Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год

Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год
Артыкул
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: «Беларусь», № 2 (58), 3 студзеня 1920 г.; № 8 (64), 14 студзеня 1920 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I правіць

Калісь, да сусветнай вайны і апошняй расійскай рэвалюцыі, жыццё дзяржаў ішло сваім звычайным парадкам. Дзяржаўныя граніцы, абмяжованыя рознымі дагаворамі і трактатамі, ляжалі на сваім месцы. Калі была якая вайна, то паваююць, колькі трэба, ды кінуць, пасунуўшы гранічныя слупы ў той ці іншы бок, і на гэтым, бывала, справа канчалася. Але выбухнула сусветная вайна, а за ёю рэвалюцыя ў Расіі, Нямеччыне і Аўстрыі, і ўвесь стары парадак дзяржаўнага жыцця рухнуў, як падгніўшае ў карэнні адвечнае дрэва. Вайна і рэвалюцыя выкінула лозунг: «свабода і самаазначэнне народаў», і гэты лозунг, як мы бачым сваімі вачыма, не прайшоў непачутым. Самыя малыя народы, звонячыя доўгія гады путамі падняволля, народы, якія трымала ў даўгавечным ярме Расія, Аўстрыя ды іншыя,— заварушыліся і выкінулі сцяг свайго самаазначэння і дзяржаўнай незалежнасці. Не асталася глухой і нямой на гэта і наша бацькаўшчына Беларусь.

Тыя думкі і летуценні, якія прабудзіліся ў нашым народзе ў часе першай расійскай рэвалюцыі (1905 г.), разліліся шырокаю хваляй па неабнятых абшарах нашага краю. Шчыры голас і праца ідэёвая людзей, якія гуртаваліся спачатку каля «Беларускай сацыялістычнай грамады», а пасля ў Вільні, каля «Нашае нівы», палажылі свае векапомныя падваліны дзеля адраджэння свайго народу, дзеля адбудавання незалежнасці сваёй Беларускай дзяржавы.

І вось апошняя вайна і рэвалюцыя не застала беларуса неўспадзеўкі. Моцны падмур быў зроблены, трэба было толькі класці сцены і завяршыць будову светлага, незалежнага існавання Беларускай дзяржавы.

Не будзем затрымлівацца на тым, якімі шляхамі павінна была перайсці наша справа да 1919 г. Гэты перыяд нашых дамаганняў і змаганняў за свае неадменныя правы на ўласнае незалежнае існаванне астаўляем разабраць як следна нашым цяперашнім і будучым гісторыкам.

Мы хочам толькі акінуць вокам нашае грамадзянска-палітычнае жыццё за мінуўшы год, звярнуць увагу на важнейшыя праявы палітычных перамен у нашым краі ў звязку з нашай незалежнасцю.

З гэтага боку мінуўшы год быў вельмі для нас цікавы і шмат чаму на практыцы нас навучыў.

Калі немцы, пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, занялі большую часць нашай тэрыторыі, кучка бальшавіцкіх камісараў, гаспадарыўшая раней у Менску, уцякла ў Смаленск. Там, на чале з Калмановічам, Мясніковым і Яркіным, зрабіла маленькі ўнутраны пераварот. Яны аддзялілі ад Маскоўскай вобласці Смаленскую губерню і землі, паложаныя на захад ад Смаленшчыны, і арганізавалі так званую Западную вобласць, пераіначаную после на «Западную Камуну». Смаленцы крыху гэтаму працівіліся, але іх праціўнікі пастрашылі кулямётамі, і справа была выйграна.

Новы ўрад Западнай камуны, разумеецца, атрымліваў усе дырэктывы з Масквы і танцаваў так, як іграла Масква. Правы свае ён пашырыў на ўсю Беларусь, не занятую немцамі, а нават і далей.

Пры ўрадзе быў створаны камісарыят нацыянальных меншасцей (літвінаў, палякаў, латышоў, жыдоў), апрача беларусаў. На чале гэтай установы стаяў пан Бэрсан. Аб Беларусі тады не можна было і заікнуцца. І калі з Масквы прыслалі чалавека (бальшавіка) арганізаваць таксама і беларускі аддзел пры камісарыяце, то п. Бэрсан так спужаўся гэтага, што, каб не было ні вам, ні нам, скасаваў увесь камісарыят нацыянальных меншасцей. Гэткім чынам змагаліся смаленскія абласныя камісары з усялякімі, нават бальшавіцкімі, праявамі беларушчыны.

