Старонка:Беларускі тэатр.PDF/32

Старонка праверана

Сюжэт камэдыі бываў выдумляны або браўся са сьвятой гісторыі, легэндаў, жыцьця сьвятых, або гісторыі сьвецкай (галоўным чынам грэцкай або рымскай). Гэткім чынам школьная драма часта мела многа супольнага з даўнішнімі містэрыямі.

Характэрнай ад’знакай усіх гэтых п’ес быў значны лік выступаўшых асоб, што не давала аўтору магчымасьці акуратнай характэрыстыкі і было перашкодай у мастацкай композіцыі. Але няма што казаць аб мастацтве ў школьнай драме. Калі часам і здарыцца якая сьмялейшая спроба, мастацкі парыў, дык яны расплываюцца ў шэрым моры бяздарнасьці. Але гэты тэатр (як мы ўжо казалі) быў выкліканы да жыцьця чыста практычнымі мэтамі. Тут ішло аб тое, каб усе вучні былі ў п’есе заняты, і, чым больш іх было ў даннай кольлегіі, тым балей дзеячых асоб было ў пісаўшыхся для іх п’есах. Былі п’есы, ў якіх лік асоб даходзіў да 200, а часам навет і балей.

Самая п’еса пісалася на лацінскай мове, іншыя-жа часткі яе — пролёгі, хоры, эпілёгі — на мове народнай. Апрача таго на народнай мове пісаліся інтэрмэдыі або інтэрлюдыі.