Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/75

Старонка праверана
— 71 —

ЗЬЯВА 2-я

Крэонт (падыходзіць бліжэй)

Вы ведаеце, што калі-б было карысна
Стагнаць і плакаць, каб адрочыць сьмерць,
Дык хто-ж тады-б свае стагнаньні скончыў?
Хутчэй, як я сказаў, яе адвесьці
Ў глыбокую пячору. Там яе
Адну самотную пакінуць. Там няхай
Ці памірае, ці жыве й шукае жаніха.
А я сябе ня зганьбіў сьмерцю тэй дзяўчыны,
Я толькі ад жыцьця з людзьмі яе адсунуў.

Антыгона (выходзячы на сярэдзіну сцэны)

Мой дол, пакой дзявочы мой і хата
Падземная і вечная мая! Іду
Да вас я, родныя мае. Вас там,
Загінуўшых у ліку нязьлічоным,
Багіня Пэрсэфона[1] прытуліла.
Цяпер і я іду да вас, нядобрай сьмерцю
Памёршая раней, чым скончыла жыцьцё.
Аднак, надзею маю я, калі прыду
Да вас, прыду я мілаю для ўсіх, —
І для цябе, мой бацька, для цябе, матуля,
І для цябе, браток мой родны, Этэокль.
Бацькі мае, калі памёрлі вы,
Я ўласнымі рукамі вас абмыла,
Вас апранула і зрабіла узьліяньні.
Цяпер-жа, Полінік, за тое, што цябе
Я пахаваць хацела, вось як плоцяць мне.
Аднак, за тое, што табе дала

  1. Пэрсэфона (альбо Кора)—жонка Гадэса, багіня падземнага царства.