Старонка:Ад кастрычніка 1917 да лютага 1918.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

Браты беларусы! Наш лёс у сьмяротнай небясьпецы. Яго мы можам абараніць неадкладнай організацыяй“.

Адначасова з агітацыйнай падстаўкай да скліканьня зьезду, Беларускі Абласны Комітэт пачаў рабіць захады перад Савецкай уладай, у асобе Народнага Камісарыяту па нацыянальных справах, каб атры­маць матар'яльную дапамогу на організацыю зьезду. Народны Камі­сарыят па нацыянальных справах абяцаў падтрымаць хадайніцтвы.

Гэткім чынам стварылася заблытанасьць, якая пагражала расстроіць цэльнасьць і паўнату зьезду. Менскія беларускія організацыі выяўлялі гэта сабе, і далі знаць Пецярбурскаму Коыітэту Бел. Соц. Грамады павясьці перагаворы з Беларускім Абласным Комітэтам на­конт пагоджанасьці ў справе скліканьня зьезду.

Агульна-беларускі зьезд, наогул, прадстаўляў сабою зьявішча настолькі значнае, што не зацікавіцца ім было нельга. Тым болей, для левай палавіны Беларускай Сацыялістычнай Грамады і Беларус. Соцыял-Дэмократычнай партыі, організаванай з Нараўскай районай орга­нізацыі Бел. Соц. Грамады, якія мелі ўсе даныя мець уплыў на ра­шэньні зьезду. Хто-б яго ні склікаў—абедзьве гэтыя партыі павінны прыняць на ім чынны ўдзел. Але ўсе ўмовы казалі за тое, каб зьезд быў склікан у Менску, а не ў Рагачове, на чым настайвалі абласьнікі. Для Пецярбурскіх беларускіх організацыяў, таксама, было пажадана, каб зьезд пайшоў пад кіраўніцтвам менскіх беларускіх партыйных і політычных устаноў— па гэткім мотывам—калі ў Менску пераважвалі бе­ларускія правыя—грамадаўцы, ужо далёка адыйшоўшыя ад сваіх ня­даўніх таварышаў, левых грамадаўцаў,—то ўсё-ж для апошніх менчукі з Грамады і Радаў былі больш прыемнымі па шыраце й вытрываласьці сваіх соцыялістычных і нацыянальных ідэй, чым пецярбурскія, абласьнікі, напалову правыя эсэры, напалову кадэты і проста нявыразныя політычна элемэнты. Петраградзкая Організацыя Грамады, як і сябры іншых організацыяў апошняй, добра ведалі пахаджэньне, на­строй, політычную пляцформу і мэты Беларускага Абласнога Комітэту. Яго легальнае існаваньне ў тую пору, калі эсэры, наогул, адыходзілі ў падпольле, організуючы там контр-рэволюцыйныя выступленьні юн­кераў і дробную буржуазію проціў Савецкай улады, цяпер паказваецца проста недарэчным. Можна зьясьніць гэта толькі гарачнасьцю бягучага моманту, захопам організацыйна-дзяржаўнай працы, што давала маж­лівасьці Савецкай уладзе мець справу з дужа сумненымі эсэрамі, якія ў большасьці сядзелі ў Беларускім Абласным Камітэце.

Усё-ж, абмінуць Беларускі Абласны Комітэт і пачаць справу склі­каньня зьезду паміма яго— было нерацыянальна і з боку Пецярбурскай Організацыі Бел. Соц. Грамады. Комітэт апошняй прыняў прапазыцыю з Менску папрабаваць вясьці перамовы з абласьнікамі аб сумесным зьезьдзе ў Менску, і паслаў у Абласны Комітэт тав. Ч. і Ш—ка для пе­рамоў. Аднак прапазыцыі Менскіх беларускіх організацыяў і політыч­ных устаноў не здавальнялі абласьнікоў. На першы раз тыя й слухаць не хацелі каб пайсьці на ўступкі і згадзіцца на зьезд у Менску на 5 сьнежня. Прышлося завязаць доўгія спрэчкі, угаворы, пайсьці на розныя ўступкі, гаварыць з прадстаўнікамі Пецярбурскай Організацыі Бел. Сац. Грамады і непасрэдна па простаму проваду з Менскам, па­куль да сяго-таго дагаварыліся, згадзіўшыся на скліканьне зьезду ў Менску, але на 14 сьнежня.