Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/53

Гэта старонка была вычытаная

народную справу!.. А тады, як сьмехам аплёўвалі, як нас, за нашу беларускасьць, у турмы садзілі, як усялякі зьдзек над намі рабілі — дзе вы тады былі? Дзе вы былі, пане Пупкін, калі мы хадзілі галодныя ды абадраныя, з зайздрасьцю паглядаючы на багатыя сталы ў іншых?.. А цяпер, як ёсьць магчымасьць пры нашым полымі зварыць і сваю кашу, вы прыходзіце да нас і велікадушна ахвяроўваеце нам сваю асобу. Спазьніліся, пане Пупкін! Трэба было з намі, з народам, ісьці тады, як мы вас клікалі: хадзеце да нас, памажэце нам рабіць нашу справу! Тады вы былі глухія ды сьляпыя. Цяпер наш народ будзе глухі на ваш крык і наша адраджэнская хваля пройдзе міма вас, або праз вас. Народ наш стопча, здратуе вас, як сухую, непатрэбную траву… Спазьніліся, пане Пупкін! (выходзіць).

Філімон (бяжыць за ім). Як сьмееш?.. у маім доме!.. вучыць мяне!.. бачыце яго!.. блазьнюк!..

Зьява 8.

ФІЛІМОН, МАРТА, ЛЮБА.

Марта (ўвайшоўшы, да Філімона). Ну, чаго ўстаў? Ляжаў-бы лепей!.. Трэба паспаць, а то ўсю ноч ня спаў… Ідзі, ідзі, Філімон, завяду ў спальню, ляж на ложка… (вядзе яго ў спальню).

Філімон (бязвольна). Вядзі, Марта, куды хочаш… Вядзі, ведзьма ты старая, вядзі… (ідуць разам).