Старонка:Андрэй Мрый.pdf/33

Гэта старонка не была вычытаная

чалавека! На яго месцы я не дараваў-бы жонцы такога стопроцантнага глупства: сесьці вярхом на каня, ды яшчэ шчыльна прыхіліцца да статнай фігуры начміла! А муж няхай нясе рознае барахло: прымус, імбрычак і нават завівальную машыну! За гэта па голоўцы не пагладзіш!

Анэля-ж таксама была нездаволена, крытыкавала кажны крок верхавых, перакідвалася з мужам вострымі словамі.

Яе сынок Тэрорчык, відаць, хацеў праехацца з бацькам і пытаў у маткі:

— Чаго гэта «халер’я» прычапілася?

Пабачыўшы, што «халер’я» з канём не разлучыцца, хлопчык у канцы мястэчка пакідае нашу кампанію.

Уперадзе мяне ідуць астаўнікі Гыля і Юрлік і ўсю дарогу спрачаюцца аб шахматах. У Гылі невялікая лысінка, чорныя кучаравыя валасы на віскох, шальмаватыя і ў той-жа час сумныя вочы, пузаценькая фігура і ўпэўненая хада. У Юрліка жвавыя, шэрыя, зь нейкім вясёлкавым бляскам вочы, карпаты, у форме піпачкі, нос, цапкія, нібы што ўсё мацаюць, рукі і лёгкая, як у танцы, што падтопвае, хада. Ён да кажнага сказу і нават слова дадае нейкі сваяасаблівы атрыбут:

— Гэта тое, як яго!

Я ніяк не размею Юрліка. Для яго толькі два замілаваньні ў жыцьці: прыгожыя дзяўчыны і шахматы. У першым кірунку я зусім разумею яго і ўхваляю яго чыннасьць, затое адносна другога нават не разумею, як можа чалавек хвалявацца гэтай мёртвай хадульнай справай?.. Усьлед за намі ідзе настаўніка Зязюлька з камсамольцам Дусікам, а Юрлік і вокам ня зірне — так завёўся з Гыляй у спрэчках.

— Як ты, разява, хадзіў?! — крычыць на Юрліка Гыля. — Ня ўмееш ты хадзіць! Я табе адразу мат прыляпіў-бы, каб ты, шэльма, ня скруціў!

— Калі я, гэта тое, як яго, скруціў? Нечым ваўку, гэта тое, як яго, дык лыкамі! — сьмяецца Юрлік, і яго сьмех выходзіць Гылю з роўнавагі.

— Ну, пабачыш! Пабачыш! Вось прыдзем у лес, раскладземся там, халера ты будзеш, калі ня возьмеш ад мяне мату.