Але немцы ачышчаюць Беларусь, Менск, Полацк, Барысаў і інш. Тады маскоўскія беларусы-бальшавікі, якія ў той час кіравалі беларускім аддзелам пры камісарыяце нацыянальных меншасцей, прыехалі ў асобным вагоне ў Смаленск з мэтай стварыць новы беларускі бальшавіцкі ўрад. Гэта было ў снежні 1918 г. Спачатку справа ў іх ішла туга, так туга, што быў мамент, калі Смаленскі ўрад хацеў іх арыштаваць. Але — далей-болей, неяк дагаварыліся і стварылі часовы ўрад «Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Старшынёй урада быў назначаны Жылуновіч (Цішка Гартны), а рэшта «портфелей» былі падзелены паміж Дылам, Мясніковым, Шантырам, Яркіным ды іншымі. Гэты ўрад прыехаў у Менск, і 1 студзеня (?) была абвешчана «Незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» ў федэратыўнай сувязі з Маскоўшчынай. Адначасна стары беларускі ўрад «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і Рада міністраў Б. Н. Р.» былі абвешчаны без абароны закону. Пачалася на Беларусі бальшавіцкая гаспадарка. Але іхні «камунізм» не мог памірыцца з «нацыяналізмам» беларускага народа. Трэба яшчэ дабавіць, што незалежную беларускую рэспубліку стварылі смаленскія і маскоўскія «беларусы» па загаду з Масквы. А зроблена гэта з тактычных мэтаў, назадзёр беларускай «буржуазіі», якая стаіць на грунце незалежнасці свайго краю.

Першыя дні бальшавіцкай гаспадаркі, асабліва тут, у Менску, падавалі надзею, што беларуская справа стане на добры дэмакратычны грунт. Бо як жа было іначай думаць? На чале «чразвычайкі» стаў не Яркін, вядомы ў Смаленску сваёй крывавай ненасытнасцю, а нейкая другая асоба. Так што спачатку і расстрэлы рэдка былі чутны.

Пачалі выдаваць «Известия» на 4-х мовах: расійскай, беларускай, польскай і жыдоўскай (выйшла 4 ці 5 нумароў). Не касавалі дробнага гандлю і не забаранялі прывозіць прадукты з вёскі ў места.

Але гэты мядовы месяц савецкай улады на Беларусі цягнуўся нядоўга.

Бальшавікі займаюць Вільна, касуюць «незалежную беларускую і г. д. рэспубліку», а сваіх бальшавіцкіх беларускіх «нацыяналістаў» — Шантыра, Дылу, Фальскага (Жылуновіч успеў к таму часу ўцячы) — садзяць у вастрог, ствараюць ужо Літоўска-Беларускую савецкую і г. д. рэспубліку, урад якой засядае ў Вільні.

Аб ніякай беларускай «незалежнасці» не было ўжо і гутаркі.

Аднак, трэба аддаць справядлівасці, дэкрэтамі не ганьбяць беларускай мовы ў школах, у тэатрах.

