Старонка:Адвечная песьня.pdf/11

Старонка праверана

Я паплачу, знамо, бачу
Чужу хату і людзей.

Чужа хатка, бацька, матка,
Сама тутка першы разъ;
Ныюць грудзі, што-то будзе?
Што чакае ў жыцьцю нас?

Хор.

Рэдкі сьмехі і пацехі,
Часты сьлёзы і беда!
Ё часіна, ё скрыпіна,—
Весяліся, грамада!

|}

Сват вылазе з-за стала і сыпе лявоніху са свацьцяй; за им малады з маладой і ўся дружына.

IV.
Весна.
Раніца. Вясковая хата;выгляд непрытульны і убогі. Праз маленькае ваконцэ прабіваецца бледнаваты блеск. Цемнавата. Мужык сядзіць на палу зьвесіўшы ногі, курыць люльку і глыбока нешта думае. Уходзе Весна: на галаве ў яе с курасьлепу і пралесак вянок, у руках разарваны ланцуг.

Весна (з рызыкай тоненькім голасам).

Ну, як дуж, мужычок?
К табе ў госьці іду.
На бок жыва, на бок!
І бяду, і нуду!

Пратры вочы са сну,
Марш к другому жыцьцю!
Строй саху, барану
І севалку сваю!