Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

-політычным жыцьці Маскоўскае дзяржавы. Ужо на дваццаць першым годзе свайго жыцьця, у 1549 годзе, князь Курбскі прымаў удзел у няўдалым паходзе пад Казань. Потым Курбскі робіцца ваяводай у Пронску. У 1552 годзе ён разьбіў татар пад Тулай і прымаў удзелу аблозе Казані на правох ваяводы правае рукі. Праз 2 гады Курбскі здалеў перамагчы татар, за што ён атрымаў узнагароду — чын баярына, У пачатку панаваньня Івана Грознага князь Курбскі быў членам „избранной рады" і, разам з партыяй папа Сільвэстра і стольніка Адашава, кіраваў Маскоўскаю дзяржавай. У часы Лівонскае вайны князь Курбскі камандаваў арміяй і меў значныя перамогі над супраціўнікам. У 1563 годзе Курбскі ўцёк з Юр'ева ў Літву з цэлым натоўпам прыхільнікаў і слуг. Гэта было выклікана рознымі прычынамі. Партыя Сільвэстра і Адашава была адсунута ад улады. Курбскі баяўся перасьледваньняў з боку маскоўскага вялікага князя, тым больш, што пачала павялічвацца эміграцыя ў Літву з Масквы, дзеля тае тэрорыстычнае політыкі, якой стаў трымацца ўрад Грознага. З свайго боку, і літоўска-беларускі ўрад, у васобе Жыгімонта-Аўгуста, пачаў з Курбскім перамаўленьні, вабіў яго да пераходу на бок Літвы і абяцаў найлепшае прыймо.

Павялічэньне тэрору і прадчуваньне блізкае няміласьці прымусіла Курбскага перайсьці на бок ворага Масквы. Вяльможнага эмігранта і, пры тым, добрага ваеннага стратэга ў Літве сустрэлі з радасьцю. Урад Жыгімонта-Аўгуста аддаў яму для кіраваньня Ковельскае стараства. Князь Курбскі, як ковельскі стараста, пачаў прымаць дзейны ўдзел з 1564 году ў войнах супроць Масквы.

Разам з эміграцыяй у Літву, для Курбскага, які стаў выдатным членам літоўска-беларускага магнацтва, пачынаецца новы пэрыод жыцьця. Ён эміграваў у варожы стан у важную для Літоўска-Беларускае дзяржавы эпоху, калі заходня-эўропейскі культурны і рэлігійны індывідуалізм значна пашырыўся сярод літоўска-беларускіх зямляўласьнікаў. Князю Курбскаму, які вышаў з іншае краіны, з іншымі культурнымі і рэлігійнымі паглядамі і традыцыямі, трэ' было выявіць свае адносіны да новае культуры і новага рэлігійнага руху.

Гэта паставіла эмігранта ў шэраг выдатных дзеячоў беларуска-ўкраінскае асьветы і адукацыі, хаця-ж са значным адхіленьнем ад таго рэлігійнага гуманістычнага індывідуалізму, які так пашырыўся сярод літоўска-беларускага панства. Князь Курбскі, эміграваўшы ў Літву, хутка асыміляваўся з літоўска-беларускім магнацтвам, з якім яго ядналі фэўдальна-арыстакратычныя сымпатыі. Князь Курбскі хутка прысвоіў прыёмы і звычаі буйна-абшарніцкага зямляўласьніцтва. Ён ваяваў з суседнімі зямляўласьнікамі-панамі і адбіраў ад іх сілай іх землі, зусім ня лічачыся з якім-небудзь об'ектыўным правам. У 1571 годзе Курбскі ажаніўся ў другі раз з удавой Казінскай, прыроджанай княжной Гольшанскай, але хутка разышоўся з ёю. Атрымаўшы развод, Курбскі ізноў ажаніўся з дачкой небагатага шляхціца Сямашкі, ад якой меў сына Зьмітру. У 1583 годзе славутны маскоўскі эмігрант памёр. Літоўска-беларускі ўрад адабраў ад яго насьледнікаў большую частку яго зямельных маемасьцяй, у тым ліку і Ковель. Яго сын Зьмітра, які перайшоў у каталіцтва, потым атрымаў назад частку маёмасьці, аднятае ад яго бацькі. Эміграцыя ў Літву мела для Курбскага вялікае значэньне. Яна прымусіла вяльможнага эмігранта ўзяцца за літаратурную працу і пастарацца выпраўдаць свой уцёк з Масквы ў Літву. Гэткім чынам зьявіліся аполёгетычныя творы князя Курбскага ў форме першае эпістоліі да цара, вялікага князя маскоўскага. Грозны ня вытрымаў і напісаў адказ