Пудзік хлеба з мякінай,
Ґруцы, бобу крыху,
Якой бульбы асьміну —
Ці-ж ня дось мужыку?
Мужык.
Ну і рада, ой рада!
Дакупіць, дакупіць!...
Дзе-ж капейка у «гада»?
Дзе яго скарб ляжыць?
На насеньне, на страву
Трос вясной кішанёй,
Летам штраф за «патраву»;
Воласць не за гарой.
Восень.
Як гляджу, ўсё находжу
Недастаткі адны,
Будзь здароў! я адходжу
Да суседкі Зімы.
Выходзе. На двара вецер вые што раз сільней. Каплі сьцюдзёнага дожджу шлёпаюць аб гнілые сьцены. Мужык набірае у рэзьґіні вязку саломы — і йдзе даваць скаціне. Дзьверы са скрыпам зачыняюцца.
IX.
Сьвята.
Хата што і вясной. На стале ляжыць стус грычаных бліноў. На палку ляжыць двое хворых дзяцей; другіе босые і ў вадных кашулёнках поўзаюць каля маткі па хаце. На печы крэкчэ бацька стары. Мужык сядзіць на лаве і пад нос мармочэ.
Мужык.
Ну, ламака, ну, хамула!
Ці-ж стагнаць ня годзе?