Старонка:Адвечная песьня.pdf/28

Старонка праверана

Мужык.

Туды ў краи далёкіе,
Як дні мінуць кароткіе
Сасоначкі высокіе
Плывуць ракой—паводкаю.

Гасьцінцамі, дарогамі
У горад шуркі цягнуцца,
Не за маймі парогамі
Скарб пасечны хаваецца.

Зіма.

Табе жыцьцё, знаць, сьцеліцца,
Як бы сама нуда тая;
Пашлю ў дабаў мяцелицу,
Нехай з бядой разсватае.

|}

Адходзіць. Пачынаецца мяцеліца. Цямнее. Хвойка падсечэная с трэскам і грукам валіцца і забівае мужыка. Стада згаладалых ваўкоў прыбліжаецца к нябошчыку. Лес стогне.

XI.

Хаутуры.

Хата. Напроць дзьвераў у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ доскі з яго і робе века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябошчыку. Жонка галосе і прыгаварывае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазе с печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.

Жонка.

А мой ты сакалочэк!
А мой ты каралёчэк!
Ляжыш не ўстанеш болей…
О доля-ж мая, доля!