Старонка:Беларускі тэатр.PDF/47

Гэта старонка была вычытаная

У гэтым родзе дыялёг вядзецца далей. Урэшце вучань хоча адтрымаць за сваю навуку ўмоўлены talar bity. "Не, галубчык, - адказвае мужык, - сам ведаеш, што глупы даець, а мудры бярэць, а я цяпер набраўся розуму з твае навукі й ня дам табе ні шэлега"...

Гэтая сцэнка магла мець вялікі пасьпех сярод слухачоў-вучняў і вызываць сьмех. Для нас цікаўна характэрыстыка мужыка, які на першы пагляд здаецца дурны й праставаты, ён не разумее самых простых рэчаў, сказаных у чужой для яго мове (папольску, палацінску), але мае сваю "мужыцкую хітрасьць", з якой дае сабе раду вучонаму студэнту і навет ашуквае яго. Нязвычайна для эпохі тая нітка спачуцьця мужыцкай бядзе, якая час ад часу прабіваецца праз дыялёг. Гэтак аўтар у рэпліках селяніна кажа аб дзетках, якія "ў хаце зубамі звоняць" (з голаду або холаду), аб тым, што "гароху й асьмінкі нету", што апошняе цялятка здохла, што "добра, каб сьвітка была на хрыбце", што "карбоны вытрасьлі вураднікі".

У інтэрмэдыі Colonus et studiosus fugitivus селянін выходзіць на рынак: