— Жанчын можна ня пералічаць. Нас гэта зусім ня цікавіць! —заўважыла Крэйна.
— Зразумела, будуць яшчэ Зычок, Дулянок, Кудлянок і ўся сям’я Галавасьцікаў.
— А багародзіца з сынамі будзе? — запыталася Зоя. Усе пераглянуліся і аж сагнуліся ад сьмеху. Я нічога не разумеў. Крэйна дала тлумачэньне:
— У нас ёсьць такая грандама, якую нехта назваў яшчэ грандотэльдама, а мы завем багародзіцай. У яе тры надта вучоныя сыны: адзін спэцыялісты па сельскай гаспадарцы, другі юрыст, трэйці нейкі дыплямат быў, адным словам, ня людзі, а багі. Яны, сыны, у Маскве і прыехалі сюды, каб усё сваё кодла забраць туды. Нават бабу стагоднюю забіраюць. Досыць жыць тут.
— Як прозьвішча іх? — запытаўся я.
— Багародзіца была два разы замужам. Першы раз была замужам за Курыцай, а другі раз за Курапатай. I сыны яе два ад Курыцы, а адзін ад Курапаты. Як Курыца, так і Курапата былі арандатарамі ў пані Більдзюкевічыхі і толькі за арэнду ў год плацілі 15.000 руб.
— Ого-го!
V. ВУЖ ЗАКАХАНЫ
Вечарам у той дзень быў урачысты сход усіх прафсаюзаў. Я няўхільна працягваў лалітыку заваёвы сэрца Крэйны.
Сход быў у клюбе пры нардоме. Клюб быў цесны, на другім паверсе, і ад залі нардому быў аддзелены тонкімі шалёвамі, празь якія добра было чуваць усё, што рабілася ў нардоме. А там у гэты час адбывалася рэпэтыцыя да першамайскага спэктаклю, і людзі, якія прыймалі ўдзел, выварачвалі ўсе свае вантробы ад наплыву трагічных пачуцьцяў.
— Я заб’ю вас, як сабаку, генэрал! — крычаў нехта на сцэне.
— А-а-а! — задыхаўся другі ад злабы — гэта вы той самы анёл сьмерці, што зьдзекваўся над людзьмі!
На ўзвышшы ў клюбе стаяў засланы чырваньню стол і вакол яго вельмі нізкія лавы.