што еднасьць формы і сутнасьці — неабходная умова жыцьця. Форма павінна быць, без яе жывое ня можа абыйсьціся. Толькі бесканечнае, вечнае ня мае формы. У форме — сутнасьць матар‘яльнага жыцьця. А яно ліецца, як рака, зьмяняецца, як косы сонца ў каплях расы. Чалавечая душа — такая-ж капелька, іграючая кветкамі косаў. Трэба-ж ня сьціскаць, не хаваць футлярамі гэтай ігры, трэба даць поўную магчымасьць зіхацець нялічаным багацьцем фарбаў. У гэтым сэнс жыцьця і яго хараство.
У прытарнаваньні формаў жыцьця да гэтай зьменнасьці, ліючасьці, ў шуканьні формаў жыцьця элястычных, цякучых, зьменных — зьмест будучыны, зьмест індывідуальнага і соцыяльнага ідэалу.
III.
Творчасьць, як жыцьцёвая падстава. — Творчасьць, як космічная сіла. — Сучасная палітычная чыннасьць не запэўняе соцыяльнай творчасьці. — Незалежніцкае імкненьне. — „Усё істнуючае — разумна“… — „Усё істнуючае — неразумна“… — „Усё істнуючае — творча“.
|
Да нашай пары мэтай выхаваньня было — навучыць жыцьцю: гэта знача, даць чалавеку гатовыя шаблёны, як іравацца ў тых, ці іншых выпадках. Выхаваньне