Старонка:Беларускі тэатр.PDF/17

Гэта старонка была вычытаная

Князявы і баярскія піры заўсёды ажыўляліся прысутнасьцю скамарохаў, а асабліва піры вясельныя. Але ня толькі на банкетах і вясельлях, ня толькі ў князевых палатах, у баярскіх харомах і ў прыватных дамох скамарохі паказвалі сваё мастацтва, - яны зьяўляліся на вуліцах, на пляцах, на палёх, гуляючы ў нядзелі ды іншыя сьвяточныя дні сваі "прадстаўленьні" дзеля разьвесяленьня народу. Калі на банкетах і вясельлях скамарохі былі галоўнымі пачынальнікамі песьняў і скокаў, дык тым балей сярод шматлюднага народнага натоўпу яны сваей вясёласьцю, гульнёй, песьнямі ды скокамі, ня толькі весялілі народ, але й уцягвалі яго самога ў сваю гульню: песьні, скокі, сьмех, плясканьне рукамі, наогул бязьмежная вясёласць і разгульле народу - усё гэта зьлівалася ў адзін шумны абраз, у якім набожныя піонэры хрысьціянства бачылі астаткі ненавіснага для іх паганства, называючы народныя йгрышчы "чартоўскімі", "паганскай службай" і г. п.

Але народ любіў весяліцца. Песьня кажа:

За тры капы селезьня прадала,
А за капу дударыка наняла.