Пры менскім камісарыяце прасветы ўтвараюць літаратурна-выдавецкі аддзел, які папраўдзе шчыра заняўся падгатоўкай літаратурнага беларускага матэрыялу. Але сваёй карыснай працы гэты аддзел не мог як следна праявіць. Кіраўніка гэтага аддзела —вядомага, паважанага беларуса, праф. Іваноўскага — бальшавікі па нагавору польскіх віленскіх камуністаў арыштавалі і вывезлі ў Смаленск, як заложніка. І літаратурна-выдавецкі аддзел рассыпаўся. Аб друкаваным беларускім слове не было ўжо і гутаркі. Дый сама савецкая Літ.-Бел. улада сядзела ўжо як на падпаленай бочцы з порахам. Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску. Гэтыя ваенныя няўдачы прывялі бальшавікоў у дзікую злосць. Яны пачалі шукаць вінаватых, разумеецца, як заўсёды не там, дзе трэба. Спачатку зрабілі «прылучэнне» Літ.-Бел. рэспублікі да Расіі (аб незалежнасці ўжо не можна было і заікнуцца), пасля звярнулі ўвагу на малую працу «чразвычайкі». І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта мінчанам добра вядома. Курганы сотняў нявінна расстраляных аб гэтым і цяпер сведчаць. Над Менскам павіс крывавы кашмар. Людзі на вуліцах баяліся голасна гаварыць. Кожную ноч —павальныя вобыскі. Але вось пачуліся першыя гарматныя, хоць яшчэ і далёкія, стрэлы. Палякі занялі Радашковічы і паважна пагражалі Менску. Камісары ўцяклі ў Бабруйск, а адтуль у Смаленск. І дзіўная рэч. З практыкі гэтай вайны вядома, што калі вораг прыбліжаецца к якому месцу і пачне даносіцца да вуха жыхароў страляніна, то гэтым нападае на ўсіх жудасць і паніка. У нас у Менску гэта выйшла якраз наадварот. Першыя выстралы прынеслі людзям радасць. Усе пачулі ў гэтым вызваленне ад здзеку і грамадзянскага праліцця крыві. 8 жніўня палякі ўвайшлі ў Менск, і для Беларусі пачалася новая эра. Была зараз жа распаўсюджана вядомая адозва Начальніка Польскай дзяржавы Язэпа Пілсудскага, у якой таксама, як мы ведаем, былі намёкі на незалежнасць і непадзельнасць Беларусі. Ці апраўдала гэта адозва затоеныя думкі і надзеі беларускага грамадзянства, ці польская ўлада павяла ў нашым краі гаспадарку так, як гэтага вымагаюць культурна-нацыянальныя інтарэсы нашай бацькаўшчыны, — аб гэтым у другі раз.

II правіць

У апошнія гады палітычныя перамены ў Еўропе, упадкі і паўставанні малых і вялікіх дзяржаў праходзілі і праходзяць перад нашымі вачыма, як у калейдаскопе. Мацнейшыя народы хочуць павялічыць сваю тэрытарыяльную і збройную сілу коштам слабейшых. Слабейшыя народы, асабліва ўваскрэсшыя на тэрыторыі быўшай Расіі, змагаюцца толькі за тое, каб жыць, каб адстаяць сваю незалежнасць, не папускаючы свайго і не захопліваючы чужога.

Вайна і рэвалюцыя выкінула ўдабавак два лозунгі, два не згодныя з сабой — як агонь і вада — кірункі ў змаганні за культурна-палітычныя правы народаў і дзяржаў. Дзве, сказаў бы, непамерныя сілы змагаюцца цяпер паміж сабою за панаванне над народнымі ідэаламі на ўсім свеце; дзве рэвалюцыі выступілі на крывавую арэну за свае праўды, за сваё першынство ў дзеле будавання будучага людскога жыцця на грэшнай зямлі. Гэта —рэвалюцыя нацыянальная і рэвалюцыя сацыяльная.

Як першая, так і другая стараюцца ўсіх пераканаць, што кожная з іх змагаецца за лепшыя ўсясветныя ідэалы, за светлыя дні.

Сацыяльная рэвалюцыя, якая загарэлася крывавым пажарам на ўсходзе Еўропы — у Расіі — і цяпер яшчэ палае ўсё паядаючым полымем, стараецца ў сваім пабедным паходзе ніштожыць усялякія нацыянальныя перагародкі і злучыць пад чырвоным знаменем усе народы ўсяго свету. Насколькі ёй гэта ўдаецца, пакажа будучыня, але пакуль што ўсе дзяржавы, апрача, разумеецца, Велікарусі, усімі сіламі стараюцца адхрысціцца ад гэтага раю. Нацыянальная рэвалюцыя, паставіўшая сабе мэтай вызваленне ўсіх нацый, быўшых у падняволлі ў дужэйшых дзяржаваў, ідзе другімі шляхамі да вызвалення чалавека з вечных путаў няволі. Яна змагаецца за тое, каб кожны народ пастанаўляў сам аб сваёй долі і быў гаспадаром свайго краю, свайго багацця. Нацыянальная рэвалюцыя не страміцца к аднаму богу на зямлі і не збівае ў адну кучу ўсіх народаў пад адзін сцяг.

