Старасць не радасць…

Старасць не радасць…
Апавяданне
Аўтар: Янка Лучына

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРАСЦЬ НЕ РАДАСЦЬ…

Піліп

Старасць не радасць, куме! Не раўнуючы як той конь, быў ды з’ездзіўся, так і я…

Грыгор

Яшчэ ж не саўсім з’ездзіўся. Па том адначэ на вас, куме, старога трэба са двое маладых сягонняшняга гатунку, каб падужалі.

Піліп

Ой не! не тое яно!.. Бывала, па паўбочкі жыта, ускінуўшы на плечы, нясу, а цяперака і самога сябе часамі панесці цяжка. Ну! на тое — век мой вялікі… Лічыце ж, што мой старшы сынок Ян пад Севастопалем галоўку палажыў… З другое дачкі Уляны, што за Прахорам, унучку, ужо гады чатыры, як замуж аддавалі. Другіх дзетак Бог забраў, а гэтыя два мае блазны… дык гэта ж саўсім смуроды… проціў братоў, а і яны ўжо на лес гледзячы павырасталі. А ці мала на вяку ўсякага ліха перабылося?

Грыгор

А ей!..

Піліп

Тое ж то яно! Вось і цяпер і маю тую думку, што не жыць мне другога веку. Малады можа, а стары дык мусіць… Прызнацца, куме, не хацелася бы сякі-такі лад, што ў хаце пазаводзілі, пабачыць на старасці лет маіх папсованым. Што ж? падзяліўшы на двое і поле, і сенажатку, і хатку і ўсякую худобу і таму і другому — не быць гаспадаром як мае быць… Не папнешся, калі няма на чым… От я, значыцца, і пастанавіў сабе так дзяліць маіх дзетак: аднаму здам гаспадарку, другому грашмі дам тое, што яна варта. Хочаш, купляй зямлю, будуйся, гаспадар, хочаш, за другое бярыся… як сам ужо знаеш…

Грыгор

Ну, а сыны што на гэта?..

Піліп

От тут-то і самы клопат! І той бацькаўшчыну хоча і другі… Мы, кажуць, тату, тут параслі, тут і жыць хочам. Каб я, значыцца, аднаго сына відзеў за што лепшае проціў другога, ну сказаў бы, так!.. і канец! — так хачу, так і будзе. Дык што ж тут парадзіць, калі абодва, дзякаваць богу, мае хлопцы і працавіты, і не лайдакі, і сумленны, і мяне старога і шануюць і слухаюць!..

Грыгор

Але ж… гэта і мы відзім…

Піліп

Вось жа, уважайце сабе, куме, які спосаб Бог мне і думцы пасылае… Не дзіва, што і Антось і Змітрук у мяне слухмяныя хлапцы, бо я яшчэ і цяпер і за лоб і бізуном задам, абы што… Пабачым, як яны спраўляцца будуць па сваей волі жывучы!.. Няхай жа Антось з віцінай сходзіць аж за граніцу і раз і другі, а Змітрука аддам пану, ён бо, бачыце, пытаўся ў нас хлапца да гаспадаркі, аж кудысь на Украіну, казалі, ці што… Ну, няхай хлопцы свету пабачуць… Вось мы тагды і пабачым… (Уваходзіць Кацярына.)

Кацярына

Што? што ты кажаш?… кабы дзецюкоў нашых немаведама куды пасылаць?.. Ды не, ды што ты гэта!.. Што ты гэта, стары, уздумаў?.. Ці, дзякаваць Богу, у хаце няма куды дзецца?.. Ці што якое… ці роднаму дзіцяці хлеба шкадуеш?..

Піліп

Ціха!.. не крычы!.. бабскі твой розум, як за грош люлька!.. Што ж, на згубу, ці што, альбо на век сыноў пасылаю. Дзеля іх жа дабра і навукі, вось што! Не бойся, і звернуцца і нацешымся імі, і нам з табою скажуць: дзякуем! за гэта самае… Чаго раскудахталася?..