Старонка:Аўтаномія Беларусі.pdf/19

Старонка праверана

на прыкладзі Фінляндзіі. Яна мела сваю канстытуцыю, покі расійскі урад яе ня скасаваў. Нават Катарына II, прылучаючы прымусам Беларусь да Маскоўшчыны, дакляравала захаваць яе вольнасьці і права павэдлуг старых звычаяў і прывілеяў «на вечныя часы», але усім нам ведама, колькі трывалі гэтыя «вѢчныя времена». Скончылася тым, што паступовая русіфікацыя Беларусі, аб якой Катарына II пісала графу Разумоўскаму, была укветчана страшэнным у сьвеці гвалтоўствам, — забаронаю ужываць беларускую мову.

На моцы гэтага гістарычнага і палітычнага дасьледу, мы павінны дамагацца, каб усе часткі Расійскай Рэспублікі былі ні толькі аўтаномнымі правінцыямі, а і дзяржавамі, злучанымі паміж сабою фэдэрацыйным /хаўрусным/ перавяслам на грунці агульнага інтарэсу, супольнае патрэбы і ўзаемнай дапамогі. І толькі тагды становішча Беларусі будзе забязпечана і адносіны яе да Расійскай Рэспублікі будуць шчырыя і пэўныя, калі гэта станецца, або калі справы аўтаномнага жыцьця злучаць усе народы Расіі ў адзін вольны дзяржаўны хаўрус — фэдэрацыю. А гэта будзе, бо яно вымагаецца і жыцьцём і гістарычным поступам народаў Эўропы. Так, гэта будзе, бо павінна быць, калі хоча таго жыцьцё, калі ў гэтым — прагрэс і культура ўсяго чалавецтва.