Гэта старонка не была вычытаная
ЗЬМЯІНЫ ЦАР.
У цёмным небі - хараводы
Сіневатых зорак,
У цёмным небі сьвеціць месяц
Залатым сярпом...
Мы ўжо выйшлі с цесных, душных
Падзямельных норак,
На зімовы цёплы вырай
Цягнемся-паўзём.
У полі, ў лесі нам усюды
Праляглі дарожкі!
Устужкай рушымся між пушчы,
На сам перад - я.
Зіхацяць маей кароны
Залатые рожкі,
Цёмным блескам адлівае
Уся луска мая.
Нам ня трэба ні ад чога
Ноччу абароны, -
А спаткаем чэлавека,
Порт разсьцеле ён:
Залаты ражок яму
Я ураню с кароны,
І праз белу палатніну
Дальш мы папаўзём.