Старонка:Востраў скарбаў.pdf/118

Старонка праверана

яшчэ непахаваны, адубелы, ляжаў каля сцяны, накрыты брытанскім сцягам.

Калі-б нам дазволілі сядзець паклаўшы рукі, у нас хутка заняпаў-бы настрой. Але капітан Смолет умеў знайсці работу для ўсіх. Ён выклікаў нас да сябе і падзяліў на дзве вахты. У адну ўвайшлі доктар, Грэй і я, у другую — сквайр, Гэнтэр і Джойс. За дзень мы вельмі стаміліся, але тым не менш капітан двух паслаў у лес па дровы, а двум загадаў капаць магілу для Рэдрэта. Доктар зрабіўся поварам, мяне паставілі вартавым каля дзвярэй, а сам капітан пахаджваў ад аднаго да другога, усіх падбадзёрваючы і ўсім дапамагаючы.

Час ад часу доктар падыходзіў да дзвярэй падыхаць чыстым паветрам і даць адпачыць пачырванеўшым ад дыму вачам і перакідваўся са мной двума-трыма словамі.

— Гэты Смолет, — сказаў ён мне неяк, — значна лепшы чым я. Калі ўжо гэта я сам прызнаў, значыць, так яно і ёсць, Джым.

У другі раз ён спачатку памаўчаў, потым павярнуў галаву і ўважліва паглядзеў мне ў твар.

— На гэтага Бена Гана можна пакладацца? — спытаў ён.

— Не ведаю, сэр, — адказаў я. — Я не зусім упэўнены, што яго галава ў парадку.

— Значыць, не ў парадку, — сказаў доктар. — Калі чалавек тры гады грыз пазногці на незаселеным востраве, Джым, галава ў яго не можа быць у такім-жа парадку, як у цябе ці ў мяне. Так ужо пабудаваны людзі. Ты, кажаш, ён марыць аб сыру?

— Так, сзр, — адказаў я.

— Добра, Джым, — сказаў ён. — Паглядзі, як карысна быць ласуном. Ты, напэўна, бачыў маю табакерку, але ні разу не бачыў, каб я нюхаў з яе табаку. У мяне ў табакерцы ляжыць не табака, а кавалачак пармязану — італьянскага сыру, вельмі спажыўнага. Гэты сыр мы аддадзім Бену Гану!

Перад вячэрай мы закапалі старога Тома ў пясок. Пасля пастаялі крыху над магілай з непрыкрытымі галовамі.