Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

Пупкін. Ну, дык вось цяпер, выпіўшы, закусіўшы, пачнем аб справе. Вось, бачыш, каток, я запісаў гусьценька восем аркушаў паперы — усё аб сабе. Бо-ж сам ведаеш, якое маё жыцьцё! Я, не хвалячыся, скажу, што магу быць прымернікам для маладога пакаленьня.

Кукіш. Мала.

Пупкін. Што? Думаеш, што мала? Няўжо-ж восем аркушаў канцэлярскай паперы мала? Я магу яшчэ напісаць…

Кукіш. Гарэлкі мала.

Пупкін. А!.. Калі ведаеш, браток, ужо далібог апошнія капелькі. Паслаў-бы Марту, каб купіла, але грошай няма, цяпер у мяне такія вялізныя расходы! Я прыгарнуў да сябе адну няшчасную сірацінку, без бацькоў, у цёткі на вёсцы жыла, шкада мне зрабілася бедненькай, хай, думаю, ў мяне жыве. Сам не даем, а добрае дзела зраблю. Я заўсёды так. Дык вось зусім бедна жыву, свабоднага граша ніколі няма.

Кукіш. У шафе шмат стаіць.

Пупкін. Гэта воцат, каток, далібог! Ты-ж воцту піць ня будзеш!

Кукіш. Я п’ю.

Пупкін. Ах, сьмешны ты чалавек! Пайду, пагляджу, няўжо-ж я абмыліўся? (Ідзе да шафы). А! далібог! ёсьць! А я думаў, што воцат. Ну, тваё шчасьце. (Нясе бутэльку на стол). Толькі асьцярожна, каток, каб не пашкодзіла.

Кукіш. Гарэлка сэрца весяліць.

Пупкін. Весяліць, кажаш? Ну, дык і я папрабую. (Налівае чарку, выпівае, пасьля