нёю ў чатыры паверхі. Другі паверх выступаў на вуліцу больш за першы, трэці і чацверты яшчэ больш за другі; увесь дом, са сваёй старой разьбой, двума тоўстымі слупамі ўнізе, вострым чарапічным дахам і працягнутым у выглядзе дзюбы калаўротам на чардаку, здаваўся вялізнай, згорбленай птушкай.
— Ася! — крыкнуў Гагін: — ты тут?
Асветленае акно ў трэцім паверсе стукнула і адчынілася, і мы ўбачылі цёмную галоўку Асі. З-за яе выглядаў бяззубы і падслепаваты твар старой немкі.
— Я тут, — прагаварыла Ася, какетліва абапёршыся локцямі на падаконнік: — мне тут добра. На табе, вазьмі, — дадала яна, кідаючы Гагіну галінку герані: — уяві, што я дама твайго сэрца.
Фрау Луізе засмяялася.
— Н. ідзе дадому, — запярэчыў Гагін: — ён хоча з табой развітацца.
— Няўжо? — прагаварыла Ася: — у такім выпадку, дай яму маю галінку, а я зараз вярнуся.
Яна зачыніла акно, і, здаецца пацалавала фрау Луізе. Гагін працягнуў мне моўчкі галінку. Я моўчкі паклаў яе ў кішэню, дайшоў да перавоза і пераправіўся на другі бок.
Памятаю я ішоў дадому, як раптам мяне здзівіў моцны, знаёмы, але ў Германіі рэдкі пах. Я спыніўся і ўбачыў каля дарогі невялікі загончык канапель. Іх стэпавы пах умомант напомніў мне радзіму і прабудзіў у душы маёй страшэнны смутак аб ёй. Мне захацелася дыхаць рускім паветрам, хадзіць па рускай зямлі. «Што я тут раблю, чаго я цягаюся ў чужой старане, паміж чужымі?» — усклікнуў я, і жудасны цяжар, які я адчуваў на сэрцы, выліўся раптам у горкае і пякучае хваляванне. Я прышоў дадому зусім у іншым настроі, чым учора. Я адчуваў сябе амаль раззлаваным і доўга не мог супакоіцца. Незразумелая мне самому дакука разбірала мяне. Нарэшце, я сеў і, успомніўшы пра сваю каварную ўдаву (афіцыяльным успамінам пра гэту даму заключаўся кожны мой дзень), дастаў адну з яе запісак. Але я нават не раскрыў яе; думкі мае адразу прынялі іншы напрамак. Я пачаў думаць… думаць пра Асю. Мне прышло ў галаву, што Гагін, на працягу размовы, намякнуў мне на нейкія цяжкасці, што перашкаджаюць яго звароту ў Расію… «Не падобна, каб яна была сястрой яго?» — прагаварыў я ўголас.
Я раздзеўся, лёг і стараўся заснуць; але праз гадзіну пасля гэтага я зноў сядзеў у пасцелі, абапершыся локцем на