Люба (падбягае да Філімона). Каго, дзядзенька, правалілі?
Філімон. Мяне правалілі!.. А кілбасу маю елі, а гарэлку маю пілі, а правалілі!
Мікола (падтрымліваючы яго на крэсьле). Нічога, панок, сядзеце спакойна, не праваліцеся, я вас падтрымаю.
Філімон. Ідзеце к чорту! Непатрэбны мне вашыя дыктоўкі! непатрэбна мне вашая беларуская пісьменнасьць, калі ў міністры не папаў… Правалілі!
Мікола (пасылае рукой пацалунак Любачцы і выходзіць).
Зьява 8.
ФІЛІМОН і ЛЮБА.
Філімон (сядзіць на крэсьле і штораз цішэй мармыча): Правалілі… правалілі…
Люба (ходзіць па сцэне; хоча нешта сказаць, але ня можа рашыцца; колькі разоў падыходзіць да Філімона, але йзноў адыходзіць з нерашучым жэстам). Дзядзя! Я вам нешта хацела сказаць…
Філімон. Ах, правалілі, дзетачка! ах, правалілі, мілачка!..
Люба. Дзядзя! Я з вамі хацела пагутарыць аб аднэй рэчы…
Філімон (слабым голасам). Гавары, Любачка! Ты адна асалода майго жыцьця!.. Хадзі,