Старонка:Ад кастрычніка 1917 да лютага 1918.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

па пытаньню „аб заснаваньні беларускага нацыянальнага камісарыяту". „Патрэбнасьць гэткага камісарыяту абавязкова. У бліжэйшы-ж час склікаць аб'яднаную сходку з прадстаўнікоў Бел. Соц.-Дэм. Партыі, Белар. Соц. Грамады, аб'яднаньня беларусаў чыгуначнікаў і беларусаў вайсковых (ад комітэту зьезду беларусаў-войнаў пецярбугскага гарні­зону) для ўсебаковага абгавору гэтага пытаньня"[1].

К гэтаму часу пры Народным Камісарыяце па нацыянальных справах ужо істнавалі польскі, літоўскі, жыдоўскі і інш. нацыянальныя камісарыяты. Спробавалі таксама адчыніць свой нацыянальны каміса­рыят грузіны. Праўда, у канцы лістапада зрабілі крокі к гэтаму і бе­ларускія абласьнікі. Аднак апошнім не паверылі, бачачы ў іх дужа сумненных прыхільнікаў да Савецкае ўлады, ужо раз абмануўшых яе даверра[2]. У інтарэсах рэволюцыі трэба было беларускую нацыянальную справу перадаць у рукі рэволюцыйным элемэнтам, блізкім да Комуністычнае партыі. Гэткімі былі— Белар. Соц.-Дэмок. Рабочая Партыя і Левая Беларуская Соцыяліс. Грамада. Першая, шчыльна збліжалася з Комуністычнаю (у той час Соцыял-Дэмократычнаю) Партыяй баль­шавікоў і сваёю програмаю і сваёй тактыкай. Вось тады й пачала Белар. Соц.-Дэм.Раб. Партыя перагаворы з Народным Камісарыятам па нацыянальных справах адносна заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Пецярбурская Організацыя Бел. Соц. Грамады сваёю па­становаю ад 4 студзеня згадзілася прылучыцца да гэтага.

Гэткім чынам адчынілася першая мажлівасьць да супрацоўніцтва з Савецкаю ўладаю беларускіх нацыянал-соцыялістых. Ужо канчаткова парывалася ўсякая сувязь з Менскам, калі што й кратала таго ці ін­шага пецярбуржца-грамадаўца—то гэта было простым адбіткам пе­ражытага, як бывае часамі з успамінамі аб дзяцінстве.

З другога боку, трэба сказаць, што і Менск махнуў рукою на Пецярбург. Усё патрэбнае, больш-менш прыгоднае да правядзеньня шовіністычна-соцыялістычнай тактыкі ў менскіх умовах, атручаных ва­рожасьцю да „угоньнікаў беларускае справы"—было часткаю выцягнута ў Менск, часткаю само адпала ад рэволюцыйнага ядра. Канчат­ковае разыходзьдзе з Пецярбургам— разьвязвала рукі на вольную, бязмінтрэжную акцыю. Карыстаючыся гэтым Савет Усебеларускага Зьез­ду пад уплывам Цэнтральнага Комітэту Бел. Соцыял. Грамады, бадай што цалкам уходзіўшага ў Савет, паспрабаваў продэмонстраваць яшчэ раз протэст супроціў „разгону" Усебеларускага Зьезду— на гэты раз на Ўсерасійскім Зьезьдзе Саветаў Рабочых, Сялянскіх і Салдацкіх Дэ путатаў 10 студзеня.

На гэты, трэці лікам, Усерасійскі Зьезд зьехалася каля сямі дэлегатаў і ад розных організацыяў Белар. Соц. Грамады.

Адзін з іх, Грыб, і прыняў на сябе заданьне выказаць перад зьез­дам пратэст проціў Менскай большавіцкай улады. Атрымаўшы слова на адным з пасяджэньняў, ён расказаў гісторыю Ўсебеларускага Зьез­ду і абмаляваў у чорных фарбах процэс „яго разгону" менскімі баль­шавікамі... Аднак уражаньне ад прамовы Грыба было згладжана ўне­сенай прадстаўніком Левай Бел. Соц. Грамады (Пецярбурскай Організацыі) рэзолюцыяй, у якой „разгон" лічыўся простым непаразуменьнем,

  1. Пратаколы сходаў Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады.
  2. Абласьнікі не апраўдалі сваіх абяцанак у справе правядзеньня савецкае полі­тыкі на Ўсебеларускім зьезьдзе.