Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/46

Старонка праверана
— 42 —

Вартаўнік (сьмела)

Уладар, ніколі нам даваць зароку нельга,
Другая думка ворагам быць можа першай.
Вось клятву я даваў, што больш ужо сюды
Я ня прыйду,—баяўся я тваіх пагроз.
Але здаецца, што вышэй за ўсе ўцехі
Нам радасьць неспадзеўная заўсёды.
I я прышоў і клятвы ня стрымаў мае.
Дзяўчыну я вяду. Яе схапілі мы,
Як труп яна хавала. Ўжо мы тут кідаць
Ня сталі жэрабя, згадзіліся усе,
Што гэтая знаходка толькі ўжо мая.
I вось, ўладар, бяры яе, як ты жадаеш,
Судзі, пытай. А я магу цяпер ісьці,
Бо бачыш, я бязьвінны быў ў злачынстве тым.

Крэонт

Ты ось яе вядзеш? Дзе, як схапіў яе?

Вартаўнік

Хавала труп яна,—вось ведаеш ты ўсё.

Крэонт

Ці добра разумееш ты, што кажаш мне?

Вартаўнік

Я бачыў, як хавала труп яна, які
Забараніў хаваць ты. Ясна я кажу?