 1910 r., st. 19.
  29. St. Kutrzeba. „Historja ustroju Polski“ T. III, Lwów, 1920, st. 186-7.
  30. Глядзі пісьмы Кацярыны II да Грымма „Сборникъ И. Р. И. О“. Г. ХХШ.
  31. M. Loret, op. cit. стр. 1—2.
  32. H. Mościcki „Dzieje porozbiorowe“, т. I, стр. 443.
  33. Рубинштейнъ „Хронологическій указатель указовъ и правительственныхъ распоряженій по губерніямъ Зап. Россіи, Бѣлоруссіи и Малороссіи“, Вильно, 1894, № 716.
  34. З дня 15 лістападу 1798 г.
  35. Зьмест гэтай ноты пададзены ў працы кс. Ad. Boudou „Сьвятая сталіца і Расея“ (у польск. перакладзе з францускага, Кракаў, 1928). Т. I, стр. 27.
  36. Забіты уначы з 11 на 12 сакавіка ст. ст. 1801 г.
  37. Езуіты ўтрымлівалі тагды 4 калегіі, 2 рэзыдэнцыі, 12 дамоў і місыйных пунктаў (у іх 6 школаў). Усіх езуітаў на тэрыторыі першага падзелу было 178 асоб (кс. С. Залэнскі „Jezuici w Polsce“, у скарачэньні, Kraków, 1908, стр. 253).
  38. H. Mościcki „Dzieje porozbiorowe“, т. I, стр. 46.
  39. Клімант XIV быу здаецца навет атручаны езуітамі. (Гл. T. Greisinger „Езуіты“, перакл. на расейскую мову, Масква, 1868).
  40. М. Морошкинъ. „Іезуиты въ Россіи“ стр. 245. У лісьце да Грымма пісала Кацярына II аб беларускіх езуітах: „ce sont des bêtes, et puis c‘est tout, et cencore des bêtes et ennuyenses“ С. И. Р. И. О. т. XXIII, № 180.
  41. М. Морошкинъ I. с. стр. 244.
  42. Вельмі добрай працай аб характары і псыхічным здароўі Паўлы I ёсьць артыкул I. В. Чижа „Императоръ Павелъ І“, [зьмешчаны ў часопісу „Вопросы философіи и психологіи“ 1907, III 88].
  43. Самаринъ. „Іезуиты и ихъ отношеніе къ Россіи“ Масква 1866.
  44. 1. XI. 1800 г. быў Сестранцэвіч сасланы ў свой маёнтак на Беларусі пад надзор паліцыі (ks. Szantyr: Wiadomości do dziejow kościoła i religji katoliskiej“. Poznań, 1843, стр. 169—171).
  45. Акты Издаваемые Вилен. Археографич. Комиссіей, Вильна, т. XVI, стр. 2.
  46. Акты И. В. А. К. XVI.
  47. Акты И В. А. К. т. XVI. № 67.
  48. Лічба гэтая абыймае насяленьне і ўкраінскіх земляў.
  49. Даўгяла: „Урадавыя адносіны да ўніятаў за Паўлы І“. — „Scripta Historico-archeologica“. Менск 1927.
  50. Акты И. В. А. К., т. XVI, стр. 723.
  51. Акты И. В. А. К., т. XVI. стр. 572—73.
  52. С. Рункевіч. ”Исторія минской архиепископіи“. СПБ 1893. Стр. 384
  53. П. Брянцев. ”Исторія литовскаго государства съ древнѣйшихъ временъ“. Вильно 1889, стр. 584
  54. „Sprawa wloscianska w Polsce porozbiorowej“, Kraków, 1909, стр. 7
  55. I. Горемыкинъ, „Очерки исторіи крестьянъ въ Польшѣ”. Спб. 1869“. Стр. 111
  56. J Rutkowski „Poddanstwo wloscian w XVIII w. w Polsce i niektorych innych krajach Europy“. Poznan, 1921. Стр. 12
  57. Wl. Grabski. „Historja wsi w Polsce“ Warszawa, 1929 Стр. 142
  58. Як падае Т Корзон, у 1791 г. у каралеўшчынах было сялян 193.000, у ста­роствах (разам з местамі) 53 995, на землях духавенства 921,300, на землях шляхты каля 3½ мільёнаў. (Гл. Korzon. „Wewnetrzne dzieje Polski za Stanislawa Augusta“. Warszawa. 1897, т. I, стр. 350)
  59. St. Lubicz, op. cit.
  60. Да XVIII в. яны тварылі самастойныя эканоміі
  61. St. Koscialkowski, „Ze studjow nad dziejami ekonomji krolewskich na Litwie“. (Гадавік „T-wa Przyjaciol Nauk w Wilnie“ з 1914 г.); там-жа мала эканоміяў.
  62. I. Горемыкинъ I. с. стр. 119.
  63. Расейскі гісторык Н. Костомаров, як ведама, лічыць уціск сялян галоўнай прычынай упадку Польшчы
  64. В. Мякотинъ „Крестьянский вопросъ въ Польше въ эпоху ея разделов“. Спб. 1889 стр. 77
  65. S. Kutrzeba, op. cit. т. III, стр. 179. - W. Grabski op. cit. стр. 243
  66. Гл. Семевскій „Крестьяне въ царствованіе Екатерины II“ т. I.
  67. S. Kutrzeba, op. cit. t. III, стр. 179
  68. J. Rutkowski, I, стр. 63
  69. гл. Романовичъ - Славотинскій: „Дворянство въ Россіи отъ начала XVII в. до отмѣны крѣпостного правас Кіевъ 1912 стр. 346 і наступныя
  70. 3емскія камісары 6ылі устаноўлены з мэтай утрыманьня спакою ў паветах і местах
  71. Екатерининскій Сборникъ II, № 120.
  72. Ibid., II, № 55.
  73. арт. арт. 242 і 264.
  74. Загад з 1793 г.
  75. „Русскій Архивъ“, 1873 (Лісты Кацярыны II, да Цімахвея Іванавіча Тутолміна).
  76. J. Iwaszkiewicz "Litwa w r. 1812" Warszawa, 1912
  77. В. Семевскій „Крестьянскій вопросъ въ Россіи въ XVIII и первой половинѣ ХІХ в.“ Спб., 1888 т. I, стр 231.
  78. М. де Пуле „Станиславъ Августъ въ Гроднѣ и Литва въ 1794-97 г.г.“ (стр. 137).
  79. У Арлоўскай губ. было 20 сялян забітых і 70 раненых.
  80. H. Mościcki „Sprawa włośc. na Litwie za panow. Pawła I“ (Bibl. Warsz. t. II, 1909)
  81. Семевскій „Крестьянскій вопросъ“.
  82. W. Smoleński "Pisma historyczne“ t. II „Stan i sprawa Żydów w Polsce w.w. XVIII, стр. 244
  83. Граве „Къ исторіи еврейства“ Русскій Архивъ, 1893, II стр. 211, 212.
  84. Аб гэтым гл. T. Korzon op. cit. t. I, стр. 393, H. Mościcki „Sprawa włościańska“
  85. Найлепш і найглыбей адбіваюць гэтае палажэньне народныя песьні. У бел. мове ёсьць аб гэтым праца 3. Бядулі п. н. „Паншчына у бел. народных песьнях“ (Менскае выданьне)

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.