Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/10

Гэта старонка была вычытаная

Пупкін. Ня так то яна блізкая, але ня надта далёкая… Бо, бачыш, твой дзед майго дзеда… Не, ня так! Мая бабка тваёй бабцы… ды не! ня тое!… Ага вось! — твой дзед і твая бабка былі з сабой муж і жонка — вось!

Люба (ня сьцяміўшы). Ага! мой дзед і мая бабка…

Пупкін. Ну, вось бачыш: і не далёкая, і ня блізкая… Ну, пацалуй, цыпанька, дзядзеньку на «добры вечар». Ты мяне сягоньня яшчэ не пацалавала.

Люба (цалуе яго ў лоб). Добры вечар, дзядзенька!

Пупкін. Не, не! Пацалуй дзядзеньку ня ў лобік, а ў губкі… Вось так… (настаўляе свае губы).

Люба. Калі дзядзеньку гэтак цалаваць… нязручна.

Пупкін. Зручна, ціпачка! Такога блізкага дзядзеньку зручна! (хоча яе пацалаваць).

Любачка (баронячыся). Калі не!.. Так няпрыемна, вусы колюцца, барада колецца…

Пупкін (распаліўшыся). Ну, пацалуй, Любачка! ну, пацалуй, ціпачка! (абыймае яе і хоча пацалаваць; яна бароніцца; ўваходзіць Марта).

Зьява 3.

ПУПКІН, ЛЮБА І МАРТА.

Пупкін. (да Марты, злы). Ты чаго прыйшла?!

Марта. А вось рахунак ад абеду… (паказвае картачку паперы). Тут сьпісана ўсё, што я расходавала на абед.