Старонка:Адвечная песьня.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

Доля.
Яму буду я напеваці
Аб радасьці, славе, багацьці.
Дзе шчасьця палае прасьвет,
Як самага сонейка цьвет.

Ён, чуючы гэтые песьні,
Не раз загалосе балесьне,
І страшнай азвецца кляцьбой,
Бязсільны жыць вечна са мной.

І стане ганяцца за мною
Ён думкамі, сэрцам, душою, —
Я, песьню прапеўшы, ўцяку
Ці ў поле. ці ў лес, ці ў раку.

І будзе так жыць і маліцца,
Сваею неўдачай хваліцца
Стварэньне Жыцьця — чэлавек,
Аж ляжэ ў зямельку на век.

Беда.

Во! — тутка маё панаваньне!
Са мной ён і ляжэ, і ўстане.
Весна, лета, восень, зіма —
Я з им, як царыца сама.

Напрасна мяне будзе гнаці,
З им буду за хатай, у хаці,
І так ён зжывецца са мной,
Што стану яго я душой,

На плечы ўзвалю горб вялікі,
Абую ў лазовые лыкі,
Як ночай хай блудзе па дню,—
Прасьветласць я выдзеру ўсю.