Старонка:Алексютовіч Светапогляд Скарыны.pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

і юрыдычнай галінах, заставаўся ў палоне рэлігійных уяўленняў, ідэалізаваў біблію, не выступаў з пэўнай праграмай у абарону інтарэсаў і правоў працоўнага чалавека. Погляды Скарыны мелі рэлігійную абалонку, з якой павінны быць вылушчаны «рацыянальныя» зярняты. Аднак Скарына выступаў з патрабаваннем распаўсюджвання сярод «простых людзей» адукацыі, імкнуўся пераадолець адставанне ў развіцці роднай культуры і далучыць сваю краіну да агульнаеўрапейскай цывілізацыі. А гэта і былі тыя элементы асветніцтва, якія вырасталі паступова, задоўга да таго, як склаліся асноўныя рысы «рускага асветніцтва». Увогуле кажучы, тэрмін «асветніцтва» для кожнай гістарычнай эпохі мае свой канкрэтны змест. Калі К. Маркс называў Эпікура радыкальнейшым старажытнагрэчаскім асветнікам, то ён, безумоўна, укладваў у гэта паняцце іншы змест, чым У. І. Ленін у паняцце «рускія асветнікі».

Адукацыйныя мэты Скарына ставіў не толькі пры выданні бібліі. Характар выдадзенай ім «Малой падарожнай кніжыцы» — гэтага кароткага малітоўніка для падарожных людзей — паказвае, што і тут ён клапоціцца таксама аб пашырэнні некаторых навуковых звестак. Зыходзячы з гэтага, ён перапрацаваў кнігу і па зместу і па форме, асабліва пятую частку, так званае «Паследаванне», дзе змясціў каляндар. Свецкі напрамак календара адрознівае яго ад звычайных царкоўных календароў таго перыяду, якія з'яўляліся свайго роду ўказальнікамі рэлігійных свят і дат «святых». Каляндар Скарыны дае некаторыя астранамічныя звесткі, запазычаныя ім, як відаць, з чэшскага і польскага календароў. Вось прыклады. «Месец септеврит зовемы вресень. Имать дни 30, день в начале его имат годин 12, а дроб 54, нощ 11 дроб 6». 14 верасня «Солнце входит во знамя небесное вага, и быва равен день с нощию». 26 верасня «нощ имать годин 13, а день 11». 13 снежня «надолжейшая нощ, годин 17 дроб 10». 10 сакавіка «того дни солнце входит во знамя небесное овен и быва равен день с нощию». 12 чэрвеня «быва день надолши, годин 17 отселе начнет нощ прибыват» і г. д. У канцы кнігі «Паследаванне» Скарына падкрэслівае практычнае значэнне календара: «Святци краткие, имеющи в собе разделены времена на нашу землю, колико которые дни в году, — піша ён, — или нощи держать часов и дробных, и яко година прибудеть которому дню или нощи - все написано ест... к тому есть