І вось, бачыма, што і сацыяльная, і нацыянальная рэвалюцыя мае сваіх прыхільнікаў, якія і змагаюцца шчыра за свае ідэалы.

Але, што цікавейшыя правадыры сацыяльнай рэвалюцыі — расійскія бальшавікі, гэтыя заўзятыя праціўнікі найменшага праяўлення нацыянальнага будаўніцтва, і яны змушаны былі хоць фікцыйна ствараць ілюзіі, што яны таксама спачуваюць нацыянальным тэндэнцыям падняволіваных імі народаў, і такім чынам стваралі «незалежныя» рэспублікі, як напр. Беларускую, Украінскую.

Гэтыя дзве рэвалюцыі, гэтыя піянеры жыцця на зямлі па новых парадках, найболей праявілі свае добрыя і благія стараны — як гэта ні дзіўна — на беларускай зямлі. Прошлы раз я ўжо выясніў, насколькі гэта магчыма было ў кароткім газетным артыкуле, як бальшавікі то тварылі, то касавалі незалежную Беларусь, як то падносілі, то тапталі найменшыя праявы беларускага нацыянальнага духу.

Цяпер мы павінны звярнуць увагу на праціўны лагер, на правадыроў нацыянальнай рэвалюцыі — на Польшчу, дзяржаву, якая ўваскрэсла на магіле быўшай Расіі ды Нямеччыны і Аўстрыі, а народ польскі столькі ў сваім часе павінен быў выцерпець знявагі і нацыянальнага паніжэння. Здавалася, той месіянізм, які быў прывіты польскаму народу, у часе яго падняволення, лепшымі польскімі мысліцелямі, павінен быў выгадаваць у гэтым народзе штосьці светлае, разумнае, што магло бы служыць прымерам і для другіх быўшых у падняволенні народаў. Але ідэалы — адно, а практыка жыццёвая — другое.

Пэўная часць польскага грамадзянства, так званая «нарадова дэмакрацыя», аслепленая пабедамі польскага салдата, сышла з той дарогі, якую палякам намецілі святлейшыя іх грамадзяне — Міцкевічы, Красінскія, Славацкія і інш. Колішнія лозунгі «за нашу і вашу волю», «вольны з вольным», «роўны з роўным» пайшлі ў няпамяць, а калі яшчэ дзе-нідзе і звіняць яны, то толькі як байкі для простых людзей, як абяцанкі, якім ужо ніхто не верыць.

Калі немцы пачалі ачышчаць Беларусь, то бадай адначасна на яе аграбленыя абшары з вялікім разгонам рынуліся з усходу — расійскія бальшавікі, з захаду — польскія нацыяналісты. І тут па нашых пляцах мы пачулі, што маюць і могуць адны і другія.

Палякі, як і бальшавікі, калі верыць адозве Начальніка Польскай дзяржавы, няслі з сабой вызваленне Беларусі ад адвечнага ярма. Язэп Пілсудскі заявіў у Менску, што «хацеў бы бачыць гэты край вольным паміж вольнымі народамі». Але заява Вялікага Начальніка Польскай дзяржавы — адно, а палітыка польскіх эндэкаў і жандармерыі—другое. Пасля заняцця польскімі войскамі Гародна тамтэйшыя беларусы на разе прасвятлелі. Заварушылася беларускае нацыянальнае жыццё. Пачалі думаць аб беларускіх школах, газетах. І што ж? Беларушчына апынулася ў стане забароненага.

На Вялікдзень палякі забралі Вільню. Па нейкім часе ўдалося там склікаць Раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Рада пачала працаваць, адкрываць школы і думаць, што палякі — то гэта не бальшавікі. Аказваецца, метады дзяржаўнай гаспадаркі польскіх эндэкаў мала чым розняцца ад метадаў расійскіх бальшавікоў. Прымерам гэтага можа служыць закрыццё Буцлаўскай гімназіі і інш., а пасля — візіты жандармаў у памяшканне самой Рады на Вастрабрамскай вуліцы ў Вільні.

