Старонка:Адвечная песьня.pdf/16

Старонка праверана

Знаць жывеш шчасьліва,
Маеш хату, поле…
Дзе-ж мой дом? дзе ніва?..
Доля-ж мая, доля!
(Ідзе далей).

Араты.

Ён ідзе і плачэ,
Я плачу парою…
Эй ты, небарачэ,
А дзе шчасьце тое?..

|}

Выпрагае каня; жонка ў спарышох прыносе полудзень.

VI.
Лета.
Поле. У далі кругом чарнеюцца лясы. На ўзьмежку, пад дзікай грушай, сядзіць задумаўшыся Мужык; напроці яго вёска, далей гасьцінец і двор, акружаны прысадамі і садамі. Налева залітая паводкай сенажаць; направа абсеяные шнуры: ярыну усю пакрывае сьвірэпка, жыта напал з ґірсой і званцом паґерсана градам. С усходу на небе падымаецца хмара — чуваць гром. К Мужыку падходзе Лета, трымаючы у ваднэй руцэ серп, у другой касу.

Лета.

Што задумаўся так, Мужычок?
Варта глянуць крыху весялей!
На! касу, малаток і брусок,
І сярпок на! для жонкі тваей!

Званцом шастае ўжо сенажаць,
Цецярэе жытцо і ячмень;
Час на ґвалт і касіці, і жаць;
Не на тое настаў Пятроў дзень.