Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/85

Старонка праверана
— 81 —

Тырэсі

Дык добра-ж. Вось скажу аб лёсе я тваім.

Крэонт

Але душы мае ня купіш ты ніколі.

Тырэсі

Дык добра-ж, ведай, што нямнога шляху
Яшчэ калёсы сонца пройдуць хуткія,
Як сам ты аддасі памёршым наадмен
Таго, хто з родных ўсіх табе найдаражэй,
За тое, што жывую душу кінуў
Ты пад зямлю, ганебна ў доле пахаваўшы,
А на зямлі трымаеш труп, багоў падземных
Уласнасьць, труп няшчасны, без пашаны
Належнай трупу, без хаўтур пачэсных.
Ня маеш права на яго ні ты,
Ні земныя багі. Зрабіў ты гвалтам тое.
Няшчадныя, страшэнныя Эрыньніі[1],
Гадэсу і багам пакорныя, за гэта
Чакаюць ўжо, каб за твае злачынствы
Такую-ж самую табе даць кару.
Няўжо-ж, падумай, я падкуплены кажу
Ўсё гэтае? Ужо чакаць нядоўга, —
Ў тваім палацы стогны чутны будуць
Мужчын, жанчын, і горады варожыя
Усе паўстануць, дзе кавалкі трупу
Пранесьлі ці сабакі, ці якія зьверы,
Ці птах які драпежны, пах нячысты

  1. Эрыньніі—страшэнныя, бязьлітасныя, няўмольныя багіні помсты, якія неадступна прасьледуюць злачынцу і бегаюць няўтомна за ім, куды-б ён ня ўцёк. Сымболь цяжкіх грызот сумленьня. Яны гоняць забойцу ўжо пасьля злачынства, калі душа забітага ўжо знаходзіцца ў царстве Гадэса. Дзеля гэтага грэкі й прадстаўлялі сабе, што Эрыньніі жывуць у падземным царстве і падлягаюць Гадэсу.