Калі бальшавікі ўцяклі з Менска, а палякі ўвайшлі, то беларусы з аблягчэннем уздыхнулі. Начальніка Польскай дзяржавы віталі шчыра і спадзяваліся, што справа незалежнасці Беларусі цяпер стане на цвёрдым грунце, што братні польскі народ дапаможа беларусам адбудаваць сваю бацькаўшчыну, як ён адбудаваў і сваю.

У Менску тады закіпела праца. Арганізаваўся Беларускі нацыянальны камітэт, пачала выходзіць штодзённая беларуская газета, а 12 лістапада была адкрыта сесія Рады Б. Н. Р. Здавалася, што ўсё пойдзе добра. Але выйшла не тое. За «плебісцыт» паліцыя пры дапамозе слесара ўлезла ў рэдакцыю беларускай газеты і забрала ўсе канторскія і рэдакцыйныя матэрыялы.

З гэтага бачым, што эндэцкая рэакцыя якабы пачынае браць верх. Справа незалежнасці Беларусі зводзіцца гэтымі панамі на няма нішто. Для эндэкаў нічога не значыць прымер царскай Расіі, якая пад паліцэйскім і жандармскім кулаком трымала дзесяткі падняволеных народаў і якая рухнула, як падгніўшы слуп, пры першым сільнейшым подыху вольнага ветру.

Польскія эндэкі, заместа праводзіць у жыццё даўнейшы лозунг: «вольны з вольным, роўны з роўным», накінулі нам «плебісцыт» і прынятую соймам «рэзалюцыю», якая недвузначна прылучае незалежную Беларусь да Польшчы.

Сацыяльныя рэвалюцыянеры з усходу і нацыянальныя «рэвалюцыянеры» з захаду ў мінулы год паказалі сваю праўдзівую натуру. І тыя, і гэтыя ў сваім мілітэрна-імперыялістычным паходзе стараюцца сцерці на дарозе ўсё, што ім стаіць на перашкодзе дзеля дасціжэння сваіх мэт. Аслепленыя часовымі пабедамі, забываюцца, што жывуць не ў сярэдневякоўі, калі сіла кулака панавала над сілай права. Сваёй неразумней захватнай палітыкай яны толькі зацягваюць працэс праўдзіва дэмакратычнага развіцця нацыянальна-культурных ідэй і пашырэнне на зямлі нясмертных ідэалаў свабоды, роўнасці і брацтва.

І для Беларусі, як ні быў цяжкім мінулы год у яе змаганні за сваю дзяржаўную незалежнасць, а ўсё ж такі ён шмат чаму наўчыў, і шмат каму з беларускага грамадзянства адкрыў вочы, аслепленыя тымі ці іншымі утопіямі і абяцанкамі...

Мінулы год паказаў нам, што інтэрнацыяналісты і ап'яненыя пабедамі нацыяналісты не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой, пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова.

Але і жандармы, і бальшавіцкія «чразвычайкі» не завядуць на зямлі вечнага парадку і ладу, як і нацыянальна-сацыяльных пытанняў не пакіраваць у свой бок часовым пабеднікам. Крыніцы жыцця пацякуць сваім спрадвеку вызначаным справядлівым парадкам. І з часам народы патрапяць найсці супольную мову, каб па-суседску дагаварыцца паміж сабой ды наладзіць і свае граніцы, і свае дзяржаўныя правы на незалежнасць.

Віхор праміне, і прыйдзе ясная жыватворная пагода для ўсіх. Абы толькі рэакцыя ўрадавая не змянілася на рэакцыю грамадзянства. Гэтага трэба як найболей баяцца, і з лозунгам змагання з рэакцыяй у самом грамадзянстве мы павінны ісці ў гэты новы год.

Калі мы выйдзем у гэтым змаганні пабеднікамі, калі вольнага народнага духу не апануе цёмная сіла і ён будзе далей сягаць па-арлінаму, то і справа вызвалення Беларусі сягне на такую вышыню, на якую наша бацькаўшчына заслужыла сваім векавечным падняволлем.

Не падаючы духам, мы павінны ісці праз жыццё ў гэты новы год і моцна трымаць сцяг змагання за сваё вызваленне, за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны Беларусі. І пабеда будзе на нашай старане.

К-а