Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/82

Старонка праверана
— 78 —

Па ўсіх ахвярніках і вогнішчах у нас
Бяздольнага Эдыпавага сына цела.
I ўжо ад нас багі прыняць ня хочуць
Алтарныя малітвы, бёдраў полымя,
I крыку яснага прарочы птах ня дасьць,
Бо сыты ён крывёю мерцьвяка.
Падумай-жа аб гэтым, мой сынок!
Рабіць памылкі—лёс агульны ўсіх людзей.
Але разумны і шчасьлівы будзе той,
Які, ў бяду папаўшы, нярухомы
Не застаецца, але выпраўляе зло.
Аб неразумнасьці упартасьць сьведчыць.
Памёршаму ты уступі і не катуй
Таго, хто згінуў. Ці-ж памёршага забіць
Другі раз—можа быць якаясь слава ў тым?
Жадаючы дабра табе, казаў я добра.
А як прыемна ад таго вучыцца,
Хто добрыя й карысныя дае парады!

Крэонт

Стары, страляеце вы ўсе, як быццам ў мэту,
Ў мяне, ды йшчэ прароцтвамі мяне, злавіць
Вы хочаце. Ужо даўно мяне, як быццам
Тавар карысны, родныя прадалі.
Што-ж, нажывайцеся, электр Сардыйскі[1]
Сабе вы набывайце, калі хочаце,
І золата Індыйскае[2]. Але-ж таго
Не пахаваеце ў магіле вы ніколі.
Хаця-б Зэвэсавы арлы, труп разарваўшы,
Здабычу да самога трону Зэўса прынясьлі,—
Я пахаваць яго й тады ня дам.

  1. Электр—мэталічны сплаў, у склад якога ўваходзілі чатыры часткі золата і адна частка серабра. Асяродкам гандлю гэтым сплавам былі Сарды, сталіца Лідыі, на захадзе Малой Азіі. Сплаў гэты рабілі штучна, але часам ён знаходзіўся і ў прыродным відзе ў залатаносным пяску ракі Пактола.
  2. Багацьці Індыі ўвашлі ў прыслоўе.