Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Чацьвертым гуманістычным асяродкам быў двор гэтмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага, Рыгора Хадкевіча.

Фамілія Хадкевічаў - выдатныя фігуры ў політычным і культурным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага, яскравыя прадстаўнікі магнацтва, якое імкнулася да аслабленьня тых унітарных сувязяй, што злучалі Літву з Польшчай. Як прыхільнікі незалежнасьці Літоўска-Беларускае дзяржавы, фамілія Хадкевічаў належала да праваслаўнае рэлігіі, і з імем Аляксандра Хадкевіча зьвязана заснаваньне Супрасьлеўскага манастыра, вядомага сваім консэрватыўна-культурным настроем. Фундатар манастыра шмат зрабіў, каб стварыць у Супрасьлі асяродак праваслаўнае культуры. У яго бібліотэцы захоўваўся значны лік рукапісаў царкоўна-славянскага характару і беларускага пахаджэньня.

Яго сын Рыгор быў таксама імпозантнаю політычнаю і культурнаю фігурай. Заблудава, бацькаўшчына Хадкевічаў, робіцца асяродкам гэтае праваслаўнае культуры. Спатканьне з маскоўскімі ўцекачамі, першымі друкарамі Іванам Тодаравым і Пётрай Мсьціслаўцам, дало магчымасьць Хадкевічу заснаваць друкарню і гэтым распачаць сваю шырокую асьветную дзейнасьць, каб “слово Божие размножилося, и поучение людей закону греческого ширилося, занеже оскуде сих книг на много различных местех”. Спачатку пляны Хадкевіча былі шырокія. У сваёй выдавецкай дзейнасьці найвышэйшы гэтман жадаў трымацца і надалей і разьвінаць нацыянальна-культурную традыцыю Скарыны і “выразумения ради простых людей, переложити на просту мову”. Але яго жаданьне сустрэла перашкоду з боку “людей мудрых”. Запрошаныя ім маскоўскія эмігранты былі людзі іншага складу, - яскравыя прадстаўнікі царкоўна-славянскае консэрватыўнае традыцыі.

Яны знайшлі, што “прекладанием з давных пословиц на новые, помылка чинится не малая, якоже и ныне обретается в книгах нового переводу”. Вось чаму маскоўскія друкары надрукавалі даўнейшым спосабам Эвангельле навучальнае, якое вышла ў Заблудаве 17 сакавіка 1569 году. Маскоўскія эмігранты думалі, што ў гэткім выглядзе кніга “к выразумению нетрудна и к читанию полезна”. Хадкевіч абяцаў і надалей “о иных книгах церквам Божиим потребных промышляти, и накладу моего на то положити не жалуючы”.

Эвангельле навучальнае вышла ў год падпісаньня Люблінскае вуніі, палкім ворагам якое быў Хадкевіч. Політычная перамога шляхоцтва над магнацкай партыяй на Люблінскім сойме падламала фізычныя сілы Хадкевіча. Ён памёр у 1572 годзе. Іван Тодараў, задоўга .да яго сьмерці, пакінуў Заблудава і накіраваўся ў Львоў. Ён здалеў выпусьціць у Заблудаве яшчэ Псалтыр з Часаслоўцам, якія вышлі 26 верасьня 1569 году. На гэтым і спынілася выдавецкая дзейнасьць Хадкевіча, які нядоўга жыў пасьля зруйнаваньня сваіх політычных плянаў, хаця-ж у прадмове да Псалтыру яшчэ адчуваліся бадзёрыя ноткі і напісаны былі паказальныя словы: “Я такоже и вперед працы и накладу моего жаловати не буду и другия книги, церквам и людем божиим, во Христа верующим, потребныя, друковати дам ...”

Выдатным прадстаўніком беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня зьяўляецца і сам вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст. Добра адукаваны, Жыгімонт-Аўгуст любіў кнігу і сабраў вялікую бібліотэку, якую перадаў у езуіцкую калегію ў Вільні. Жыгімонт-Аўгуст праз некаторы час знаходзіўся пад уплывам протэстанцтва, меў шырокія і вольныя пагляды, спрыяў спачатку нацыянальна-політычным імкненьням беларускага магнацтва, як гэта паказаў яго нядоўгі шлюб з Бар-