Старонка:Антыгона (Сафокл) пер. з старагрэч. мовы Ю.М. Дрэйзіна.pdf/88

Старонка праверана
— 84 —

СТАСЫМ 5-ы

ХОР

Строфа 1-я

Бакх шматіменны[1], слава Кадмейскай дзяўчыны[2],
Зэўса грымотнага сын,
Слаўнай Італіі бог[3]:
Шануюць цябе ў Элеўзіне,—
Народы зьбіраюцца там адусюль
У раўнінах багіні Дэмэтры[4].
Бакх, бакханак айчына
Тэбы — айчына й твая[5].
Ты там жывеш, і празрысты
Струмень Ісмэн[6] там цячэ,
А людзі—насеньне дракона[7].

Антыстрофа 1-я

Над двохвярховай гарою[8] убачыў цябе
Зьяючы дым[9]. Карыкійскія німфы[10]
Там карагоды водзяць свае,
І шэпты крыніцы Кастальскае чутны[11].
Павеям[12] прыбраныя ўзгоркі
Нісэйскага горнага краю[13]
І бераг зялёны ад лоз вінаграду
Да нас пасылаюць цябе.
І з песьняй сьвятою
І радасьці поўнай
Ты ў вуліцы Тэб уваходзіш.

  1. Бакх меў яшчэ іншыя імёны, напр., Дыаніс, Якх, Ліэй, Бромій, Загрэй, Кор, Тыонэй.
  2. Бакх быў сынам Зэўса і Сэмэлы, дачкі Кадма.
  3. Многія мясцовасьці Італіі, асабліва паўднёвай (Вялікая Грэцыя), славіліся вырабам віна і дзеля гэтага шанавалі Бакха.
  4. Дэмэтра („маці-зямелька“)—багіня зямлі і земляробства. Асяродкам яе містычнага культу быў маленькі горад Элеўзін у Аттыцы, куды зьбіраліся грэкі з усіх мясцовасьцяй Грэцыі.
  5. Бакх—сын Сэмэлы, дачкі Кадма, тэбанскага цара, закладчыка Тэб.
  6. Ісмэн—крыніца на ўсходнім баку Тэб.
  7. Гл. ўвагу 5.
  8. Гара Парнас.
  9. Агні паходняў бакханак, а можа быць агні, якія зьяўляліся, як гаварылі, уночы на верхавінах Парнасу.
  10. У вадным з адрогаў Парнасу ёсьць сталяктытавая пячора Корыкіон (цяпер Сандараўлі). Яшчэ дагэтуль там захаваўся антычны ахвярнік, прысьвечаны німфам і Пану.
  11. Кастальская крыніца— у падэшвы Парнасу. Вада яе магла даваць натхненьне поэтам.
  12. Павей, як і вінаград, прысьвечаны быў Бакху.
  13. Відавочна, тут маецца на ўвазе Ніса на востраве Эўбеі.